Гісторыя Беларусі ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў ведае нямала ўзброеных сялянскіх выступленняў, што, праўда, маюць розныя прычыны. Найбольш буйное з іх — паўстанне ў Крычаўскім старостве Мсціслаўскага ваяводства. Яно вядомае нават школьнікам, бо асвячаецца ў падручніках па гісторыі Беларусі. Тым больш вядома краязнаўцам, гісторыкам і студэнтам гістарычных факультэтаў. Паўстанне сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя пад кіраўніцтвам Ваcіля Вашчылы не абмінулі і беларускія пісьменнікі, якія пісалі паэтычныя і празаічныя творы, грунтуючыся на падзеі сялянскага выступлення. Аднак за стагоддзі вывучэння гэтай гістарычнай падзеі створана шмат розных міфаў і непраўдзівых поглядаў на сялянскае выступленне, або так званае Крычаўскае паўстанне.
Дагэтуль у падручніках, кнігах навукова-папулярнага характару, а таксама разнастайных інтэрнэт-пляцоўках кшталту Вікіпедыі паўстанне характарызуецца як антыфеадальнае, што не зусім адпавядае рэчаіснасці. Раней часта пісалі, што прычынай паўстання быў феадальны прыгнёт і эксплуатацыя ўладальнікамі староства крычаўскіх сялянаў, а таксама жорсткасць і самавольства арандатараў. Аднак сама па сабе феадальная сістэма не з’яўлялася прычынай для ўзброенага паўстання. Гэта было выступленне не супраць сістэмы, што стварала ўмовы эксплуатацыі, а супраць празмернай эксплуатацыі і асобных яе прадстаўнікоў.
Сапраўдныя ж прычыны паўстання мелі па сутнасці эканамічную прыроду. Глеба для ўзброенага выступлення ў Крычаўскім старостве стварылася, калі яго арандавалі Гдаль і Шмуйла Іцкавічы. Сваёй жорсткасцю да жыхароў староства яны не ішлі ні ў якае параўнанне з папярэднімі арандатарамі. Толькі за чатыры гады Іцкавічы выбралі ў насельніцтва Крычаўскага староства звыш устаноўленых інвентарамі норм чыншу каля 700 тыс. злотых, а за ўвесь час іх дзевяцігадовай арэнды з сялян і гараджан спагнана было звыш належнага 1298909 злотых, 120270 коп пянькі, 39 вазоў мёду. Моцны прыгнёт і жорсткасць арандатараў у дачыненні да мясцовых жыхароў, непамерныя нормы чыншу, а таксама поўнае ігнараванне інвентароў сталі фактычнымі прычынамі паўстання.
З гэтага вынікае, што дзейнасць паўстанцаў была накіравана менавіта супраць злоўжыванняў арандатараў і адміністратараў Крычаўскага староства. У невялікай кнізе «Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы» (1988) аўтары Лойка і Мялешка пішуць наступнае: «Яны абмяжоўвалі ліхвярства, якое даводзіла да галечы не адну сялянскую і гарадскую гаспадарку; вызвалялі прыгонных ад прымусовай працы на панскіх прамысловых прадпрыемствах. Аднак сялянская барацьба была накіравана не супраць нясення феадальных павіннасцей наогул, а супраць тых самавольных пабораў, якія патрабавалі часовыя гаспадары Крычаўскага староства. Сяляне падняліся на барацьбу не супраць сістэмы, якая стварала ўмовы эксплуатацыі, а супраць асобных носьбітаў гэтай сістэмы».
Кніга «Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы» (1988) гісторыкаў Лойкі і Мялешкі. Крыніца: racyja.com
Таксама Васіль Шчарбакоў у сваёй кнізе «Сялянскi рух i казацтва на Беларусi ў эпоху феадалiзму» (1935) засяроджваў увагу на тым, што розныя пласты насельніцтва староства, якія мелі неаднолькавае сацыяльнае паходжанне, былі моцна абураныя дзеяннямі новых арандатараў Іцкавічаў: «Дзеяннямі адкупшчыка і яго сістэмай эксплуатацыі былі вельмі незадаволены як ніжэйшае духавенства праваслаўнай царквы, так і мясцовыя мяшчане, гандляры, арандатары і купцы. Паступленне ўсіх даходаў у кішэню арандатара выклікала вялікае абурэнне ва ўсіх гэтых элементах. Яны бачылі ў асобе Гдалія свайго канкурэнта, адымаючага ў мясцовых купцоў і гандляроў іх даходы і ставячага іх у нявыгаднае становішча. Ніжэйшае духавенства было вельмі незадаволена ім па матывах перасялення, адняцця ў папоў усадзьбаў, пазбаўлення іх ранейшых даходаў, налажэннем на іх збораў пры выдачы дачок замуж і г. д.».
Наогул падзеі на Крычаўшчыне сярэдзіны XVIII стагоддзя не надта ўпісваюцца ў катэгорыю антыфеадальных паўстанняў. Сама мясцовая шляхта бунтавала сялян і ў канфлікце сялян з замкам значная частка тутэйшай шляхты займала бок першых. Яны хоць самі не ўдзельнічалі ў паўстанні непасрэдна, затое адназначна інспіравалі ўзброены выступ і часткова падтрымлівалі яго. І нават жаўнеры гусарскай харугвы, якія стаялі ў Крычаве, камунікавалі з сялянамі і схілялі іх да непадпарадкавання адміністрацыі, а гэта ўжо поўнае выварочванне феадальнага парадку. Пры гэтым шмат хто з саміх паўстанцаў верыў у пана-дабрадзея і нават падчас выступлення працягвалі сплочваць падаткі Радзівілу, бо яны не адмаўляліся ад павіннасцяў на ўладальніка, а выступілі толькі супраць свавольных пабораў і гвалту, якія чынілі арандатары і адміністрацыя староства.
У сваю чаргу мясцовыя шляхецкія роды таксама былі не зацікаўлены ў вяртанні ўладання пад кантроль, спадзяваліся не дапусціць арандатараў у староства, каб дамагчыся перадачы яго камусьці з іх. Прычым шляхта ўдзельнічала ў падбухторванні люду, бо была зацікаўлена ў дэстабілізацыі сітуацыі ў Радзівілавым уладанні, як і заможныя Валовічы, што кіраваліся ўласнымі амбіцыямі на валоданне Крычаўскім староствам.
Па гэтай прычыне называць паўстанне простага люду антыфеадальным зусім неапраўдана, бо да дэстабілізацыі сітуацыі ў Крычаўскім старостве адносяцца розныя сацыяльныя слаі тагачаснага грамадства. Ва ўзброеным паўстанні можна хіба што знайсці некаторыя рысы антыфеадальных выступленняў, аднак сутнасна падзея сярэдзіны XVIII стагоддзя такой не з’яўляецца.
Не варта таксама прыпісваць паўстанню антысемітызм. Негатыўнае стаўленне да яўрэйскага насельніцтва паўстанцамі можа тлумачыцца выключна тым, што працяглы час цэнтральныя фігуры, з якімі звязвалі павелічэнне падаткаў і гвалту ўвасаблялі яўрэі, а менавіта браты Іцкавічы. Вострай антыяўрэйскай рыторыкі падчас выступлення хапала, але пашыралі яе тыя, хто бачыў у яўрэях канкурэнта і кіраваўся гаспадарчымі інтарэсамі (а не этнічным паходжаннем), а постаць арандатара-яўрэя аблягчала іх прапаганду.
Рэальнае ўзброенае сутыкненне цягнуліся толькі поўгады
Раней часта пісалі (асабліва ў савецкі час), што Крычаўскае паўстанне нібыта адбывалася чатыры гады — з 1740 па 1744 год, што з’яўляецца не зусім праўдай. Цяпер жа ў беларускай навуцы замацавалася больш вузкая храналогія падзей — сярэдзіна 1743 — пачатак 1744 гг. Гэты час непасрэдна звязаны з узброеным выступленнем, разгонам адміністрацыі, нападамі на маёнткі шляхты, дамы купцоў і г. д., а затым яго сілавое падаўленне. Такая карэкцыя храналогіі наспела ўжо даўно, бо выглядала відавочнай нацяжкай, калі за паўстанне выдавалі адмаўленне сялян плаціць падаткі і выконваць павіннасці.
Сапраўды да 1743 года ніякіх ваенных сутыкненняў не было. Спачатку па Крычаўскім старостве распаўсюджваліся бунтарскія настроі: сяляне і некаторыя слаі гарадскога насельніцтва вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства арандатараў братоў Гдаля і Шмуйлы Іцкавічаў, адмаўляючыся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і іншыя прымусовыя павіннасці. Вашчыла са сваімі паплечнікамі перазаключалі дамовы арэнды на прамысловыя прадпрыемствы, корчмы, сачылі за дробнымі арандатарамі, імкнуліся абмежаваць эксплуатацыю сялян.
