Агенства рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” і Берасцейскае грамадскае аб’яднанне “Час зямлі” запрашаюць хлопцаў і дзяўчат 18-25 гадоў весела і карысна правесці час на інфармацыйна-адукацыйнай майстэрні ў сядзібе недалёка ад Берасця. У праграме знаёмства, трэнінгі, абмеркаванні ў хатняй атмасферы Дома Еўрапейскіх сустрэч.
Арганізатары запрашаюць да ўдзелу маладых, актыўных людзей, якія жадаюць стаць валанцёрамі ў сферы культуры або экалогіі. Удзельнікі пазнаёмяцца з арганізацыямі “Дзедзіч” і “Час зямлі”, даведаюцца аб іх дзейнасці і бліжэйшых планах. Пазнаёмяцца з асноўнымі прынцыпамі валанцёрства і тымі “плюшкамі”, якія можна за гэта атрымаць.
Удзельнікі тут не толькі выдатна і інтэлектуальна правядуць 4 дні на прыродзе, але і набудуць новых сяброў, навучацца эфектыўнаму ўзаемадзеянню, разаўюць карысныя для будучай кар’еры навыкі.
“Валанцёрскія арганізацыі павінны не толькі карыстацца дапамогай валанцёраў, але мусяць развіваць іх патэнцыял, спрыяць прафесійнаму і асабістаму росту актывістаў, – кажа дырэктар Агенцтва рэгіянальнага развіцця Дзмітрый Шыманскі. – Канкрэтна падчас гэтай майстэрні мы перададзім валанцёрам арганізацыйныя навыкі, якія дапамогуць ім самастойна праводзіць акцыі і публічныя мерапрыемствы ў галіне культуры або экалогіі. Фактычна гэта мэнеджэрскія навыкі, якія спатрэбяцца ўдзельнікам і ў валанцёрскай працы, і ў кар’ерным росце”.
Да ўдзелу запрашаюцца жыхары Берасця ўзростам ад 18 да 25 гадоў, якія цікавяцца тэматыкай экалогіі або культуры, разумеюць беларускую мову. Адбор удзельнікаў будзе ажыццяўляцца на падставе дасланых анкет-заявак
Каманда мары. Арганізатары раскажуць, як стварыць валанцерскую каманду і далучаць да яе новых людзей.
Ствары свой праект. Маеш шмат ідэй, але не ведаеш, як іх рэалізаваць? Трэнеры пакажуць, як стварыць крутыя праекты для Берасця ў камандзе: вызначыць праблему, сфармуляваць мэты і задачы, запланаваць дзейнасць і арганізаваць кампанію ці акцыю.
Уводзіны ў SMM-тэхналогіі. Эксперты распавядуць, як можна прапіярыць ініцыятыву з дапамогай гарадскіх медыя і сацыяльных сетак, каб пра вашу дзейнасць даведаліся іншыя.
Коуч-майстэрня за горадам. Арганізатары забяспечваюць цікавую творчую кампанію, сяброўскую атмасферу і незабыўны адпачынак у Доме еўрапейскіх сустрэч у маляўнічай вёсцы Залессе.
Дзе: Дом Еўрапейскіх сустрэч у в. Залессе Камянецкага раёна.
Калі: 7-10 верасня. Выезд 7 верасня ў 17-00, вяртанне 10 верасня ў 15-00.
Кошт: бясплатна; харчаванне і праезд аплочваюць арганізатары.
Умовы пражывання: летнік на тэрыторыі сядзібы «Дом еўрапейскіх сустрэч»; трохразовае харчаванне, душавыя і ванныя пакоі, начлег у 4-хмесных пакоях на спальніках.
Калі жадаеш стаць валанцёрам і цікавішся экалогіяй і культурай, – запаўняй заяўку да 3-га верасня. 4-га верасня з удзельнікамі, якія пройдуць конкурсны адбор, звяжуцца арганізатары і паведамяць усе дэталі. Колькасць месцаў абмежавана, паспяшайцеся! Усяго для ўдзелу ў “Майстэрні” будзе адабрана 15 чалавек.
Арганізатары летніка пакрываюць ўсе выдаткі: праезд з Берасця, харчаванне і пражыванне ў доме.