Крэўская унія – шлюб, які змяніў гісторыю

18 лютага 1386 года адбылося адно вяселле, якое вызначыла гісторыю ВКЛ на сотні гадоў уперад. Ахрышчаны за дзень да таго вялікі князь літоўскі Ягайла, цяпер добры каталік Уладзіслаў, узяў у жонкі дванаццацігадовую каралеву Польшчы Ядвігу, дачку караля Польшчы і Венгрыі Генрыка Анжуйскага. Умовы Крэўскай уніі выконваліся.

Амаль што імперыя

Умовы, што прывялі да заключэння Крэўскай уніі, склаліся не за дзень і не за год – супярэчнасці ў ВКЛ накопліваліся дзесяцігоддзямі. Пачаць, здаецца, трэба з сярэдзіны XIV стагоддзя, з першых заваёўванняў бацькі Ягайлы, вялікага князя літоўскага Альгерда.

Некалі ўсёмагутная Залатая Арда, якая яшчэ сто гадоў таму прымушала трымцець усю Еўропу, хілілася да заняпаду. Не на карысць ардынцам пайшло прыняцце ісламу, ранейшая верацярпімасць татара-манголаў адышла ў мінулае, змяніўшыся гвалтоўным насаджэннем “правільнай” рэлігіі і пагаршэннем зносінаў са скоранымі народамі. У выніку дынастычная барацьба ў Ардзе дасягнула такой ступені, што літаральна года не праходзіла, каб адзін вялікі хан не змяніўся іншым. Адпаведна, замежная палітыка Арды стала значна менш паспяховай – калі на тое, каб збіраць даніну з рускіх княстваў, татар яшчэ хапала, то на далейшую экспансію і супрацьстаянне з мацнеючай Літвой у Сарая ўжо рукі былі кароткія. Альгерд упускаць зручны момант не стаў, і Вялікае Княства Літоўскае пачало хутка расці. Літоўцы-паганцы, у адрозненне ад татар, з сваёй верай у чужынскія землі не лезлі, падпарадкаваныя княствы не рабавалі, і цалкам аўтаномнае становішча Полацкага і Віцебскага княстваў, што ўжо ўвайшлі ў ВКЛ, нібы намякала, да каго далучацца. Так, ужо ў 1350 годзе Альгерд адносна лёгка падпарадкаваў Бранскае, Чарнігаў-Северскае і частку Смаленскага княства. У 1363 годзе адбылася эпахальная бітва (і як большасць эпахальных бітваў ВКЛ, цяпер амаль забытая) на Сініх Водах, дзе войскі Альгерда разбілі сілы адразу трох ханаў Арды. Разгром Арды аддаў пад заступніцтва Альгерда землі па Дняпры і Паўднёвым Бугу. У Кіеве сеў княжыць Уладзімір Альгердавіч. Зразумела, што на той момант Кіеў не меў і дзясятай часткі ранейшага ўплыву, каб не казаць болей, “вёў вартае жалю існаванне”. Але кіеўскі трон быў традыцыйна прэстыжны.

Не абмяжоўваючыся спадчынай Арды, Вялікае княства Літоўскае адначасова расло на ўсход і паўднёвы захад. У першым выпадку апанентам літоўцаў былі Маскоўскае княства і Цвер, што з ім сапернічала, у другім – Польшча. Трэба сказаць, што на той момант Масква хаця і ўзмацнілася за праўленне Івана Каліты, уступала па сіле Вільну, плюс ВКЛ, у адрозненне ад Маскоўскага княства, не была даннікам Арды і магла нашмат вальней распараджацца сродкамі. Тым не менш разгрому ўсходняга суседа не атрымалася – усе тры паходы Альгерда аказаліся беспаспяховымі. “Кап’ё літоўскае стаяла пад Масквой”, але на большае разлічваць не даводзілася.

Аб’ектам барацьбы з Польшчай стала Галіцка-Валынскае княства. У свой час яго кіраўнік Даніла Галіцкі здолеў дабіцца ў папы тытула караля, але яго нашчадкі былі не такія паспяховыя, і да канца XIV стагоддзя Галіцыю і Валынь актыўна дзялілі. Як і з Масквой, з Польшчай Альгерд ваяваў тройчы – у 1349, 1366 і 1377 гадах, у выніку ўсходняя Валынь з гарадамі Ратна, Уладзімір і Луцк адышла да ВКЛ, а Галіцыя і заходняя Валынь – да Польшчы.

Літва рабілася імперыяй.

Ордэн, дыярхія і праблема надзелаў

Здавалася б, Літва знаходзіцца на парозе панавання ва ўсёй Усходняй Еўропе. На самай справе карціна была не такой светлай. Па-першае, сярод напрамкаў экспансіі Літвы адсутнічаў захад – там быў Тэўтонскі ордэн, і ў барацьбе з ім даводзілася думаць не пра заваёўванні новых зямель, а пра выжыванне.

Валодаючы лепшым па якасці войскам, несумнеўнай ухвалай Святога трона ў Рыме і пастаянным прытокам добраахвотнікаў, Ордэн пастаянна ладзіў у Літву своеасаблівы гібрыд крыжовага паходу, экскурсій і палявання. Літоўскія крыжовыя паходы не былі падобныя да аналагаў у Святой Зямлі – рыцарам з Захаду не даводзілася ехаць за трыдзевяць зямель, часцяком назаўжды, і гадамі весці знясільную вайну з большымі сіламі сарацын.

Дастаткова было прыехаць у ордэнскія землі, сабраць атрад з такіх жа “спартсменаў” і схадзіць у набег на літоўскія вёскі альбо памежныя замкі. Рыцар набываў баявы вопыт, зрэдку здабычу і гонар на ўсё жыццё, што жыццё пражытае нездарма – давялося пабыць салдатам святога войска. Вярнуўшыся на Радзіму, рыцары мелі выдатны поспех у дам, што пабуджала іх менш святых канкурэнтаў таксама накіроўвацца ў Прусію. У выніку паток рыцарства для ардэнскіх паходаў не затухаў. Супрацьстаянне на дыпламатычным узроўні сэнсу не мела – апошняя паганская краіна Еўропы як суб’ект палітыкі не значыла для заходніх суседзяў нічога.

Другой праблемай стаў сам выбуховы рост дзяржавы. Гледзячы на сённяшнія мапы, цяжка не ўразіцца велізарнымі памерамі ВКЛ таго часу і не здзівіцца, як Альгерду і яго брату Кейстуту ўдалася стварыць такое вялікае княства за такі маленькі час. Але ва ўсяго ёсць адваротны бок. Па-першае, вялікай тэрыторыяй з дрэнна наладжанай інфраструктурай (а рымскіх дарог у ВКЛ не назіралася) вельмі цяжка кіраваць. Прадугледжваючы гэта, Альгерд яшчэ ў пачатку кіравання зрабіў як рымскі імператар, падзяліўшы дзяржаву на дзве часткі з двума кіраўнікамі – так стварылася літоўская дыярхія. Сам Альгерд узяў сабе Вільна, Лідскую, Крэўскую, Віцебскую і Мінскую землі – на яго долю прыпала паўднёвая і ўсходняя палітыка. Кейстут, ніякі палітык, але славуты воін і добры палкаводзец, пасяліўся ў Троках, яму дасталася Жэмайція, землі па Нёмане ў сучаснай Беларусі, Падляшша і Берасцейская зямля – і заўсёдная, вайна з крыжакамі, што вымотвала і не абяцала перспектыў. Але Кейстут не жаліўся – сумленная бойка заўжды была яму мілейшая, чым паддыванная калупня пры двары.

Такая дыярхія давала магчымасць эфектыўней парыраваць крызісы і кіраваць краінай, але патрабавала добрых адносінаў паміж кіраўнікамі – інакш мела ў сабе пагрозу сепаратызму і развалу дзяржавы.

Таксама велізарную патэнцыйную праблему складалі ўдзелы. Літоўскае княства было значна больш згуртаваным, чым Кіеўская Русь у ХІІІ стагоддзі, але ўнітарнай гэтую дзяржаву не назваў бы нават зацяты аптыміст. Успрымаючы ВКЛ як сваё асабістае валоданне, Альгерд шчодра раздаваў гарады і землі сваім шматлікім родзічам. Старэйшы сын князя Андрэй яшчэ ў 40-х гадах атрымаў ад бацькі Полацк і ў выніку застаўся ў гісторыі менавіта як Андрэй Полацкі. Другі па старшынстве сын (а згодна з некаторымі даследаваннямі, і першы) Фёдар трымаў Ратна і зваўся Ратненскім. Дзмітрый Карыбут, бацька будучага “гусіцкага караля” Жыгімонта Карыбутовіча, валодаў Ноўгарад-Северскім княствам, Ягайла быў нумарам адзін у Віцебску і Крэве, Вітаўт – у Гродне і Брэсце і гэтак далей. Таму па сутнасці ВКЛ было падзеленае не на дзве часткі – непасрэдныя валоданні Альгерда і Кейстута складалі не болей за 25-30 адсоткаў тэрыторыі краіны, астатняе прыпадала на ўдзелы. Такая дэцэнтралізацыя мела і станоўчы (высокі ўзровень аўтаноміі дазваляў князям не адчуваць сябе парушанымі ў правах і не спрабаваць аддзяліцца), і адмоўны (адсутнасць поўнай самастойнасці ў складзе адзінай дзяржавы давала князям спакусу аддзяліцца пры ўдалым збегу абставінаў) бакі. Уласна, удзельная сістэма працавала і як дыярхія – яна выяўлялася з добрага боку толькі ў сітуацыі моцнай цэнтральнай улады і згоды сярод князёў. Пакуль уладарыў Альгерд, прызнаны лідар і бацька большасці ўдзельных князёў, і не ірваўся да ўлады Кейстут, сітуацыя была стабільнай.

Пасля смерці Альгерда – кожны сам за сябе

Усё рухнула, калі памёр Альгерд. Сёння да канца невядомыя прычыны, з якіх князь назначыў сваім спадкаемцам не старэйшага сына Андрэя Полацкага, ні другога (альбо першага) па старшынстве Фёдара Ратненскага, а маладога, нічым да таго не выбітнага Ягайлу. Ёсць імавернасць, што Андрэй і Фёдар, якія былі ўдзельнымі князямі рускіх зямель і прынялі праваслаўе, падаваліся ніякімі нашчадкамі для княства, чый трон пачынаючы з Міндоўга займалі паганцы. Магчыма, вырашальную ролю сыгралі інтрыгі маці Ягайлы, другой жонкі Альгерда, цверскай княжны Ульяны. Ёсць і больш простае тлумачэнне – магчыма, Альгерд зрабіў не як князь, а як бацька – Ягайлу ён, відавочна, любіў больш за астатніх сыноў. Так ці іначай, але ў 1377 годзе княствам пачаў кіраваць адносна малады чалавек, які зусім нічым да таго часу не вылучыўся.

Сітуацыя, калі на троне апынаецца не старэйшы і не самы таленавіты сын, для Гедымінавічаў была не навіной. Пасля самога Гедыміна вялікім князем на некаторы час стаў яго малодшы сын Яўнут. Сітуацыя падалася старэйшым сынам – Альгерду і Кейстуту – несправядлівай, пасля чаго Яўнут хутка стаў спачатку выгнаннікам ў Маскве, а потым, па міласці старэйшых братоў, удзельным князем у невялічкім Ізяслаўлі. І Ягайла выдатна разумеў, што яго становішча як вялікага князя не лепшае, чым у Яўнута.

Малады князь меў рацыю. Спачатку незадаволенасць выказаў Андрэй Полацкі. Не сімпатызуючы паганцу Ягайлу, справядліва лічачы сябе больш вопытным палкаводцам і кіраўніком, старэйшы сын Альгерда паехаў у Маскву па дапамогу. Праз год да яго далучыўся Дзмітрый Бранскі, пакланіўшыся сваімі землямі Маскве. Фёдар Ратненскі ўвогуле праігнараваў лідарства Ягаййлы і прынёс васальную прысягу каралю Польшчы і Венгрыі. Ён заявіў, што пры такім вялікім князі сам будзе распараджацца сваімі землямі як пажадае. Кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч, пасаджаны на трон бацькам пасля разгрому Арды, не стаў вынаходзіць ровар і стаў васалам той жа самай Арды. Толькі што створаная дзяржава папаўзла па швах.

Ягайла ў крытычны момант здолеў паказаць, што ён не проста бацькаў улюбёнец, а смелы і ініцыятыўны іраўнік. Дамовіўшыся альбо запалохаўшы ўдзельных князёў, ён дабіўся адноснага спакою ў “сваёй” частцы дзяржавы. Дарэчы, менавіта палітычнаю асцярожнасцю можа тлумачыцца факт адсутнасці войскаў ВКЛ на баку іх саюзніка Мамая ў Кулікоўскай бітве. Разгром Масквы прыводзіў да новага ўзмацнення Арды, а аслабленае Літоўскае княства з арміяй, патрапанай пасля такой буйной бітвы, у такой сітуацыі відавочна прайгравала.  Болей за тое, ворагі Ягайлы – праваслаўныя князі – лёгка маглі разыграць “рускую карту”, выставіўшы князя-літоўца ганіцелем русінаў і праваслаўнае веры. У гэтым выпадку становішча князя рабілася зусім ужо сумным. І ў вырашальны момант літоўскія войскі дапамагаць татарам не сталі.

Выбар веры

Ягайлу тэрмінова патрэбныя былі саюзнікі. На ўсходзе і поўдні ён пасварыўся і з Масквой, і з татарамі (новы хан Тахтамыш, хаця і не любіў разбітага Мамая, раскрываць абдымкі “здрадніцкай” дзяржаве не спяшаўся).

Заставаўся Захад, але Захад значыў змену не толькі палітычнага вектару, але і веры. Тое, што хрысціянізацыя літоўскае вярхушкі непазбежная, было зразумела ўсім. Паборнікі старажытнай набожнасці накшталт Кейстута на фанатыкаў паганства, гатовых змагацца за сваю веру да канца, не цягнулі – сам Кейстут яшчэ ў 1348 годзе прапанаваў германскаму імператару Карлу IV хрысціць Літву. А Альгерд паказаў свае намеры дастаткова ясна, хрысціўшыся перад смерцю і прыняўшы схіму. Таму заставалася выбраць веру. Тут на гарызонце замаячыла некалькі фігураў, гатовых дапамагчы Ягайлу ўсім неабходным для прыняцца каталіцтва. Сярод прыхільнікаў рымскай веры быў родны брат князя Скіргайла, віленскі купец-немец Ганул і фаварыт князя Вайдзіла. Апошні быў фігурай даволі цьмянай, чалавекам без роду і племені, але выдатным інтрыганам і ўвогуле душа-хлопцам. Відавочна, гэта і дапамагло Вайдзілу не толькі ўлезці ў давер да Ягайлы яшчэ пры Альгерду, але ў далейшым і жаніцца з сястрой вялікага князя. Выклікаўшы, між тым, лютую нянавісць Кейстута, які такія мезальянсы лічыў ганьбай для сям’і і жудаснай легкадумнасцю з боку Ягайлы, што раздае рукі князёўнаў прайдзісветам.

Скрыгайла, Ганул і Вайдзіла, і асабліва Ганул, сталі злучальнымі звёнамі паміж Ягайлам і каталіцкімі коламі Еўропы, у першую чаргу Тэўтонскім ордэнам, што быў у той час на піку росквіту. Наўрад ці вялікі князь насамрэч верыў, што як толькі Літва ахрысціцца, Ордэн адразу пакіне яе ў спакоі: дастаткова ўспомніць, што на аднаго язычніка-літоўца прыпадала ў разрослай дзяржаве Альгерда пяць праваслаўных русінаў. Праваслаўныя для каталікоў былі не паганцамі, але ерэтыкамі, і нават хрышчэнне паганцаў-аўкштайтаў не вырашала праблему наступнага хрышчэння ў каталіцтва ўсіх “схізматыкаў” (што было відавочна немагчыма) альбо працягу войнаў з Ордэнам, які лёгка мог спаслацца на тое, што хрышчэнне Літвы няшчырае, няпоўнае і несапраўднае (што і адбылося ў рэальнасці).

Так ці іначай, Ягайла ўступіў у зносіны з Ордэнам. За спінаю Кейстута. Больш за тое, падпісаны вялікім князем і рыцарамі ў 1380 годзе мір іначай як здраду расцаніць складана. Ягайла падпісваў мір не ад імя ВКЛ, а ад імя той часткі дзяржавы, якая падпарадкоўвалася яму. Землі Кейстута са сталіцай ў Троках аддаваліся Ордэну на рабаванне. Даведаўшыся аб дыпламатычным мастацтве любімага пляменніка, стары трокскі князь разбірацца ў тонкасцях не стаў і аператыўна зрынуў Ягайлу з трона. Забіваць не стаў з невядомай прычыны – магчыма, сыграла ролю легендарная высакароднасць Кейстута; гэты паганец вёў войны так, як несорамна было б ні Раланду, ні каралю Артуру. Затым, у поўнай адпаведнасці з гістарычнай несправядлівасцю, высакароднасць саступіла подласці, і Ягайла, што даў зарок сядзець у Віцебску цішэй вады ніжэй травы, раптам захваціў Вільна і пачаў грамадзянскую вайну.

Здаецца, адзіным поспехам Кейстута ў гэтым канфлікце стала расправа з ненавісным парвеню Вайдзілам. З наскоку ўзяўшы Ліду, дзе сядзеў экс-прасталюдзін, Кейстут з пачуццём выкананага доўгу павесіў сваячка на варотах.

Далейшае вядома ўсім – не даводзячы справы да вырашальнага бою, Ягайла вераломна паланіў Кейстута і Вітаўта, затачыўшы іх ў Крэўскі замак. Лёс палонных быў вядомы, але Вітаўт мог падмануць і лёс – калі Кейстута людзі Ягайлы забіць паспелі, то яго сын здолеў збегчы да крыжакоў.

Ягайла і Вітаўт – сябры-ворагі

У 1382 годзе, калі Вітаўт апынуўся на свабодзе, Ягайла мог не непакоіцца за свой трон. Ён не толькі пазбавіўся галоўных супраціўнікаў – на ўсходзе справы таксама ішлі няблага, нават з дапамогай Масквы Андрэй Полацкі і Дзмітрый Бранскі таксама не дасягнулі поспеху ў заваёўванні ўлады ў ВКЛ. Заставаліся толькі дзве праблемы – жывы Вітаўт і неабходнасць плаціць па рахунках крыжакам. У аплату гэтых рахункаў Ягайла падпісвае 31 кастрычніка 1382 года Дубіскую дамову, якая аддавала рыцарам Жамойцію да ракі Дубісы і гарантуючы хрышчэнне Літвы за 4 гады. Са свайго боку тэўтонцы паабяцалі не нападаць на Літву… тыя жа 4 гады. Ці не арыгінальна – ведаючы аб хрышчэнні імавернага супраціўніка, крыжакі зусім не збіраюцца пасля яго заключаць вечны мір з новымі адзінаверцамі? 4 гады – і ўсё.

Але ў сваіх намаганнях Ягайла не быў адзінокім – Вітаўт, хоць і валодаў значна меншым адміністратыўным рэсурсам (выгнаннік як-ніяк), па статусе быў фармальна роўны Ягайлу (трокскі князь і нашчадак Кейстута як-ніяк) і быў гатовы паабяцаць рыцарам што заўгодна, у гэтым выпадку – Жамойцію. І тут крыжакі зрабілі як сапраўдныя мудрацы – падпісалі мір з Ягайлам, потым з Вітаўтам і ў адзначэнне другой дамовы ўварваліся з апошнім у Літву. І тут князі-ворагі пачалі разумець, што такія дыпламатычныя выкрутасы могуць прывесці толькі да таго, што хрысціць Літву будуць ужо самі немцы, на правах паноў. Пасля чаго кузэны зрабілі вельмі мудра: Вітаўт збег ад немцаў да Ягайлы, а Ягайла не стаў яго забіваць, як Кейстута. Кузэны-ворагі зрабіліся калі не сябрамі, то супрацоўнікамі.

Падрыхтоўка да уніі

Пагадненне братоў зноў забяспечыла адзінства ВКЛ, і зноў устала пытанне аб саюзніках. Зразумела, што Ордэн у якасці такога ўжо не падыходзіў – сумленнасць немцаў у выкананні дамоваў была нядрэнна вядомая. Таму зноў была зробленая спроба разыграць “рускую карту”. Вялікі князь Маскоўскі Дзмітрый Данской пасля пагрому, учыненага ў 1382 годзе Тахтамышам у самой Маскве, меў вельмі і вельмі вялікую патрэбу ў саюзніках. І, як і ардынцы, не забыў учынку Ягайлы, які ў 1380 годзе не прыйшоў на дапамогу Мамаю. Таму саюз двух збіральнікаў рускіх земляў быў больш чым рэальны. Пасярэднікам у перамовах гэтым разам стала маці вялікага князя, ужо згаданая цверская князёўна Ульяна. У 1384 годзе ёй удалося дабіцца фактычных асноў будучага саюзу: Ягайла павінен быў жаніцца з дачкой Дзмітрыя Данскога Соф’яй, пасля чаго прыняць праваслаўе і ахрысціць у гэтую веру суайчыннікаў. Выгады такога саюзу былі відавочныя: па-першае, Вялікае Княства Літоўскае і Рускае рабілася дзяржавай з адной галоўнай рэлігіяй, што прыбірала ранейшыя супярэчнасці. Па-другое, Масква на той момант не была настолькі пераважнай сілай, як Ордэн, і саюз мог быць рэалізаваны на роўных асновах. Па-трэцяе, да саюзу добразычліва паставілася большая частка літоўскай арыстакратыі (як на яго адрэагавала праваслаўная русінская эліта, думаю, прыпамінаць залішне).

Былі і недахопы. Па-першае, Вільна і Масква былі цэнтрамі, што збіралі рускія землі. Пры гэтым Масква была цэнтрам праваслаўя з уласным мітрапалітам, а новаахрышчанае Вільна магло б заняць у гэтым саюзе падпарадкаванае становішча. Больш за тое, нешматлікая літоўская эліта, частка якой і без таго ўжо “русіфікавалася”, непазбежна падвяргалася поўнай асіміляцыі, прычым роля Гедымінавічаў і асабіста Ягайлы была ў новым свеце небясспрэчнай. Уласна кажучы, найменшую карысць гэты саюз уяўляў менавіта для непасрэднага атачэння Ягайлы. Мабыць, гэта і сыграла вырашальную ролю – феадальныя ўладары разглядалі прыналежныя ім землі як сваю асабістую маёмасць і паступацца ўладай не жадалі. Так ці іначай, ужо ў 1384 годзе пытанне саюза Літвы і Масквы было замарожанае. І на гарызонце зноў з’явіўся купец Ганул, што паспяхова перажыў усе перыпетыі грамадзянскіх войнаў.

Прапановы Ганула не вылучаліся арыгінальнасцю – ён зноў прапанаваў хрысціць Літву ў каталіцтва. Розніца была толькі ў тым, што сябраваць прапаноўвалася не з Ордэнам, а з Польшчай супраць Ордэна. Нягледзячы на тое, што палякі жылі з крыжакамі нашмат больш мірна, чым з літоўцамі, нянавісць паміж дзяржавамі была застарэлай. А займець у саюзнікі магутнае княства, ды яшчэ і хрысціць яго, Кракаў быў вельмі рады. Пра раўнапраўны саюз, зразумела, ніхто не гаварыў. З аднаго боку унію заключала каталіцкае каралеўства, асвечанае папам рымскім, з другой – княства, меншую частку якога складалі паганцы, а большую ерэтыкі. Імаверна, палякі думалі, што такі саюз павінен быць для ВКЛ вялікім гонарам, за які вялікі князь мусіць сур’ёзна заплаціць. Што цікава, так і адбылося.