Хваляванні пачаліся ў другой палове 1743 года, калі ўзброеныя сяляне пачалі нападаць на маёнткі шляхты, дамы купцоў і ліхвяроў, дзяліць іх маёмасць, знішчаць судовыя і даўгавыя кнігі, разганяць адміністрацыю. На чале паўстання сталі Васіль Вашчыла і бурмістар Іван Карпач, а таксама Стэсь Бочка, Васіль Вецер, Навум Буян і іншыя. У пачатку 1744 г. атрад заняў Крычаў. Крычаўскі дзяржаўца Іеранім Радзівіл, які стала не жыў тут, накіраваў на падаўленне паўстання вялікі атрад са свайго слуцкага ўладання на чале з палкоўнікам Пястжэцкім. Амаль адразу каля 2-х тысяч узброеных сялян паспрабавалі ўзяць замак штурмам, але гэта ім не ўдалося, хоць былі падтрыманыя беднатой горада. Аднак добра навучанае і ўзброенае войска, падтрыманае артылерыяй замка, вымусіла сялян адступіць. Больш за 100 сялян загінула, 500 паранена і 77 узята ў палон, з якіх толькі 3 засталіся жывымі: старац і 2 бурмістры, астатнія былі павешаныя або пасаджаныя на кол.
Карта Крычаўскага староства. Крыніца: karty.by
Паўстанцы адступілі і каля вёскі Царкавішча стварылі новы лагер. У новым лагеры атрад паўстанцаў стаў папаўняцца людзьмі і ў хуткім часе іх колькасць дасягнула каля 4000 чалавек. Быў распрацаваны план акружэння і асады замка, якую меркавалася распачаць 26 студзеня 1744 г. Пачуўшы пра такія намеры, Пястжэцкі вырашыў ударыць першы, ён нядаўна атрымаў падмацаванне з Себежа і Невеля, у яго распараджэнні мелася 400 спрактыкаваных салдат.
У ноч перад асадай на лагер паўстанцаў нечакана напалі атрады Пястжэцкага. Захопленыя знянацку сяляне адступілі, пакінуўшы на полі бою больш за 200 забітых і шмат параненых, 176 чалавек, у тым ліку і некаторыя кіраўнікі паўстання, трапілі ў палон. У пачатку лютага 1744 года паўстанне было задушана канчаткова, 60 паўстанцаў пасля бою былі жывымі пасаджаныя на калы ці павешаныя на круках і шыбеніцах.
Так, у рэшце рэшт паўстанне атрымала паразу, аднак мясцовыя насельніцтва розных пластоў мелі аднолькавыя мэты — не даць здзекавацца з сябе арандатарам Іцкавічам. Нягледзячы на тое, што войскі Радзівіла задушылі паўстанне, а завадатары былі жорстка пакараны, галоўная мэта была фактычна дасягнута — Іцкавічы перасталі быць арандатарамі Крычаўскага староства. Больш за тое, фактычны ўладальнік староства Геранім Фларыян Радзівіл замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некаторыя абмежаванні ў сялянскім гандлі, а таксама аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і некаторыя іншыя саступкі. Такім чынам, толькі згуртаваная група людзей, аб’яднаных адной канкрэтнай мэтай, можа дабівацца поспеху, што паказвае гісторыя Крычаўскага паўстання.
Якуб Колас хацеў напісаць твор, прысвечаны Крычаўскаму паўстанню
Мала хто ведае, што паўстаннем пад кіраўніцтвам Вашчылы шчыльна цікавіўся і класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Больш за тое, ён збіраўся пісаць твор гістарычнай тэматыкі пра падзеі паўстання, пра што ў 1930-х пісаў ва ўласных лістах да розных людзей. Ідэя напісання твора па падзеях паўстання ў Крычаўскім старостве ўзнікла ў Якуба Коласа, верагодна, яшчэ ў 1933 годзе, адразу пасля напісання аповесці «Дрыгва», што можна прачытаць у лісце беларускага класіка да Сяргея Гарадзецкага ад 23 снежня 1933 года: «Я теперь, закончив повесть «Дрыгва» (она уже напечатана и скоро выйдет — не готова обложка), пишу небольшую детскую поэму, которую хочу закончить к первому января 1934 г. Соблазняет одна историческая тема — для исторической повести или пьесы. Работа очень сложная — в белорусских условиях это совершенно новый жанр. А материал очень интересный и богатый». У тэксце ліста не пазначана дакладна, што беларускага класіка заінтрыгавала менавіта Крычаўскае паўстанне, але ў той час ніякай іншай гістарычнай тэматыкай, пасля напісання аповесці «Дрыгва», Якуб Колас не быў зацікаўлены і не займаўся.
Аднак заняцца напісаннем твора, прысвечанага сялянскаму выступленню пад кіраўніцтвам Вашчылы, было толькі ў планах, бо часу на гэта ў Якуба Коласа проста не ставала. Прычынамі былі моцная занятасць у Акадэміі навук БССР (Якуб Колас быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР больш за 25 год), а таксама напісання іншых сваіх твораў, сярод якіх была вершаваная паэма «На шляхах волі», а таксама п’есы «Вайна вайне».
Якуб Колас у сярэдзіне 1920-х. Крыніца: wikipedia.org
Ідэя твора па гістарычнай тэматыцы Крычаўскага паўстання зноўку актуалізуецца для пісьменніка на пачатку 1937 года. Каштоўнымі сведчаннямі на гэты конт насычаны лісты, якія пісаў Якуб Колас свайму сябру, рускаму пісьменніку Сяргею Гарадзецкаму. У прыватнасці, у лісце ад 3 сакавіка 1937 года Якуб Колас апісвае асноўныя моманты сюжэта будучага твора:
«Я подбираю материал для новой пьесы. Большой, увлекающий материал. Но его мне мало. Сюжет, вернее не сюжет, а историческая основа: Кричевское староство (в бывшей Могилёвской губернии на Соже). Польский король дарит его польскому магнату князю Радзивиллу. Богатый еврей Гдалий берет Кричев на откуп. Жестокая система выбивания податей, пошлин с населения вызывает ропот, недовольствие среди белорусской шляхты и мелкопоместного дворянства. Гдалию противостоит белорусский купец из крестьян. Он торгует воском. Под знаменем антисемитизма ведет пропаганду против Гдалия. Поднимает восстание. Восстание тянется три года. Потом жесткая расправа с восставшими. Обстановка — жуткая нищета и разорение крестьянства, запущенные поля и леса, воют волки. Вот на этом фоне нужно построить художественное произведение. Я не продумал его, но отдельные фигуры, человеческие горести, страсти, характеры, сцены уже мелькают перед моим взором».
Відавочна гэтая гістарычная тэма зацікавіла Якуба Коласа, і пісьменнік пачаў актыўна збіраць матэрыял па ёй, што бачна з працытавага фрагменту ліста. Можна меркаваць, што кансультаваў пісьменніка па Крычаўскім паўстанні Васіль Шчарбакоў, бо гэты гісторык быў разам з народным паэтам на пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР у 1931–1935 гг. Дарэчы, менавіта Шчарбакоў першы сярод беларускіх гісторыкаў звярнуўся да гэтай падзеі. З гэтага можна зрабіць выснову, што Якуб Колас уяўляў рэальную сітуацыю гістарычных падзей, якія маглі стаць асновай аповесці альбо п’есы.
Васіль Шчарбакоў — савецкі беларускі гісторык, расстраляны летам 1938 года. Крыніца: csl.bas-net.by
У 1938 годзе Якуб Колас піша ліст ад 13 красавіка свайму калегу і сябру Петрусю Глебку, дзе згадвае наступнае: «Чакаю, калі трохі буду вальней. Ёсць надзея, што ў недалёкім часе будзе ўмацован прэзідыум, і тады я займуся раз’ездамі. У першую чаргу адведаю вас, другі мае родныя, а потым паеду ў Крычаў на пошукі слядоў сярод народа аб паўстанні ў Крычаве (1740–1744 гг.)». Аднак моцная загружанасць справамі Акадэміі навук, а яшчэ больш расстрэлы беларускай інтэлігенцыі ў другой палове 1930-х гг. не дазволілі Якубу Коласу паўнавартасна ўзяцца за напісанне твора на гістарычную тэматыку. У пасляваенны час Якуб Колас да ідэі твора на падзеі Крычаўскага паўстання больш не звяртаецца.
