З 12 па 16 лістапада ў Гомелі праходзіў IV Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў на народных інструментах «Залатая ліра Палесся».
У склад журы, якое вызначала дыпламантаў, у гэтым годзе ўвайшлі вядучыя педагогі і музыкі Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Польшчы.
З кожным годам конкурс, ініцыяваны артыстамі ансамбля Гомельскай абласной філармоніі «Лірыца» на чале з каардынатарам і кіраўніком Андрэем Сочневым, набірае ўсё большую папулярнасць. Конкурс ставіць перад сабой мэту спрыяць развіццю народна-інструментальнай культуры, захаванню традыцый выканальніцтва на народных інструментах, выяўленню і падтрымцы найбольш таленавітых дзяцей і маладых выканаўцаў.
У гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі 200 чалавек. Канкурсанты прыехалі з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы. На суд аўтарытэтнага журы былі прадстаўлены музычныя нумары ў самым розным выкананні. Удзельнікі дэманстравалі сваё майстэрства, іграючы на баяне, акардэоне, гармоніку, бандуры, домры, цымбалах, банджа, кокле і гуслях.
На прэс-канферэнцыі гаварылі аб конкурсе, творчасці і народнай музыцы прадстаўнікі журы. Сярод іх – Народны артыст Расіі, прафесар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Вячаслаў Сямёнаў, заслужаны артыст Украіны, прафесар Нацыянальнай музычнай акадэміі Украіны імя П. І. Чайкоўскага Павел Фенюк, прафесар акадэміі музыкі імя Гражыны і Кейстута Бацэвічаў Збігнеў Ігначэўскі і лаўрэат міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў Павел Уханаў.
Па словах Вячаслава Сямёнава, у кожным рэгіёне ёсць нешта цікавае, звязанае з мастацтвам. Кожнай краіне ёсць, што паказаць. І ў гэтым сэнсе народная музыка – лепшы спосаб заявіць свету аб сваёй самабытнасці, паказаць свой талент. Сёння народная музыка зноў стала запатрабаванай і актуальнай. Сучасны свет дыктуе свае ўмовы. Народная музыка змяняецца, спалучаючыся з найноўшымі тэхналогіямі, здабывае зусім іншае гучанне. Беларусь мае шмат арыгінальных музычных традыцый. Музыкі граюць і на інтэрнацыянальных, і на нацыянальных інструментах.
Збігнеў Ігначэўскі адзначыў, што ў Польшчы няма нацыянальных інструментаў. Там усе народныя музычныя інструменты называюць класічнымі. Ён таксама выказаў меркаванне, што музыкі ў Беларусі і Польшчы аднолькава прафесійныя, розныя толькі стыль выканання і ўпадабанні ў музыцы.
Павел Уханаў, у сваю чаргу, казаў пра тое, што ў Беларусі сталі вырабляць свае інструменты, у прыватнасці, гармонік. І гэта, лічыць расійскі гарманіст, вельмі добрая тэндэнцыя, бо гаворыць аб развіцці музычнай сферы і зацікаўленасці беларусаў у сваёй культуры.
Усе члены журы сышліся ў меркаванні, што Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў на народных інструментах «Залатая ліра Палесся» стаў ужо добрай традыцыяй і дапаможа з часам прыцягнуць яшчэ больш удзельнікаў не толькі з краін СНД і блізкага замежжа, але і заваяваць сусветную сцэну. Сёння асабліва важна для ўсіх народаў захоўваць, развіваць і падтрымліваць нацыянальную культуру, бо музыка – універсальная мова, якую разумеюць усе, а музыкі – людзі, якія аб’ядноўваюць свет.
Наталля Мбакпуа, newsgomel.by