Самы доўгачаканы дыск году – “Белая вада” – ад заснавальнікаў беларускай плыні блюз-року.
“Крама” ў беларускай музыцы, як, скажам, Rolling Stones у брытанскай, дасягнула таго ўзроўню, што кожны іх новы трэк – падзея безумоўная. І самы смак іхняй творчасьці – у нязьменнасьці стылю. Ніхто акром іх у гэтай краіне, як ні імкнуўся, ня здолеў падаць блюз-рок такім чынам, што яго можна прыняць за нашу каранёвую музыку. З улікам усіх гэтых момантаў кожны новы рэліз ад “Крамы” ня тое што доўгачаканы – ён папросту неабходны як паветра ўсім тым, хто заглыбіўся калісьці ў беларускі кантэкст, у тым ліку дзякуючы “Хвораму на рок-н-рол” і “Камэнданту” (а з улікам “Бонды” – дык яшчэ й дзякуючы “Слуцкай браме” ды “Ура”).
Як тыя ж Rolling Stones, “Крама” запісвала альбом на год, а потым збавіла абароты да аднаго рэлізу на 3-4 гады, пасьля чаго перапынак павялічыўся да шасьці год. Паўза між “Белай вадой” і папярэднім “Усё жыцьцё дзіўны сон” (2007) наогул склала столькі, колькі не жывуць беларускія гурты. Зрэшты, музыкі раз-пораз дэманстравалі сваю творчую дзеяздольнасьць, абраўшы тую ж стратэгію, што і гурт “Палац”. Недзе раз на паўгода-год паказваецца адна новая песьня, і па выніку рэліз, што выходзіць праз сем гадоў, успрымаецца не інакш як The Best. У выпадку зь “Белай вадой” яшчэ да выхаду альбому гітамі (калі можна так сказаць пра гурт, адключаны ад ТВ і радыё) сталі “Дзякуй богу, мы ідзем дамоў”, “З новым годам” і “Дзяўчынка”.
Дарма Варашкевіч кажа, што ў яго альбоме няма канцэпцыі, – яна праглядаецца вельмі яскрава, і перадаць яе можна якраз словамі адной зь песень – “Шлях праз багну”. Музыкі вандруюць па сваёй жа творчасьці, выцягваючы нешта зь мінулага, каб скарыстацца гэтым для далейшага пракладаньня дарогі. Ад таго, уласна, тут і дарога ёсьць цэнтральным вобразам, і наогул перасьледуе адчуваньне, што гэты альбом мог выйсьці калі заўгодна ад часу прыходу Варашкевіча ў музыку. Тут ёсьць песьні, якія выдатна б упісаліся ў рэпертуар “Бонды”, якая ў першай палове 1980-х разам з “Мрояй” распачала незалежны рок-рух. Гаворка пра песьню “Твой накірунак”, напісаную, дарэчы, яшчэ ў 1995 годзе ў бамбасховішчы завода “Крыніца”, дзе паўстаў альбом “Камэндант”. “З Новым годам!” якраз нібы ўзята з гэтага самага рэлізу. А вось “Сумны брат” просіцца ў “Хворы на рок-н-рол”. “Колькі дарог” пасуе па атмасфэры да часоў “Што дапаможа нам”, “Вышэй за дахі” рыхтык з дыску “Жыцьцё – дзіўны сон”. Самы слабы – найперш у тэкставым пляне – нумар з альбому “Песьня пра сяброў” і тое не карціць пхнуць, бо надта ён добры і па-трушнаму наіўны, як і ранейшыя тэмы тыпу “Бугі ў начы” ці “Круціся, стужка”. Ну а па ўзроўні запісу гэты альбом непараўнальны з ранейшымі “крамаўскімі” рэлізамі, асабліва мінулага стагодзьдзя. У гэтым пляне “Белая вада” ці не найлепшы альбом у дыскаграфіі Варашкевіча і Ка. Хоць чаго ўжо там – новы альбом “Крамы” паводле ўсіх прыкметаў варты таго, каб лічыцца адной зь вяршыняў беларускай рок-музыкі.
Паслухаць/спампаваць альбом можна на Afisha.tut.by
Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: 9
Запіс: 10
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін