13 кастрычніка споўнілася 136 гадоў з дня нараджэння Яэпа Драздовіча. Адзначаць свой дзень народзінаў як «асабістае свята сваё» мастак-візіянер асабліва магчымасці не меў. «Рад быў бы памянуць гэты дзень, да не маю з чым», — пісаў творца ў 1933 годзе. Зарабляў тым, што вандраваў па ваколіцах ды маляваў на замову дываны. Браў за працу няшмат. А пасля вайны, як успаміналі вяскоўцы, Драздовіч маляваў дываны амаль заўжды ўжо толькі за ежу.
Распавядаем пра няпросты жыццёвы шлях Язэпа Драздовіча — мастака, які на некалькі пакаленняў апярэдзіў свой час.
Аўтапартрэт Язэпа Драздовіча
Язэп Драздовіч прыйшоў у свет 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі ў Дзісенскім павеце — зараз Глыбоцкі раён. Цяпер на месцы засценка — ускраек Галубіцкай пушчы, слядоў жыцця і не знойдзеш. Што праўда, у кастрычніку 2018 года, напярэдадні 130-годдзя геніяльнага беларускага мастака, «нашага маленькага павятовага Леанарда да Вінчы» (паводле Пётры Сергіевіча), тут паставілі памятны знак.
Гаспадар засценка Нарцыз Драздовіч памёр рана, удава Юзэфа засталася з шасцю дзецьмі на руках, самы меншы — Язэп. Старэйшыя сыны працавалі на арандаванай зямлі, Язэпа выправілі на вучобу.
Спачатку Язэп вучыўся ў прыватнай настаўніцы, пасля — у Дзісенскай гімназіі, а з 1906-га па 1908 год ў Вільні ў мастацкай школе вядомага расійскага жывапісца Івана Трутнева.
Язэп Драздовіч з сям’ёй
Пачатак творчасці супадае з беларускім нацыянальным уздымам. Драздовіч стварае серыю графічных работ з краявідамі Дзісеншчыны і аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага «Нашай Нівай».
Але прызыў на службу ў расійскае войска, потым — Першая сусветная.
У 1917 годзе — першае вяртанне дадому. Жыў у сваякоў пад Германавічамі, дасылаў карэспандэнцыі ў «Нашу ніву», прапаноўваў дзеячам адраджэнскага руху арганізаваць беларускую акадэмію мастацтваў. А на Дзісеншчыне займаўся стварэннем народнай бібліятэкі і тэатру.
Германавічы, 1917
Потым — савецкі Менск, у якім праца пры Камісарыяце асветы БССР, мастаком-дэкаратарам у «Беларускай хатцы», у таварыстве «Заранка», у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супраца з выдавецтвамі.
Язэп Драздовіч. Мінск 1920
Падчас польскай акупацыі Менска супрацоўнічаў з Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і Беларускай вайсковай камісіяй, у часопісах «Беларускае жыццё» і «Рунь». У гэты час стварыў серыю ўнікальных малюнкаў Замчышча, Верхняга Рынка, Татарскага прадмесця. Займаўся археалагічнымі раскопкамі ў Заслаўі і Свіры.
Менск, на беразе Нямігі, Язэп Дарздовіч справа
У 20-х вяртаецца на Дзісеншчыну, якая засталася пад Польшчай. Мае статус кааператар. У 1921-м у вёсцы Сталіца (непадалёк ад Германавічаў) заснаваў беларускую школу, якую зачынілі праз тры месяцы польскія ўлады. Спрабуе сябе ў літаратуры: неапублікаваны гістарычнага раман пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча» з ілюстрацыямі, у 1923-м выходзіць аповесць «Вялікая шышка».
Драздовіч супрацоўнічае з Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча. Займаецца археалагічнымі раскопкамі, стварае серыю замалёвак, збірае фальклор. Аб’ездзіў усю Заходнюю Беларусь.
У 1924-1926 гадах выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе. Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны. У 1927-м заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі, два гады выкладаў маляванне ў Наваградскай беларускай гімназіі.
На пачатку 1930-х гадоў непрацяглы час працуе на Беласточчыне на запросіны ТБШ: афармляе спектаклі на аматарскай сцэне таварыства, удзельнічае ў працы кааператыўнага выдавецтва «Сяўба». Але ўсе гэтыя працы не даюць стабільнага заробку.
Вось што піша Драздовіч, напрыклад, пра беластоцкі перыяд: «Прастуда і недаедкі... Халоднае і да крайнасці сырое (з мокрымі сутарэннымі мураванымі сценамі) памяшканне, а побач з гэтым посніца і недаедкі зусім падарвалі маё здароўе... Ой, хоць бы хутчэй цяпло ды заробленыя грошы на дарогу, каб выехаць адгэтуль...»
У 30-х гадах Драздовіч захапляецца Космасам, ва ўсялякім разе, у 1931-м гэтае захапленне засведчана дакументальна: ён выдае ў Вільні на беларускай мове кнігу «Нябесныя бегі», у якой выкладае і свае тэорыі пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы, і вярчэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя рысункі аўтара. Пасля кнігі стварае тры серыі графікі і жывапісу «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».
Язэп Драздовіч. Сустрэча вясны на Сатурне, 1931 г.
Ізноў на Дзісеншчыне
Пасля насычанага, хоця фінансава ўсё таго ж небагатага, раздзелу свайго жыцця Драздовіч вяртаецца ў родныя мясціны. Жыве ў брата Канстанціна.
Пра матэрыяльны бок свайго жыцця піша якраз у дзень сваіх народзінаў у 1933 годзе:
«Рад быў бы памянуць гэты дзень, да не маю з чым. І ці прыйдзецца мне калі хоць бы раз ды адзначыць па-людску — як дзень нараджэння, як дзень асабістага свята майго? Беднасць...».
Тады ж і там жа запісвае правілы свайго жыцця:
• «I фанатыкі, і бязбожнікі — адной маткі дзеці, крайнасці... Няма жыцця ў крайнасцях...
• Нішто не жывець, не расцець у агні. Нішто не жывець, не расцець і ў марозе. Толькі між агнём і морозам усё жывець, усё расцець, усё цвіцець, развіваецца, красуецца.
• Не кажы, што я мудрэй ад усіх. Не кажы, што й дурней ад усіх...
• Не кажы, што я найсільнейшы, не кажы, што я й найслабейшы...
• Не кажы, што я самы шчаслівы, не кажы, што я й самы няшчасны...
• Не кажы, што я добры, не кажы і што я благі.
• Не будзь ні горак, ні салодак. Будзеш горак — праклянуць, а салодак — праглынуць.
• Згубіў — не смуціся, а знайшоў — не радуйся.
• Не хвалі і не гань.
• Не цвярдзі ніколі таго, чаго цвёрда, пэўна не ведаеш».
Тады ж пачынаецца перыяд вандровак меншага маштабу, чым навуковыя ў 20-я, — па ваколіцах, дзе ён малюе свае знакамітыя ў будучыні дываны.
Бярэ няшмат. Вось запіс каштарысаў: «Для Проньчыхі ў Галасуях 1 дыван — 4 злотых; для Ядзькі ў Лазовіках 1 дыван — за пяць аршын кужалю; для Эміліі Янцэвічанкі 1 дыван — за гасьцінства...». За грошы — толькі ўладальніцы фальварка ў Галасуях, даволі заможнай гаспадыні.
Каб разумець парадак коштаў і ганарар Драздовіча ў міжваеннай Рэчы Паспалітай: буханка хлеба ў сярэднім — 30 грошаў, кілаграм мукі — 45 грошаў, кілаграм свініны — каля 1,5 злотых, карова каштавала амаль паўтары сотні злотых.
Пасля вайны, як успаміналі вяскоўцы, Драздовіч маляваў дываны амаль заўжды ўжо толькі за ежу — кліентура агулам збяднела праз ліхалецце.
А ў 30-х у Драздовіча яшчэ была з’явілася, можна сказаць, рэзідэнцыя на радзіме. У Летніках — зніклая на сёння вёсачка на мяжы Залескай і Лужэцкай гмінаў — жыве сябра, вядомы тут беларускі дзяяч Ян Пачопка — паэт, празаік, фалькларыст, аграном.
Пачопка даваў прытулак двум сваім сябрам — Язэпу Драздовічу і паэту Міхасю Машары. Яны, што праўда, часам сварыліся на палітычнай глебе — Машара быў блізкі да камуністычных поглядаў, сядзеў на Лукішках, пасля 1939-га ўладкаваўся ў сістэму савецкай адукацыі і працягваў пісаць прозу і паэзію, цалкам адпаведную новай уладзе.
У хаце Пачопкі Драздовіч ладзіў у 30-х свае космалекцыі і вернісажы на гэтую ж тэму для тутэйшых людзей. Чым укараніў свой імідж дзівака — у вясковай хаце распавядае пра свае падарожжы на Сатурн, нейкія святы на іншых планетах. Дываны з гістарычнымі сюжэтамі, пейзажам ды рамантыкай аўдыторыю цікавілі больш, чым:
«З пятніцы на суботу я меў шчасце і яшчэ зрабіць адну калягадзінную вандровачку па Месяцы. Бачыў дзіўную краіну з серабрыстым дзённым небам... Бачыў шмат крутагорых у лясістых берагох вадападаў, цяснін, астравоў. Пралятаў скрозь залацістабазальтавы грот. Бачыў гарачакрынічныя вадамёты (фантаны). Бачыў чырвонаружовы астравок, увесь укрыты нейкімі празрыстымі крышталямі...»
Дыван «Далёкая краіна», 1933 г.
Ад 1935 года Драздовіч ужо не апісвае свае касмічные відзежы ў «Дзённіку». Пасля прыходу Саветаў уладкоўваецца настаўнікам у школу ў Глыбокім. Падчас вайны працягвае пісаць карціны. Вось, напрыклад, «трохаблічны аўтапартрэт» 1943 года, на якім творца паказаў, якім бачыць сябе сам: Драздовіч-мастак, які паліць люльку і трымае пэндзаль у руцэ; Драздовіч-гісторык з кнігай; Драздовіч-астраном з рукапісам з выявамі планет.
Язэп Драздовіч, «Космас», 1940-1943 гг.
Пасля вайны ізноў вандроўкі, нястача, падарванае здароўе.
Савецкія чыноўнікі творчасцю мастака не зацікавіліся. Драздовіч не быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.
Язэп Драздовіч, «Красналюдка», 1948 гг.
У сярэдзіне верасня 1954 года 65-гадовага мастака знаходзяць непрытомным на дарозе, 15 верасня ён памёр у бальніцы ў Падсвіллі.
Вяртанне імя
Імя Язэпа Драздовіча зноў атрымала шырокую вядомасць у Беларусі праз пісьменніка Арсеня Ліса, які ў 1984 годзе выдаў кнігу «Вечны вандроўнік», прысвечаную жыццю і творчасці Драздовіча.
У Траецкім прадмесці Мінска ўсталяваны помнік Язэпа Драздовіча аўтарства скульптара Ігара Голубева. У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім усталявалі бюст Язэпа Драздовіча на Алеі знакамітых землякоў. У 2018 годзе магіла Язэпа Драздовіча была ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У Глыбокім працуе Глыбоцкая дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча.
Язэп Драздовіч, «Пагоня», 1927 г.
Але і ў наш час творчасць Язэпа Драздовіча падвяргаецца цэнзуры. Так, карціна «Пагоня» (1927), якая з’яўляецца адной з найважнейшых прац мастака, не ўвайшла ў альбом, выдадзены ў 2012 годзе Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. Карціна не з’явілася і на выставе «Сусвет Язэпа Драздовіча», што праходзіла ў 2018 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі да 130-годдзя з дня нараджэння мастака.
Р. С., Budzma.org