Галоўны суп беларусаў — крупнік на сушаных баравіках. Гатуем разам з «Будзьма!»

Надвор’е зімнае і снежнае, а значыць, трэба прыгатаваць нешта смачнае, каб сагрэцца і палепшыць настрой. У такіх выпадках дапамагае крупнік — адзін з галоўных супоў беларусаў! Нашыя продкі верылі, што ім можна нават вылекавацца ад прастуды. Паказваем і расказваем, як яго прыгатаваць.



Галоўны суп продкаў беларусаў

Крупнік лічыцца адным з самых галоўных супоў беларусаў. Гэты суп таксама моцна любяць палякі і літоўцы, у апошніх страва вядомая пад назвай крупеня. А яшчэ гэтую страву вельмі любілі гатаваць і есці мясцовыя яўрэі. Лічылася, што крупнік добра сагравае і ратуе ад прастуды.

Крупнік стараліся варыць сытным і з вялікай колькасцю гушчы. Гэтая страва сфарміравалася яшчэ тады, калі не было падзелаў на першае і другое, таму, паабедаўшы такім супам, можна было добра падсілкавацца і вяртацца да цяжкой працы. Заможныя ж людзі маглі варыць крупнік з некалькіх відаў мяса, да прыкладу ялавічыны або дзічыны і свініны, а простыя — дадавалі сушаныя грыбы і косткі. Дарэчы, калі вы не ужываеце мяса, то яго можна замяніць сушанымі ці свежымі грыбамі.

Для беднага на інгрэдыенты крупніка нават была прымаўка «крупіна за крупінай ганяюцца з дубінай». У другой палове ХІХ стагоддзя ў крупнік пачалі актыўна дадаваць бульбу для сытнасці стравы. Ёсць рэцэпт крупніка не з груцай, а з аўсом, тады страва больш нагадвае кісель па кансістэнцыі.

Як прыгатаваць крупнік?

Спачатку пастаўце рондаль з вадой на агонь, пакладзіце туды кавалак мяса ці косткі, два лаўровыя лісткі і ўсыпце чорны перац гарошкам, лыжку сталовую з горкай солі. Няхай даходзіць да кіпення, калі з’явіцца пена на булёне, то яе трэба зняць лыжкай. Варыць каля 30 хвілін.

Сушаныя грыбы і прамытую груцу заліць гарачай вадой на дзве гадзіны. Моркву, цыбулю і сельдэрэй парэзаць кубікамі, спачатку папасіраваць крыху цыбулю на алеі, потым дадаць іншую гародніну на патэльню і тушыць каля 5 хвілін, каб яна раскрыла смак. Замочаныя грыбы парэзаць саломкаю і таксама папасіраваць літаральна хвіліну з іншай гароднінай.

З булёну дастаць мяса, даць яму астынуць. Дадаць запраўку з гародніны і грыбную ваду ў будучы суп, усыпаць замочаную груцу. Варыць каля 40 хвілін на сярэднім агні. Астылае мяса трэба парэзаць кубікам і потым дадаць у крупнік. За пару хвілін да падачы дадайце добры шмат масла і зеляніну для паху і далікатнасці крупніка.

Смачна есці!

Нам спатрэбяцца:

Булён — 3 літры

Груца — 400 грамаў

Мяса — 350 грамаў

Морква — 150 грамаў

Сельдэрэй — 150 грамаў

Цыбуля — 100 грамаў

Масла — 40 грамаў

Сушаныя грыбы — 25 грамаў

Алей — 20 мілілітраў

Перац чорны — 10 гарошынаў

Соль — сталовая лыжка

Пук пятрушкі

Два лаўровыя лісткі

Калі вам падабаюцца нашыя відэапраекты і аўтарскія артыкулы, вы можаце падтрымаць рэдакцыю «Будзьмы», набыўшы нам кубачак кавы. Гэта дапаможа нам стварыць больш цікавых відэаролікаў і арыгінальных артыкулаў.