У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася часовая экспазіцыя «Космас — наш!», прысвечаная творчасці Язэпа Драздовіча, піша Алена Дзядзюля на сайце газеты «Звязда». На выставе можна ўбачыць маляванкі, карціны, рукапісы Драздовіча, фальклорныя сшыткі Якуба Коласа.
Гэта сумесны праект разам з Гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Заслаўе», дакладней, з яго Музеем маляванкі, якія прадставіў для выставы маляваныя дываны. З Заслаўя прыехаў і стары дзіцячы ложак. Як аказалася, невыпадкова, бо раней дываны называліся прыложкавымі.
Падчас адкрыцця выстаўкі некаторыя сакрэты гэтага боку творчасці аднаго з самых загадкавых мастакоў былі прыадкрыты наведвальнікам.
Супрацоўнікі Музея маляванкі расказалі, што падчас экспедыцый ім удалося сустракаць людзей, якія ведалі Драздовіча і сёе-тое пра яго распавялі. Вядома, што зранку мастак выходзіў у палі, лугі, адкуль вяртаўся з кветкамі, якія дарыў дзяўчатам. І хаця заняцца ўпрыгожваннем сялянскіх хат мастаку давялося дзеля таго, каб зарабіць сабе на хлеб ды сала, для яго гэта была яшчэ і магчымасць падзяліцца з вяскоўцамі сваімі ведамі пра космас.
Старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускай маляванкі Генадзь Сівохін і галоўны захавальнік фондаў музея Аляксандр Рак
Неба заўсёды вабіла Драздовіча, і яго незвычайныя касмічныя сюжэты арганізатары выстаўкі не пакінулі без увагі — у экспазіцыі пададзены рэпрадукцыі, створаны і спецыяльныя сферы з малюнкамі Драздовіча.
Размешчаны на выстаўцы і так званыя «касмавізіі», брашура «Нябесныя бегі», а таксама замалёўкі, дзённікі, дзённікавыя запісы, аўтабіяграфія да 50-годдзя. Дакументы прадастаўлены Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Вядома, што акрамя мастацтва, жадання разабрацца ў будове сусвету, Драздовіч займаўся і археалогіяй, цікавіўся фальклорам. У адной з вітрын размешчаны сабраныя ім прыказкі і прымаўкі, гэты дакумент таксама перадала навуковая бібліятэка, а ў коласаўскім музеі знайшлі паралель — фальклорны сшытак Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) з анекдотамі і легендамі.
Захаваўся ў фондах музея і ліст Язэпа Драздовіча да «высокапаважанага Грамадзяніна Беларусі, Прэзідэнта Акадэміі навук БССР» Якуба Коласа.
Мастак расказвае, што «напісаў навуковы твор па касмалогіі ці тэарэтычнай астраноміі» і што «зрабіў 20 адкрыццяў», якія не будзе раскрываць, пакуль яго «Тэорыя рухаў» не выйдзе ў свет, бо «трэба аўтарскімі правамі сваімі даражыць».
Хоць па канцоўцы ліста відаць: аўтар не асабліва разлічвае, што яго назіранні кагосьці зацікавяць: «Можа, для Акадэміі навук я і „не падходжу“... Адукацыя мая Гершалеўская. Астраном Гершаль (адкрыўца планеты Урана, падвойных зорак і інш.) быў музыкант, а я мастак».
Цікава і тое, што ў фондах коласаўскага музея аказалася апошняя карціна Драздовіча — «Гара Гараватка». Гэта быў адзін з яго любімых вобразаў на працягу 30 гадоў — яго можна сустрэць на многіх аркушах і карцінах.
Выстава ў музеі працуе да канца года.
Чытайце яшчэ:
«Не цвярдзі ніколі таго, чаго цвёрда, пэўна не ведаеш». Правілы жыцця Язэпа Драздовіча