Круглы стол па праблемах гістарычнай спадчыны Стаўбцоўшчыны

Гісторыка-культурная спадчына Стаўбцоўшчыны апынулася ў цэнтры ўвагі круглага сталу, які адбыўся ўчора ў доме культуры вёскі Стары Свержань Стаўбцоўскага раёну ў межах кампаніі “Будзьма!”. У ім прынялі ўдзел загадчык аддзела Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Зміцер Яцкевіч, старшыня таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, каардынатар “Будзьма!” Ігар Лялькоў, а таксама супрацоўнікі культурнага аддзелу раённага выканкаму горада Стоўбцы і мясцовых дамоў культуры.

Падчас сустрэчы Антон Астаповіч агучыў даклад, прысвечаны прававым аспектам аховы помнікаў гісторыі і культуры ў Беларусі. Зміцер Яцкевіч распавёў прысутным пра гістарычныя аспекты Стаўбцоўшчыны паводле матэрыялаў дзяржаўнага архіву Беларусі.  Асаблівая ўвага ім была нададзеная невядомым дагэтуль момантам з радаводаў ураджэнцаў Стаўбцоўшчыны Язэпа Лёсіка і Якуба Коласа.

Нечаканасцю для гасцей імпрэзы стала іх запрашэнне ў стаўбцоўскую бібліятэку, дзе яны выступілі перад супрацоўнікамі бібліятэкі.

“Абедзве сустрэчы былі арганізаваныя пры зычлівым спрыянні аддзела культуры Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэту”, – адзначыў Ігар Лялькоў.

Па выніках мерапрыемстваў было прынятае рашэнне аб далейшым супрацоўніцтве таварыства аховы помнікаў і культурнага аддзелу раённага выканаўчага камітэту Стоўбцаў. Супрацоўнікі выканкаму падтрымалі ідэю рэалізацыі валанцёрскай праграмы ў мэтах добраўпарадкавання каштоўных мясцінаў Стаўбцоўшчыны, сярод якіх Коласаўскі заказнік і сядзібны комплекс. Акрамя таго, удзельнікі круглага сталу пагадзіліся з неабходнасцю адраджэння мясцовай рады таварыства аховы помнікаў, якая спыніла сваё існаванне каля 20 год таму.

“Пасля сустрэчы ў вёсцы Плябань і сённяшняга круглага сталу я магу ўпэўнена сказаць, што рэгіянальныя выканаўчыя ўлады пазітыўна ўспрымаюць ідэю супрацы грамадскіх арганізацыяў і дзяржаўных органаў у галіне культуры”, – пракаментаваў Антон Астаповіч вынікі абедзвюх сустрэчаў. Ён дадаў, што з’яўляецца адным са стваральнікаў сучаснага гербу Стаўбцоў, але хацеў бы бачыць сувязь з рэгіёнам не на асабістым, а на больш высокім ўзроўні: “Стаўбцоўскі выканаўчы камітэт – таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”.

Тэгі: