Не так даўно ў выдавецтве “Кнігазбор” пабачыла свет кніга «Краіна Вымярэнія», у якой у займальнай і даступнай форме дзеткам распавядаецца пра адзінкі вымярэння. Мы вырашылі пагаварыць з яе аўтарам Алегам Грушэцкім пра тое, як яна стваралася і што яго натхніла на яе стварэнне.
— Распавядзіце, калі ласка, як з’явілася ідэя напісаць такую кнігу.
– Даводзіцца па працы часта бываць за мяжою, у прыватнасці ў суседняй Польшчы, дзе ў мяне шмат сяброў. І я заўсёды імкнуся знайсці час прайсціся па мясцовых кнігарнях, а таксама пагартаць кніжкі ў знаёмых. Звярнуў увагу, што ў Еўропе даўно існуе такога кшталту літаратура, якая заахвочвае дзяцей да навукі не ў сухой форме, як часцяком падаецца ў нас, а ў гульнявой, у тым выглядзе і тою моваю, якая цікавая і зразумелая менавіта дзіцяці. У мяне ў самога расце дачка, выхаванка беларускамоўнага садка, сёлета пайшла ў першы клас. І я добра ведаю, што на нашым рынку менавіта такой літаратуры на беларускай мове бракуе, і гэта вялікі недахоп. Таму паспрабаваў па меры магчымасці гэта прабел выправіць. Каб і іншым дзеткам можна было прышчапляць з маленства любоў да навукі і прагі да новых ведаў.
— Ці складанай была праца над кнігай? Бо распавесці дзеткам пра спосабы і адзінкі вымярэння цікавай мовай — задача нетрывіяльная.
– І так, і не. Бо было ад чаго адштурхоўвацца. Былі нейкія замалёўкі ў галаве, былі вызначаныя тэмы. Заставалася толькі падаць гэта ў цікавай форме і адаптаваць пад беларускіх дзетак. Таму ў кнізе і галоўныя героі — насельнікі беларускага лесу, і для лягчэйшага ўспрымання і разумення прыводзяцца тлумачэнні беларускімі прымаўкамі і прыказкамі.
— Да ўсяго кніга напісаная сакавітай беларускай мовай, мо распаведзяце, чым натхняліся падчас працы над ёй?
– Шчыра дзякую! Па-першае, натхняла любоў да дзяцей. Я сам бацька траіх дзяцей. Штовечар чытаем перад сном казкі, дома багатая бібліятэка на розных мовах. Але ж большасць кніг, вядома, на беларускай. Ды я і сам, зрэшты, не першы год пішу для дзетак. Любоў жа да мовы ў мяне з юнацкіх гадоў, з "Талакі", куды я трапіў яшчэ школьнікам. А на напісанне кнігі натхніла дачка, дакладней, яе дзіцячая прага да новых ведаў. Таму раю ўсім бацькам абавязкова чытаць кнігі сваім дзеткам, калі яны жадаюць, каб і іх дзеці цягнуліся да ведаў.
– Якія творчыя планы? Ці будзе працяг?
Шукайце кнігу «Краіна Вымярэнія» ў мінскіх кнігарнях, а таксама замаўляйце на knihi.by!