Памяць пра Крычаўскае паўстанне сёння
Хоць паўстанне адбылося толькі ў межах аднаго староства, але рэха крычаўскіх падзей XVIII стагоддзя было добра вядома па ўсім Мсціслаўскім ваяводстве і нават за яго межамі. Гэта падзея ў беларускай гісторыі бясследна не знікла, а памяць пра паўстанне прысутнічае ўжо ў сучаснай Беларусі, хоць яе не так і шмат. У самім Крычаве на сённяшні дзень пра паўстанне нагадвае няшмат што, бо ў горадзе няма ні памятных знакаў аб падзеях, ні асобнага раздзела ў экспазіцыі ў музеі.
Яшчэ літаральна з дзясятак год таму пры ўездзе ў горад стаяла драўляная скульптура воіна с крыжом у руках і шабляй на поясе — так выявіў крычаўскі разьбяр па дрэве кіраўніка буйнога сялянскага выступлення ў беларускай гісторыі. Прычым акрамя самаго Вашчылы былі таксама зроблены дзве скульптуры сялянаў, якія выяўлены з драўлянымі віламі ў руках. Аднак на сённяшні момант іх прыбралі, і гэтых арыгінальных драўляных скульптур на гістарычную тэматыку няма.
Драўляныя скульптуры ў Крычаве, прысвечаныя паўстанню пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы. Крыніца: mogilev.media
У крычаўскім музеі, які знаходзіцца ў палацы Пацёмкіна-Галынскіх, ёсць толькі карціна, прысвечаная буйному паўстанню пад кіраўніцтвам Вашчылы, што ахапіла ўсё Крычаўскае староства Мсціслаўскага ваяводства.
Карціна ў рыцарскай зале крычаўскага музея, правечаная падзеям паўстання XVIII стагоддзя. Крыніца: galik-123.livejournal.com
Адзначым таксама, што пра паўстанне ёсць інфармацыя ў экспазіцыях чэрыкаўскага і клімавіцкага краязнаўчых музеяў, землі якіх некалі ўваходзілі ў Крычаўскае староства.
Стэнд у адным з залаў Чэрыкаўскага краязнаўчага музея, які прысвечаны Крычаўскаму паўстанню. Фота аўтара
Ёсць у Крычаве і невялікая вуліца, названая ў гонар кіраўніка паўстання — вуліца Васіля Вашчылы, якая месціцца ў так знаным раёне Цэмзавода, што з’явілася на тапанімічнай мапе горада ў пасляваенны час. Яна зусім невялікая і фактычна знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне Крычава, праўда, каля самога берага Сожа.
Між іншым да гэтага часу крычаўлянаў перыядычна называюць мянушкай «вашчылы» за ўпарты і складаны характар, хоць пасля падзей паўстання прайшло ужо больш за два з паловай стагоддзі. Нездарма ў Крычаве яшчэ з канца 1980-х гадоў існуе ансамбль народнай песні «Вашчылкі», на найменне якога, натуральна, паўплывала прозвішча кіраўніка паўстання. Аднак больш чымся за 35 год свайго існавання калектыў змяніў музычны стыль і цяпер выконвае музыку ў стылі беларускага фольк-року. Прычым у цяперашнім складзе ансамблю ўзроставы мікст — дарослыя музыкі і юныя салісты.
Падзеі Крычаўскага паўстання паўплывалі таксама на гісторыю Хоцімска — самага ўсходняга райцэнтра Беларусі. У наваствораным гербе Хоцімска, які быў афіцыйна зацверджаны ў самым канцы 2001 года, ёсць наўпроставая адсылка да падзеяў Крычаўскага паўстання, а менавіта наяўнасць мяча на сімволіцы раённага цэнтра. І такая апеляцыя да тых падзеяў абгрунтаваная, бо падчас паўстання ў Крычаўскім старостве Хоцімск быў адным з яго цэнтраў. Абвастрэнні сітуацыі і ўзброеныя сутыкненні ў раёне Хоцімска адбываліся неаднойчы, таму заканамерна, што паўстаўнне пад кіраўніцтвам Вашчылы адлюстравана на сучасным гербе раённага цэнтра. Напрыклад, менавіта ў раёне Хоцімска ўзброены сялянскі атрад Кастуся Вашчылы, брата правадыра народнага выступлення, разбурыў паташныя прадпрыемствы. Прычым тады ва ўзброеным сутыкненні атрад адміністрацыі староства разбіў частку паўстанцаў і шмат каго з іх захапіў у палон.
Сімволіка мястэчка, якая ўпрыгожвае мясцовую паркавую зону. Фота аўтара
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org