Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Крэўская унія — рэальны палітычны саюз дзвюх дзяржаў ці толькі ўмоўны? Чым такое пагадненне было выгадным Ягайлу? Чаму гэты саюз стаў сур’ёзнай палітычнай паразай Тэўтонскага ордэна і якія былі яе наступствы? Ці ўдалося ВКЛ сапраўды захаваць суверэннасць пасля уніі? Пастаўленыя пытанні аналізуе доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
Крэўская унія — умоўны тэрмін, якім акрэсліваецца дынастычны саюз Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, створаны праз шлюб вялікага князя літоўскага Ягайлы і польскай каралевы Ядвігі. Насамрэч ніякая унія ў Крэве не была падпісана. Але пра ўсё па парадку.
Паводле дамовы з Тэўтонскім ордэнам ад 31 кастрычніка 1382 г. Ягайла абавязаўся хрысціцца па заходнім абрадзе разам са сваёй краінай на працягу чатырох гадоў. Кіраўніцтва Ордэна са свайго боку абяцала дапамогу супраць нязгодных: русінаў і іншых, хто адмовіцца прымаць каталіцтва.
Справа для Ордэна была важнай, бо праз яе ён дэманстраваў Заходняй Еўропе сваю эфектыўнасць у пашырэнні каталіцкай веры. Каталізацыя ВКЛ, па-першае, мела засведчыць, што велізарная матэрыяльная і ваенная дапамога Тэўтонскаму ордэну з боку Захаду не ідзе на марна; па-другое, прынамсі часткова нівелявала негатыўны эфект ад абвінавачанняў крыжакоў у канфліктах з мясцовымі хрысціянскімі дзяржавамі, найперш Польшчай.
Ягайла сваё абяцанне выканаў, але з адным нюансам, які меў важныя гістарычныя наступствы. Ён уклаўся ў тэрмін, прыняў каталіцкі хрост 15 лютага 1386 г., аднак не ад Ордэна, а з Польшчы. Гэта была сур’ёзная палітычная параза і ўдар па рэнамэ Тэўтонскага ордэна ў Заходняй Еўропе як галоўнага рупліўца каталіцтва ў Балтыі.
Пра г. зв. Крэўскую унію (дакумент, падпісаны ў Крэве, не быў унійным актам) на працягу XIX–XXI стст. створана агромністая гістарыяграфія ў Польшчы, яна нашмат большая па аб’ёме, чым у іншых краінах, што зразумела, зважыўшы на наступствы уніі ў гістарычным лёсе гэтай краіны. Тэма уніі выклікае вялікае зацікаўленне летувіскіх гісторыкаў, якія агулам ацэньваюць яе крытычна. Амаль адсутнічае спецыяльная гістарыяграфія ў Беларусі, што было выклікана негалоснай забаронай у БССР вывучэння палітычнай гісторыі ВКЛ. У сучасных беларускіх сінтэзах і падручніках ацэнкі вагаюцца ад рэзка негатыўных у афіцыёзных выданнях да стрымана-крытычных у суб’ектнай нацыянальнай гістарыяграфіі.
Аналіз польскай навуковай літаратуры пра шлюбны саюз Ягайлы і Ядвігі можа скласці асобную вялікую кнігу — настолькі яна аб’ёмная і заглыбленая ў падрабязнасці. Польскія даследчыкі ўжо больш за два стагоддзі агаворваюць і дыскутуюць пра самыя дробныя дэталі і нюансы, напрыклад, пра час пачатку перамоваў пра саюз і хто быў іх ініцыятарам; ці дайшло да «кансумацыі шлюбу» між каралевай Ядвігай і Вільгельмам Габсбургам, або ад каго Ягайла ўзяў імя Уладзіслаў — ад хроснага бацькі ці караля Лакетка і інш.
Пэўныя аспекты дыскусіі могуць выклікаць здзіўленне. Напрыклад, некаторыя гісторыкі, хоць ведаюць далейшую хаду падзей, усё роўна задаюцца пытаннем, ці Літва захавала суверэннасць пасля уніі. У гэтай сувязі асобны пласт гістарыяграфіі складае дыскусія адносна перакладу з лаціны аднаго слова з крэўскага дакумента.
Дакумент, падпісаны Ягайлам 14 жніўня 1385 г. у Крэве, не з’яўляўся дамовай ні пра унію дзвюх дзяржаў, ні пра нешта іншае. Больш дакладна было б называць гэты дакумент дэкларацыяй. Яго падпісалі і заверылі пячаткамі толькі прадстаўнікі ВКЛ: вялікі князь літоўскі Ягайла і некалькі ўдзельных князёў. Крэўскі дакумент прадставіў афіцыйныя абавязанні Ягайлы перад польскім бокам, якія ён меў выканаць пасля заключэння шлюбу з Ядвігай. Дакумент быў адрасаваны да маці Ядвігі — венгерскай каралевы-рэгенткі Эльжбеты Баснійскай, бо сама Ядвіга на той момант яшчэ не дасягнула афіцыйнага паўналецця.
Некаторыя даследчыкі карыстаюцца больш дакладным тэрмінам «Крэўска-Ваўкавыская унія», бо менавіта ў Ваўкавыску 11 студзеня 1386 г. Ягайлу быў перададзены польскі адпаведнік крэўскага дакумента. Ад таго моманту ўжо можна казаць пра існаванне ліцвінска-польскай дамовы пра заключэнне уніі, якую яшчэ патрэбна было рэалізаваць.