“Краіна”: Налібоцкая пушча — і найлепшая паездка для мінчукоў

31.07.2015 Краіна

https://budzma.org/wp-content/gallery/kraina08/r-25.jpg

Дастаткова паразмаўляўшы з ракаўскімі арыстакратамі, сумесны праект часопіса “Большой”, auto.tut.by і кампаніі “Будзьма беларусамі!” сыходзіць у Налібоцкую пушчу, лясны масіў за Івянцом. Там знікае інтэрнэт, мабільная сувязь — роўна як і жаданне ўдзельнікаў “Краіны” вяртацца ў гарады.

https://budzma.org/wp-content/gallery/kraina08/r-6.jpg

Вялікая зялёная пляма на мапе Беларусі паміж Івянцом, Валожынам і ракой Нёман — гэта Налібоцкая пушча, адна з самых глухіх мясцін Беларусі і адна з самых цікавых для мінчан. Цікавых, таму што за гадзіну язды ад Мінска ты можаш не тое што схавацца, знікнуць і растварыцца ў вялікім лесе. Тэлефон у пушчы працуе праз раз, лясныя сцежкі ёсць не ўсюды: падчас вайны тут хавалася больш за 20 тысяч чалавек, немцы маглі толькі заблакаваць гэтую тэрыторыю, але кантраляваць так і не змаглі.

Шмат тысяч гектараў глухога лесу, балота, возера, ракі. Падчас вайны тут была незлічоная колькасць партызанскіх атрадаў: савецкіх, Арміі Краёвай, проста дыверсантаў. Быў нават габрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх: пра яго Галівуд зняў фільм “Выклік” з Дэніэлам Крэйгам у галоўнай ролі. Запампуйце, паглядзіце. І — гэты лес да гэтага часу вялікі…

Нібы партызаны, схаваўшыся ад людскіх вачэй, разбіваем лагер і мы: з наборам з прычэпа-дачы, матацыкла, ровараў і ўседарожніка ў пушчы аўтаномна можна пражыць усё лета. Ад “базы” будзем рабіць вылазкі на матацыкле і роварах, такі ж план рэкамендуем усім турыстам.

З усіх азёр у пушчы “Краіна” максімальна рэкамендуе Сябрыньскія азёры: тут мы правялі выдатныя чатыры дні, але аповед цяпер не пра гэта, а пра нашу мотавылазку па пушчы.

Івянец, запраўляем поўны бак на “Беларуснафце”, заадно пакідаем параду праекту “BelarusN”: раздрукуйце маршруты, выкарыстоўваючы ваенныя карты, бо на звычайных атласах бачныя далёка не ўсе дарожкі пушчы, без раздрукоўкі можна заблудзіцца.

Мільгае івянецкі касцёл, нібы жадаючы ехаць з намі, махае рукой Ісус, Божа, не дай нам згінуць у пушчы, мы імчымся ў “зялёнае пекла” — так называлі пушчу немцы.

Калі ёсць недзе рай для эндурыста ў Беларусі, то гэта пушча. У ёй ёсць усё: і лужыны, і гравійкі, і закінутыя сцяжынкі, і кавалкі разбітага асфальту. Прычым калі паставіць задачу дабрацца ад Івянца да Любчы, гэта будзе не так ужо проста: некалькі гадзін не сустрэнеш ні адной жывой душы, размотваючы лабірынты лясных дарог. Глухія месцы, малалюдныя: усе вёскі сканцэнтраваныя з боку Дзяржынска і Стоўбцаў, а чым бліжэй да Іслачы і Валожынскага раёна, тым гусцейшы лес і ўжо сцежкі. Налібоцкая пушча — гэтакая Сванэція пад Мінскам, глухі куток амаль не кранутай прыроды. І — іншых людзей.

— Людзі ў пушчы адрозніваюцца, вядома — распавядае нам Васіль Уладзіміравіч Шакун, уладальнік сядзібы “Налібоцкія васількі”. — Кожны цябе ў дом пакліча, распытае, гарбатай напоіць. Добразычлівыя пушчанцы, амаль як горцы на Каўказе.

Яго версія супадае з нашай: людзі адрозніваюцца, і праўда, адкрытыя для размовы, у адрозненне ад тых жа палешукоў, з якімі мы кантактавалі нядаўна.

Пры ўсёй адкрытасці, мясцовыя тут амаль заўсёды былі “супраць усіх”.

Просты прыклад: у пушчы нарадзіўся і вырас Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі, бацькі яго былі буйнымі землеўладальнікамі. Горад Койданава ў яго гонар назвалі пасля паўстання беларусаў, якія заснавалі “Койданаўскую незалежную рэспубліку”, больш падрабязна прачытаць можна тут. Рэспубліка была супраць усіх, саветаў і палякаў, з пасылам: дайце проста нам спакойна жыць. Паўстанне задушылі, так Койданава стала Дзяржынскам.

А музей Дзяржынскага — вось ён, у пушчы. Рэлікт савецкай эпохі, са статуямі, карцінамі “Дзяржынскі ўцякае з сібірскай катаргі” і далей па спісе. Дзяржынскі ўцякае, а мы далей едзем.

Акрамя савецкіх помнікаў эпохі сталінізму трапляюцца ў пушчы і абломкі Рэчы Паспалітай.

Тутэйшыя месцы ніколі не выкарыстоўваліся пад ворныя землі: паспрабуй выкарчуй векавы лес. Выкарчуеш — а там пясок. Таму ў пушчы актыўна развіваліся рамёствы.

На фота рэшткі старых млыноў, іх які год спрабуюць аднавіць: млыноў шмат, а грошай мала. Разваліны сведчаць, што раней у пушчы кіпела жыццё: у ХІХ стагоддзі Налібоцкая пушча была канкурэнтам Урала, было шмат металургічных заводзікаў, была свая вузкакалейка, на хутарах кіпела жыццё. Працавала Налібоцкая шкляная гута, Свержанскі фаянсавы завод, керамічныя промыслы ў Ракаве і Івянцы.

У 2015 годзе, як заўсёды, “Левіяфан”: працы мала, на той, што ёсць, не плацяць — звычайная Беларусь, дзе добрая прырода, і больш, па словах мясцовых, нічога добрага няма.

Мільгае вёска Налібакі: тут таксама незалежнасць, тут таксама выступ “супраць усіх” падчас Другой сусветнай вайны, з Налібокамі жорстка разабраліся партызаны, немцы таксама ў спакоі не пакідалі.

Падчас карных аперацый фашысты зажыва спальвалі вёскі з жыхарамі, і далей ішлі: пушча так і не здалася падчас Другой сусветнай, немцы ніколі яе не кантралявалі.

Але цяпер мірны час, і мірны Налібоцкі атам: дзе-нідзе ў пушчы сустракаюцца плямы радыеактыўнасці, адбіліся ападкі 1986 года. Але акрамя радыеактыўнасці ёсць і сапраўдныя ралійныя допы. Напрыклад, ад Налібокаў да возера Кромань: гэтая дарожка даўно прыцягвае “субароідныя” гарачыя галовы, што для джыпераў, што для ралістаў, што для матацыклістаў-квадрацыклістаў, пушча з’яўляецца своеасаблівай Меккай.

Але па дарогах тут ездзіць можна, па-за дарогамі — нельга.

Чаму, расказвае і паказвае вучоны Вадзім Сідаровіч, чый домік туліцца ў пушчы: сярод лесу жыве навуковец Акадэміі навук, адзін з найлепшых у свеце спецыялістаў па ваўках. Ад інтэрв’ю адмаўляецца, наракае, што кнігу напісаць для навукоўцаў Вялікабрытаніі — гэта ён можа, а інтэрв’ю — не яго фармат. Кнігі піша тут жа, у пушчы, на англійскай мове. І — расстаўляе фотапасткі. Некалькімі фатаграфіямі падзяліўся з “Краінай”.

https://budzma.org/wp-content/gallery/kraina08/ek000345.jpg

Гэта не фотамантаж, гэта мядзведзь гуляе па Налібоцкай пушчы.

— Іх некалькі тут, нядаўна бачыў мядзведзіцу з двума медзведзянятамі…

https://budzma.org/wp-content/gallery/kraina08/img_0208new.jpg

— Рысь таксама водзіцца, шмат звера тут ёсць: барсукі, янотападобныя сабакі, зразумела, ваўкі.

З Вадзімам Сідаровічам ёсць пра што пагаварыць: кожны год ён пешшу і на машыне намотвае тысячы кіламетраў па пушчы ў пошуках ваўкоў і ваўчанят. І — усякае бывае.

https://budzma.org/wp-content/gallery/kraina08/3142.jpg

— Зімой зубра з балота цягнулі, праваліўся ў балота, ніяк не мог выбрацца. Да рагоў трос прывязалі, выцягнулі. Але калі трос здымалі, ён лесніка на рогі падняў, і давай таптаць…

Цяпер Вадзім Сідаровіч заняты распрацоўкай тураў для спецыялістаў, вось яго сайт, там усё напісана на англійскай мове. А мы заводзім матацыкл і далей едзем, пушчы шмат, мы адны.

Праносіць міма возера Кромань: максімальная глыбіня 35 метраў, сярэдняя 15 метраў, паводле падання ўсё як заўсёды, тут правалілася царква, звон часам чутны з вады.

Далей перасякаем Нёман, гістарычная праграма: разваліны замка ў Шчорсах. Калі раней ён стаяў зарослы быльнягом, цяпер вакол замка назіраюцца працы. Прынамсі, скошаная трава.

Наступны прыпынак, замак у Любчы. Чарговы Левіяфан: тут быў цывілізацыйны цэнтр, свая друкарня ў XVII стагоддзі, гэта як станцыя зарадкі аўтамабіляў Tesla ў наш час. Але ў наш час Любча ціха дажывае. У каментарах мне часта пішуць, што няма сэнсу ездзіць па Беларусі, маўляў, нічога няма і няма чаго глядзець.

Раскажыце гэта братам Пячынскім, якія некалькі гадоў запар аднаўляюць замак: шукаюць грошы, укладваюць свае. Браты ва ўзросце, замак, натуральна, да смерці хочуць аднавіць. Калі пашанцуе, паспеюць: будзе на ўскраіне пушчы добры турыстычны аб’ект.

Махаем рукой бацьку-Нёману, вяртаемся назад у пушчу: тое, што апісана вышэй, —  гатовы маршрут для аўтамабіліста-эндурыста. Зразумела, што рэстаранаў па дарозе не будзе, на дэсерт толькі велізарныя гізы і авадні, але гэта — найбліжэйшы велізарны лес ад Мінска.

Зноў ныраем у лес: хто шукае прыгод, прайдзіце маршрут “Любча-Сябрыньскія азёры” ўначы праз лес. Антон-фатограф толькі крактаў ззаду і ціха мацюкаўся ў лужынах, калі абвявала з галавы да ног.

Відаць, начная прагулка нас і раздзяліла: назаўтра Антон робіць велапрагулкі, вылазку па пушчы, а я рушыў па сваёй праграме.

— Праз пушчу праходзіць частка сусветнага веламаршрута “Дублін-Масква”, пушча — Мекка веласіпедыстаў — гэта словы ўсё таго ж Васіля Шакуна, аднаго з галоўных спецыялістаў пушчы.

Таму Антон і рвануў: калі не ў Дублін, то ў найбліжэйшую зямлянку.

Для ровара тут і праўда выдатныя месцы: лес без кустоў, светлы, дыхаецца лёгка. Такой пушча стала пасля меліярацыі: Савецкі Саюз Налібоцкую пушчу асушыў.

Хоць бабры вяртаюць ёй першародны забалочаны выгляд: усюды, па ўсёй пушчы ёсць “плямы” забалочаных бабрамі месцаў.

Таму дарога Антона ў нейкі момант пачала нагадваць участак трофі-рэйду, дзе не тое што на ровары, пешшу вельмі нялёгка. Для ахвочых не буксаваць, а ездзіць, кожны год праводзіцца веламарафон “Налібокі”: пагугліце, добры марафон.

Калі хто-небудзь хоча экстрыму, у пушчы яго шмат: у немцаў пагуляць, у партызан. Або проста зрабіць вылазку ў Вялікі Лес. На яго тэрыторыі падчас вайны было некалькі аэрадромаў, якія кантралявалі партызаны — уяўляеце маштаб лесу?

Я, пакуль Антон змагаўся з брудам, слухаў лекцыі пра налібоцкі самагон: ледзь не галоўная славутасць гэтай зямлі.

— Самагон тут заўсёды гналі… Чыстая пушчанская вада, добрае зерне, зацішныя месцы. Тут спецыялісты перадаюць сакрэт з пакалення ў пакаленне, шкада, цяпер пад забаронай самаробныя алкагольныя напоі.

Я вам так скажу: пушчанскі самагон — штука, мацнейшая за Фаўста Гётэ. Моцны, магутны брэнд, які трэба песціць, у мясцовых пакуль што атрымліваецца выдатны “Джоні Налібокер”. Дарэчы, у 1943 годзе байцы Арміі Краёвай наогул адбілі ў немцаў Івянец — забралі зброю, правіянт, 400 літраў алкаголю — і адступілі ў лес.

— Знікаюць “варшчыкі”, сыходзяць старыя рэцэпты, — скардзяцца старажылы на глухіх хутарах, таму дзяржаве варта неяк узаконіць некалькі налібоцкіх віскакурняў, такія культурныя каштоўнасці абавязкова трэба легалізаваць.

https://budzma.org/wp-content/gallery/kraina08/malofellini-8866.jpg

Не ўпэўнены, ці дадуць у “Альфа-Банку” крэдыт на самагонны апарат — але “Альфа-Экспрэс” можна аформіць за некалькі гадзін, не называючы мэтаў. Я б выдаткаваў грошы, акей, не на самагонны апарат, на хутар у пушчы. Гадзіна язды ад Мінска — прывабна гучыць.

Яшчэ з нерасказанага аб нашым наведванні Налібоцкай пушчы: тут можна ў Сталкера гуляць. Калі рухацца ад Сябрына жвіровымі дарогамі ў Івянец, па дарозе будуць два аб’екты.

Аб’ект першы: паляўнічая сядзіба Тышкевіча, тут усё як заўсёды: асколак старой цывілізацыі, была і фоталабараторыя і жывапіс-карціны, прыйшла вайна, усё спалена.

Другі аб’ект за два крокі ад паляўнічай сядзібы, для сапраўдных, буйных — закінуты санаторый “Лясное”. Я казаў Антону, што, пардон, мозг не налазіш — але ён усё роўна палез на самы верх, дзе флюгер у выглядзе бусла. Усе іржавае, трухлявае. Адважнае, мякка скажам, сэлфі, пашанцавала, што не пасмяротнае. Затое ў нас ёсць сферычная панарама, яна ніжэй – на яе можна націснуць і пакруціць – гэта наваколле і сядзіба Тышкевіча.

Санаторый “Лясное” да гэтага часу як жывы:  многае вынеслі, але ванны і соль для ваннаў засталіся, калі камусьці трэба зняць кліп, месца нядрэннае. А мы пакідаем пушчу: добры квадрат лесу, ёсць, што паглядзець.

Едзем далей па краіне. Сачыце за “Краінай“.

Тэкст: Зміцер Навіцкі
Фота і відэа: Антон Шаўковіч

 

Партнёры праекта:

Інфармацыйныя партнёры:

autotut1