Галоўны козыр, які Польшча прапаноўвала Ягайлу, – каралеўскі тытул. Прызнаны тым жа папам рымскім сапраўдны каралеўскі тытул, з рэальнай уладай і рукой каралевы Ядвігі. Дакладней, караля, як бы смешна гэта ні гучала – трон Польшчы не павінная была займаць жанчына, таму Ядвіга атрымала тытул не regina (каралева), а rex (кароль).

Гісторыкі, якія пішуць, што Ягайла заключыў саюз з Польшчай у многім на свой страх і рызыку, павінныя разумець, што асабіста ён атрымліваў за свой страх і рызыку. Фактычна, пуць ад паганскага князя да найхрысціяннейшага караля прызнанай еўрапейскай дзяржавы быў не нашмат бліжэйшы, чым ад палявога камандзіра да легітымнага прэзідэнта рэспублікі. І Ягайла паставіў на карту ўсё, у першую чаргу – сваю дзяржаву.

Унія

У 1385 годзе падзеі паляцелі як на крылах. Ужо заручоную з Вільгельмам Габсбургам каралеву Ядвігу аператыўна развялі з каханым, які нерамантычна прамяняў каханую на 200 000 залатых (якія выплачваў Ягайла). 18 студзеня 1385 года паслы ВКЛ прыбылі ў Кракаў і афіцыйна папрасілі выдаць каралеву за вялікага князя. 14 жніўня 1385 года цэлых пяць літоўскіх князёў, Альгердавічаў і Кейстутавічаў (Ягайла, Вітаўт, Карыбут, Лугвен і Скрыгайла), у замку Крэва, дзе быў трыма гадамі раней забіты Кейстут, падпісалі акт Крэўскай уніі – спіс таго, што ВКЛ гатовы быў аддаць за руку маленькай каралевы для яго кіраўніка.

У першую чаргу Ягайла які ўжо раз паабяцаў хрысціцца разам з астатняй Літвой у каталіцтва. У другую – дапамагчы Польшчы ў вяртанні раней адабраных земляў – асабістымі сродкамі і асабістымі войскам. У трэцюю – заплаціць тыя самыя 200 000 фларынаў Вільгельму Габсбургу. Вялікакняжацкая казна перавозілася з Вільна ў Кракаў і павінная была адтуль служыць на дабро абедзвюх дзяржаваў. Усе польскія палонныя, што знаходзіліся ў ВКЛ, павінныя былі быць вернутыя, а якія знаходзіліся не ў ВКЛ – выкупленыя за кошт казны ВКЛ. І быў яшчэ адзін пункт, які мае сэнс прывесці цалкам:

Demumeciam Jagalo dux sepedictus promittit terras suos Litvanie et Russie Corone Regni Polonie perpetuo applicare.

Што перакладаецца так: “Нарэшце князь Ягайла абяцае таксама землі Літвы і Русі далучыць навечна да Кароны Каралеўства Польскага”.

Як бы ні трактавалася дадзеная заўвага (а ў розны час яе трактавалі па-рознаму, ад проста фармальнага акту да поўнага ўключэння ў Польшчу ў якасці правінцыі, амаль што “шэсць губерняў” найноўшага часу), з гэтага часу ВКЛ юрыдычна ўваходзіла ў склад Польскага каралеўства. Геаграфічна гэта выглядала як далучэнне да Польшчы тэрыторыі, што перасягала яе ў памерах у некалькі разоў. А фактычна ўсё залежала ад замежнапалітычнага становішча ВКЛ – калі дзяржава была ў сіле, унія была нават на карысць (напрыклад, пры Грунвальдзе), калі саслабла, усё больш падпарадкоўвалася Польшчы. А вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі Вітаўт папросту паклаў жыццё на тое, каб гэтую унію ліквідаваць і зрабіць ВКЛ юрыдычна самастойным каралеўствам. На жаль, гісторыя вырашыла іначай.

Дзяніс Буркоўскі