Паўзабыты намі князь Тройдзень мог бы быць нябесным апекуном тутэйшай старой антрапаніміі, распавядае сайт svajksta.by.
Князь Тройдзень. Пач. мінулага стагоддзя. Коўна
З каго пайшла дыярхія
Адна з найцікавейшых з’яў у гісторыі Вялікалітоўскага княства, калі яно яшчэ не было афіліяванае з Польшчай, — дыярхія, дваеўладдзе. На працягу менш-больш ста пяцідзесяці гадоў, адразу пасля Міндоўга, тою раннелітоўскаю дзяржаваю — з меншай ці большай верагоднасцю і інтэнсіўнасцю — кіравалі па двое ўладароў. Першым гэта адзначыў літоўскі гісторык Нікжэнтайціс, а з даўнейшай міфалагемай Боскіх блізнятаў звязаў рэліязнаявец Бераснявічус.
Скончылася тая чарада дыярхій тады, калі спачылі Вітаўт і Ягайла, адзін за другім, — такім чынам, калі адну з паловаў той дыярхічнасці вынеслі прэч з вялікалітоўскай прасторы. А вось пачыналася ўсё, як можам меркаваць з аповедаў гісторыкаў, з братоў Буцігейда і Буцівіда. Больш за тое — перагук іх імёнаў якраз і мог быць тым нябачным штуршком, што спарадзіў тую прыгожую традыцыю.
Як браты яны згадваюцца ў Іпаццеўскім летапісе ў сувязі з падзеямі вясны 1289-га [згодна з чужым злічэннем гадоў] — «Боудикидъ и братъ его Боудивидъ». Ужо ў лацінамоўным запісе, зробленым праз паўтара гады пасля таго, імя першага з іх фігуруе ў большай адпаведнасці са старалітоўскім гучаннем: «Butegeyde». Імені другога брата пашанцавала менш — яшчэ праз год імя Будзівіда ў Хроніцы Пятра з Дусбурга зафіксавана зусім перакручаным, «Pucuwerus» або «Putuwetus».
Што ў гэтых двух братавых імёнах зусім прыкметнага, дык гэта перагук адной і той жа асновы, Буці-гейд і Буці-від, — у сувязі з літоўскім būti «быць» і butas «жытло», прускім buvint «жыць».
І гэта вельмі старая традыцыя, звязаная са змацаваннем родавых сувязяў («падтрымліваць родавую цэльнасць і стабільнасць», — кажа сучасны даследчык): у межах роду надавалі двухасноўныя імёны, якія так ці інакш паміж сабой перагукаліся — алітэрацыйна ці праз адну супольную аснову.
Прыкметна, што гэтая традыцыя і ў германцаў, і ў старарускім княскім асяроддзі прыпыняецца менш-больш у ХІ стагоддзі [згодна з чужым злічэннем гадоў]. Тады як у старалітоўскім княскім асяроддзі сутыкаемся з гэтым яшчэ праз два стагоддзі. Больш за тое, калі абапірацца на звесткі Перапісу войска ВКЛ 1528 г. [згодна з чужым злічэннем гадоў], дык гэтую традыцыю бачым жывой ажно праз паўтысячагоддзе пасля таго, як у іншых народах яна была даўно забытая («Кгедкговдъ Минкавдайтисъ», Гедзігоўд Мінігоўдавіч, і інш.).
Каштоўнасць іменнай сітуацыі братоў Буцігейда і Буцівіда якраз у тым, што са звестак таго Перапісу відаць перагук у імёнах бацькі-сына, а пра перагук у імёнах братоў можна хіба здагадвацца (напрыклад, згаданыя там сама разам эйшышскія «Оръвид а Сирвид», або вычапленыя з тапаніміі паміж Браславам і Мёрамі Лінтар, Яўтар, Сутар).
Тройдзень і яго спадчына
Вядома, тут увагу мусім скіраваць на іх бацьку, які і выступіў анаматэтам — імядаўцам. Дзеля таго што князі Буцігейд і Буцівід уладарылі пасля Тройдзеня, дык гісторыкі збольшага згаджаюцца, што зусім верагодна яны мелі быць Тройдзеневы сыны.
Увогуле, той Тройдзень, калі пільней паўзірацца, і сапраўды пакінуў якісь даволі выразны «іменны» шлейф пасля сябе. Безумоўна варта прыкметы ўжо хоць бы тое, што адзіная жанчына з усёй тутэйшай тагачаснай старыны, чыё высакароднае двухасноўнае імя захавалася праз вякі, — гэта Тройдзенева дачка Гаўдзіманта.
Менавіта гэты адзінкавы выпадак паказвае, што такімі імёнамі называлі і жанчын (якраз адсюль цяперашнія літоўскія жаночыя імёны кшталту Vytautė ці Radvylė, якія для нас гучаць зусім ашаламляльна — «Вітаўта», «Радзівіла»).
Але нядосыць таго. Тая Гаўдзіманта выйшла замуж за князя Баляслава ІІ Мазавецкага, і аднаго са сваіх сыноў яны назвалі Тройдзенем. Здаецца, гэта ня менш унікальны выпадак — калі старалітоўскае імя прафігуроўвае ў адрыве ад прыроднай яму прасторы. Тройдзень-старэйшы і сапраўды, відаць, меў нетрывіяльныя адносіны са сферай іменнага.
Калі б тут мелі традыцыю сваіх, а не прынесеных, «святых», дык менавіта Тройдзень найбольш відавочна прэтэндаваў бы апекавацца пытаннямі імянадання — да яго мелі б апеляваць у справах вяртання і пашырэння тутэйшага старабалцкага антрапанімікону.
Дарэчы, нельга сказаць, што імя Тройдзеня сёння зусім забытае. Згодна са звесткамі «Зводу імёнаў грамадзянаў Літоўскай Рэспублікі», імя Traidenis у навейшыя часы надавалася тройчы (апошні раз — нават залетась). Для параўнання: Вітаўтамі (Vytautas) называлі 41 тыс. разоў, Віценямі (Vytenis) — 1,5 тыс.
Нарэшце, што значыць імя Тройдзеня? Было б недаравальна гэта абмінуць. Яшчэ ў 1980-м [згодна з чужым злічэннем гадоў] польскі лінгвіст Л. Бэднарчук у познаньскім філалагічным часопісе вывеў гэтае імя, праз балцкія прыклады, ад індаеўрапейскага кораня *ter-d— «прагрызаць, праціраць, прасвідроўваць» (адсюль, напрыклад, і «труд»). Імя ўрэшце нясе пасыл «старанны, працавіты, уедлівы».
Мінуўшчына, як бачым, яшчэ хавае нямала таго, што абмінае нашае вока, пазіраючы з-пад парадыгмальных шораў.