«Крэпкахазяйственная рука дацягнулая да справы». Як зараз выглядае маёнтак Падароск, які забралі ва ўласніка і перадалі аддзелу культуры?

Парк у маёнтку Падароск у Ваўкавыскім раёне знаходзіцца ў занядбаным стане. Там ніхто не косіць траву, па сценах будынка пайшла цвіль і кавалкамі адвальваецца тынкоўка, паведамляе Hrodna.life.


«Нарэшце-та крэпкахазяйственная рука ўзорнага раённага Ваўкавыскага мэнэджмэнта дацягнулася да справы аховы гістарычна-культурыных каштоўнасцяў», напісалі на старонцы маёнтка ў Facebook.




Маёнтак Падароск. Крыніца: Facebook / Маёнтак Падароск

Таксама аўтары напісалі невялікі іранічны верш:

«У парк у Падароску я зайду —
трава па поооояс...
Па сценах цвіль зялёная паўзе.
Вернусь у аддзел к сібе,
саўсем не беспокооооясь,
Хай гэты гемар
хоць вовсі прападзе!»

Чытайце таксама: Палацы Гродзенскай вобласці

На фотаздымках і панарамах у Google Maps можна ўбачыць, як тэрыторыя маёнтка выглядала раней. Але бачна, што ўжо ў чэрвені 2024 года трава пачала расці і яе ніхто не косіць.


Тэрыторыя маёнтка Падароск да таго, як яго забралі ва ўласніка. Крыніца: Google maps

На такі стан будынка і тэрыторыі абураныя беларусы могуць скардзіцца ў Міністэрства культуры альбо ў пракуратуру. Гэта можна зрабіць праз сістэму электронных зваротаў Обращения.бел.

Што адбылося з маёнткам

Сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у аграгарадку Падароск бізнесмен Павел Падкарытаў выкупіў у 2013 годзе. Ён збіраўся аднавіць сядзібу, адкрыць там музей шляхты, прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і выратаваць яго ад вымірання. Камандзе прыйшлося ствараць першасную дакументацыю па маёнтку і праводзіць нятанныя навуковыя даследаванні. Скончыць праект планавалі ў пачатку 2023 года. Далей у планах было атрымаць заключэнне дзяржэкспертызы, запусціць кафэ, краму і часовую экспазіцыю.

У кастрычніку 2022 года на прадпрыемстве «Маёнтак Падароск» затрымалі кіраўнікоў і фінансавых супрацоўнікаў за нібыта ўхіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). Праз некаторы час затрыманыя выйшлі на волю.

У студзені 2024 года стала вядома, што крымінальную справу супраць супрацоўнікаў Падароска спынілі за адсутнасцю складу злачынства. Але маёмасць ва ўласніка канфіскавалі і аддалі аддзелу культуры Ваўкавыскага райвыканкама.

Глядзіце таксама: Дзе жыла шляхта? Новы выпуск відэапраекта «Сармат» пра шляхецкую культуру