Кожны зможа стаць Скарынам пасля фестывалю bе2gether!

Неверагодныя майстар-класы на фестывалі bе2gether будзе ладзіць грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» 25–27 чэрвеня.

b2g-afisha-new_01

Ідэя сёлетняга фестывалю — супастаўленне аўтэнтычнай культуры з сучаснымі тэндэнцыямі. Мы пакажам глыбока архаічнае, неадаптаванае мастацтва і аб’яднаем яго з самым актуальным у творчасці маладых беларусаў. Мы свядома пазбягаем любых рэканструкцый і інтэрпрэтацый. У нас вы ўбачыце людзей, якія «жывуць» культуру, а не гуляюць у яе.

Сучаснага мастацтва не існуе без кіно і тэатра. У праграму ўвойдуць:

– відэа-інсталяцыя: праект фатографа Андрэя Лянкевіча «Беларускае паганства» ў музычным суправаджэнні самага вядомага мінскага ды-джэя Laurel;

DJ Laurel (Лаўр Бержанін) — адзін з самых паспяховых прадстаўнікоў клубнай культуры Беларусі. Лаўр унікальны не толькі тым, што практычна адзіны з прадстаўнікоў беларускіх ды-джэяў гастралюе па лепшых клубах Еўропы, ЗША, але і тым, што не забываецца пра Беларусь і імкнецца развіваць клубную культуру ў сваёй краіне.

Ужо некалькі гадоў музыка актыўна гастралюе па свеце і прывозіць у Мінск найзнакаміцейшых ды-джэяў Заходняй Еўропы, якія выступаюць у Мінску толькі дзякуючы своеасаблівай культурнай місіі Лаўра.

– нон-стоп паказ альтэрнатыўных кароткіх фільмаў, відэафільм пра тур літоўскіх гуртоў Migloko, Suiside Djs у Беларусь, відэа-часопіс «Літоўская праўда». Галоўны мэсэдж фільму: што ж ведаюць пра Беларусь маладыя літоўцы і што ведаюць пра Літву маладыя беларусы;

– флэш-анімацыя пра аўтэнтычныя святы.

Тэатр «Кампанія» прапануе гледачам інтэрактыўнае прадстаўленне аднаго з архаічных абрадаў у сучасным выкананні. Сапраўды, кожны зможа пасля гэтага стаць Скарынам! Гледачам будзе прапанавана паўдзельнічаць разам з майстрамі ў вырабе паперы, як гэта рабілася стагоддзі таму.

І гэта толькі адно з унікальных мерапрыемстваў, якія маюць адбыцца.

У межах фестывалю пройдуць такія майстар-класы, як выраб сакральных лялек, пляценне з чаротавага трыснягу, выраб паперы, архаічныя народныя гульні, арыгінальны бодзі-арт і шмат іншага.

Не прапусціце магчымасць аб’яднаць у сабе гісторыю і сучаснасць!

Будзьма беларусамі! Будзьма разам!

Тэгі: