• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
14.12.2015 | У краіне

“Краіна”: залегчы на дно ў Лынтупах

З вамі фінальны выпуск праекта “Краіна”: праз хваробы экіпажа і іншыя праблемы ў канцы лета мы зрабілі вялікую паўзу — каб вынырнуць цяпер з фінальным рэпартажам. Не, яшчэ не памерла наша “Краіна”, напэўна будуць паездкі. Але ў гэтым сезоне — фінальная частка: аповед пра Лынтупы, ускраіну, памежную зону з Літвой.

Каб вы разумелі, край Блакітных азёр і ўсё, што побач з Лынтупамі, — глухая тэрыторыя, ускраіна нашай невялікай імперыі. Таму гэтыя месцы так добра захаваліся, прыкметаў цывілізацыі тут амаль няма. Затое ёсць прыгажосць у чыстым выглядзе: фармальна Блакітныя азёры адносяцца да Нарачанскага нацыянальнага парка, але розніца паміж імі — як паміж чорным і белым. Вакол Нарачанскіх азёр яблыку няма дзе ўпасці: санаторыі, адпачывальнікі, шчыльная забудова. Блакітныя азёры — мара аўтыста, можна браць заплечнік і адыходзіць ад людзей надоўга. Восенню і зімой тут рэдка сустрэнеш чалавека.

Спецыяльна для змучаных грамадствам “чалавекаў” на Блакітных азёрах зробленая экасцяжына. Я нават не ведаю, ці варта яе рэкламаваць: хараство гэтай сцежкі якраз у адсутнасці людзей. Напісана, што ўваход платны — эх, знайсці б яшчэ чалавека, якому трэба заплаціць. Няма нікога, “Сто гадоў адзіноты” трэба экранізаваць тут.

Возера Мёртвае, выгляд зверху. Прыгожа там, так ціха і спакойна — як у магіле. Але калі жарты ўбок, то возера і праўда не жыве: у вадзе занадта шмат мінералаў, таму з жывых на яго берагах толькі расіца — расліна, якая забівае насякомых.

Сцежка ля Блакітных азёр — адна з нямногіх талковых у Беларусі, па ёй сапраўды хадзіць прыемна. Ёсць месцы для адпачынку, шпацыруеш, спускаешся ў нізіны, падымаешся на пагоркі. Калі трохі інфармацыйна падкаваны, можна ўявіць велізарны ледавік, які поўз, варочаў камяні. Ледавік пакідаў яры, велізарныя ямы і пагоркі: так фармаваўся рэльеф ля Блакітных азёр. На відэароліку ніжэй — возера Глубля.

 

Сыходзячы з адзінокіх Блакітных азёр, наш табар не глядзіць у неба — ён глядзіць па баках, таму што позняй восенню гуляць па радзіме прыгожа.

Залітыя сонцам заінелыя палі — у такой задуменнай прыродзе кавалася ментальнасць і няспешнасць беларусаў.

Калі ёсць жаданне адзіноты і прыгажосці, атрад “Краіны” рэкамендуе наваколлі Блакітных азёр. Зрэшты, адзінота і прыгажосць пераследуюць і ў мясцовым мегаполісе, які носіць імя Лынтупы.

Тутэйшы касцёл стаіць як помнік часам, калі царква вакол сябе людзей гуртавала: цяпер у невялікіх гарадах людзі моляцца толькі на прадпрыемствы, што яшчэ жывыя. Галоўнае, каб была праца. Але ў Лынтупах працы няма.

— Мы нашае жыццё падзяляем выразна: да выбуху і пасля выбуху спіртзавода, — дзеляцца адчуваннямі мясцовыя жыхары. — Калі завод працаваў, нам здавалася, што так будзе заўсёды. Ходзіш на працу, жывеш, потым пенсія — і ўсё, спакойная старасць. Стабільнасць дакладна ў нас была. Але калі ў 2013 годзе спіртзавод выбухнуў — яго закрылі, і высветлілася, што мы нікому не патрэбныя. Няма ніякай упэўненасці ў заўтрашнім дні, за ўсё трэба змагацца самому.

Лынтупы могуць быць ілюстрацыяй дэпрэсіўнага беларускага горада, гэткім маленькім Дэтройтам. Цяпер шматлікія мясцовыя жыхары ездзяць на працу на АЭС: там, на “будоўлі стагоддзя”, добрыя заробкі. Ездзяць вахтавым метадам, зарабляюць грошы, кормяць сем’і, але наперадзе тупік. Тупіком заканчваецца ў Лынтупах чыгуначнае палатно, і такім жа тупіком выглядае будучыня аграгарадка.

— Вы напішыце, што, як толькі скончыцца будаўніцтва АЭС, у нас тут брацкая магіла будзе. Працы няма, нічога няма… Мы нашу мясцовасць называем “апендыцыт”: паглядзіце на карту — адусюль далёка. Да Літвы толькі блізка, але Літва цяпер замежжа. Таму паволі жыццё ў нас замірае. Мяркуйце самі: цяпер у 10 класе вучыцца ўсяго 6 дзяцей, і тое са скрыпам набралі.

Вароты спіртзавода: горадаўтваральнае прадпрыемства закрытае. Але лынтупчане з гонарам апавядаюць гісторыю пра тое, як захаваўся герб “Пагоня” на адной з труб.

— Яго ў пачатку 90-х павесілі і ўсё ніяк не могуць зняць. Каго з мясцовых працоўных ні папросяць — дык у людзей адразу то хвароба, то адгул, то проста вышыні баюся. Адзін з начальнікаў вельмі хацеў зняць, дык яму намякнулі, што не трэба. Ён і перастаў хацець.

Адчуванні ад Лынтупаў пакідаюць цікавую сумесь эканамічнай дэпрэсіі з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй.

На мясцовых могілках помнік невядомым салдатам, якія загінулі ў баях з бальшавікамі ў 1920 годзе. У іншых рэгіёнах гэтая тэма пад негалоснай забаронай. Але тут памежжа, свабоды меркаванняў больш.

Відэаролік вышэй — меркаванне жыхаркі памежных з Літвой тэрыторый пра стаўленне мясцовых жыхароў да ўладаў.

На прыгранічных тэрыторыях сам чорт нагу зломіць: літоўцы, беларусы, палякі, змешванне культур. У відэароліку — гутарка жыхарак вёскі Рымдзюны, недалёка ад АЭС, якая будуецца. Размаўляюць унутры вёскі ўвогуле на літоўскай мове. Таму і ў Рымдзюнах, і ў Лынтупах ніхто не дасць вам адназначнага адказу, чыя ўлада і чыя мова лепшая — галоўнае жывіце мірна.

На саміх могілках усе культуры рука аб руку: адна сям’я, але адзін помнік на польскай мове — другі на рускай. Усе ляжаць ціха. Так і ў Лынтупах: раней цывілізацыйныя пачуцці бушавалі — цяпер усё ціха і спакойна. Канчатковая станцыя. Тупік.

Катэгарычна не згодны з такой пастаноўкай пытання мясцовы гісторык, краязнаўца, паэт Аляксандр Горбуль.

— Лынтупы? Не, браткі, гэта ж цэнтр сусвету. Я па ўсім свеце паездзіў, а лепшага мястэчка не знайшоў…

У кожным горадзе павінен быць свой захавальнік культуры. І ў Лынтупах гэта Аляксандр Горбуль.

Мы едзем за горад, крочым па палях, Аляксандр расказвае пра незвычайныя паганскія камяні, пра тое, што мясцовасць вакол Лынтупаў магічная, нібы наваколлі Стоўнхэнджа, але я бачу толькі прыгожую прыроду — і некаторую эканамічную пустэчу.

Кожная прыгожая дарожка абавязкова ўпіраецца ў кінуты дом: што зробіш, час такі. Унутры мінскай кальцавой крызіс прыкметны толькі па чэку ў бары і вялікай напрузе ад парадку лічбаў. У той час як Лынтупы паміраюць: рэшткі насельніцтва сцякаюцца з вёсак у аграгарадок, а моладзь імкнецца з’ехаць. Адзінай аддушынай рэгіёна можа стаць турызм. Турызм можа быць выхадам, бо цікавасць да рэгіёна ёсць.

Наваколлі возера Балдук: яны нават сталі эпіцэнтрам скандалу з удзелам мясцовых жыхароў і праваслаўнай царквы.

Пустынныя берагі возера пачалі актыўна забудоўвацца: з боку нацпарка нельга, там ахоўная тэрыторыя. Але на другім беразе размешчаныя вёскі Войшкуны і Станчыкі, якраз у Станчыках будуецца царква. Хоць у тых месцах і без таго досыць навабуду.

Будаўнічая актыўнасць у Войшкунах і Станчыках зашкальвае, участкі з трухлявымі дамамі выстаўляюцца па цане 20-25 тысяч долараў — ля берагоў возера Балдук падрастае гэтакая Ніца. Тут не так густа і шчыльна ўсё заселена, як вакол Браслаўшчыны і Мядзельшчыны, таму людзі ахвотна інвестуюць у адзіноту і ціхую прыроду.

Старажылы, зразумела, не радыя.

— Апошнія некалькі гадоў у нас вельмі шумна стала. Машыны, будоўля вакол, нібы не ля нацпарка жывем, а побач з мінскай кальцавой… — наракае Ларыса Іванаўна Татарынава, але прызнае, што супраць сілы не пойдзеш. Асабліва калі гэта сіла грошай.

Але ў адрозненне ад абяцанняў зрабіць з Нарачы горад-сад, Блакітныя азёры самі, за кошт прыватнага капіталу, абрастаюць цікавымі турыстычнымі праектамі. Вёска Грумбіненты, агратурбаза “Блакітныя азёры” і домік яе ўладальніка з сонечнымі батарэямі, якія даражэйшыя за дом. І вакол Блакітных азёр з банкаўскай карткай “Альфа-банка” не прападзеш: ёсць варыянты вельмі прыстойнага адпачынку на прыродзе.

Еўропа. Ціхі, мілы куток: вакол Блакітных азёр узрушальная прырода. Чыстае, свежае паветра, якое можна піць. І калі зайсці ў Гугл, вакол Блакітных азёр знойдзецца нямала хатак у арэнду. Падобна да таго, гэта і будзе выхадам для рэгіёна.

Рамеснік Уладзімір Курыла і яго жонка, аграгарадок Лынтупы. Раней працавалі на спіртзаводзе, цяпер спрабуюць жыць разьбой па дрэве і рукамі мужа: калі забяспечыць рэгіёну крэдыты, падатковыя льготы, ёсць, вядома, шанец “перакаваць” мясцовых жыхароў на турызм.

Бо без лішняга пафасу: з прыродай лынтупчанам дакладна пашанцавала. Так, у эканоміцы праблемы, так, спіртзавод выбухнуў, так, жыць у гэтым рэгіёне нялёгка.

Затое прыгожа.

Гэтая дзіўная магія роднай краіны, якую і любіш, і ледзь цярпіш адначасова. Гэта і ёсць твая “Краіна”.

Нам было добра з табой, “Краіна”. За гэтыя некалькі месяцаў мы так і не змаглі аб’ехаць цябе ўсю. Але мы многае змаглі ўбачыць, перажыць. Па гэтай спасылцы — папярэднія артыкулы.

 

Вось з нявыдадзенага — абрад “Пятрок” ​​на музыку Shuma, дзякуй студыі “Чырвоны баян”. Дзякуй усім.

Галоўнае, каб жыла наша краіна.

 

Тэкст: Зміцер Навіцкі

Фота: Антон Шаўковіч

 

Партнёры праекта:

Інфармацыйныя партнёры:

autotut1

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура Тэхналогіі

Магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры і айцішнікаў: можна падаць заяўку на анлайн-пітчынг праектаў да 27 верасня

У кам’юніці «Культурны Код» ідзе рэгістрацыя ідэй і праектаў для ўдзелу ў вераснёўскім анлайн-пітчынгу digital-рашэнняў...

valiancina_shauchenka
Культура

Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах

Багач — свята пераходнага паміж летам і восенню перыяду. Адзначалася амаль  па ўсёй Беларусі. Свята вядомае таксама...

valiancina_shauchenka
Кіно

Варшаўскі кінафестываль запрашае да ўдзелу беларускіх рэжысёраў. Расказваем, як падаць заяўку

39-ы Варшаўскі кінафестываль запрашае беларускіх рэжысёраў падаваць на разгляд працы, якія знаходзяцца ў распрацоўцы. ...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Журы літаратурнай прэміі «Дэбют» назвала імёны намінантаў. У шорт-ліст увайшло 10 аўтараў

Мінуў месяц, як скончыўся прыём заявак на літаратурную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Журы пачало працу...

Апошнія навіны

    Культура Тэхналогіі
    Магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры і айцішнікаў: можна падаць заяўку на анлайн-пітчынг праектаў да 27 верасня
    Культура
    Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах
    Кіно
    Варшаўскі кінафестываль запрашае да ўдзелу беларускіх рэжысёраў. Расказваем, як падаць заяўку
    Літаратура
    Журы літаратурнай прэміі «Дэбют» назвала імёны намінантаў. У шорт-ліст увайшло 10 аўтараў
    Грамадства
    Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўганараваны «Залатымі лаўрамі»
    Літаратура
    «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    Тэатр
    «Беларускі тэатр у Новай Беларусі будзе іншым»: у Варшаве прайшла канферэнцыя па стварэнні Беларускага Інстытута тэатра
    Гісторыя
    Якія вядомыя беларусы сядзелі ў віленскай Лукішскай турме
    Менская ўрбаністычная платформа запускае аўдыяэкскурсіі па беларускіх гарадах
    Літаратура
    «Хоць пад ботам акупанта, рабіць беларускую працу». Да дня народзінаў Наталлі Арсенневай
    Літаратура
    Выйшла новая кніга вершаў Андрэя Хадановіча
    Гісторыя
    Быць або не быць?! Першая вайна Вялікага Княства Літоўскага
    «Стрыжэ і піша». Сяргей Календа рыхтуе зборнік «бульварнага чытва»
    Гісторыя
    Архітэктурныя творы аўтара бела-чырвонага-белага сцяга прызнаныя Сусветнай спадчынай ЮНЕСКА
    Платформа гарадскіх экскурсій ULegend шукае ахвярадаўцаў на стварэнне мабільнага дадатку

Афіша

  • 22.09 — 21.09

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Сцяпана Стурэйкі «Не горш за Літву і Польшчу: гісторыя пераадкрыцця беларускай спадчыны ў БССР» у Вільні

  • 22.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 22.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 22.09Цыкл лекцый «Шыем строй» у Празе
  • 22.09Народзіны Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве
  • 22.09Зміцер Лукашук прэзентуе кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя ў выгнанні і на вайне» ў Гданьску
  • 23.09Экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю»
  • 23.09Фэст «Восень у Завоссі» пад Баранавічамі

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Пашыраем беларускі космас». Вялікая размова з Алінай Коўшык пра развіццё беларускай культуры і выклікі сучаснасці
    • Палітычны хаўрус Міндоўг — Наваградак і пачатак Вялікага Княства Літоўскага
    • «Чырвоны Каліноўскі»: на сцягу антыфашыстаў у Іспаніі. Частка ІІ
    • Андрэй Дурэйка: «Філасофія калабарацыянізму — галоўная небяспека для беларускай культуры»
    • Беларусы прыдумалі класны каляндар на 2024-ы: адкрытая перадзамова
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип