Нацбанк выпусціў серыю манет пра гісторыю беларускай чыгункі

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў серыю памятных манет, прысвечаных беларускай чыгунцы, піша reform.news са спасылкай на сайт банка.

Maniety sieryi «Historyja bielaruskaj čyhunki. Ciahniki»
Манеты серыі «Гісторыя беларускай чыгункі. Цягнікі». Фота: nbrb.by

Усяго ў серыі «Гісторыя беларускай чыгункі. Цягнікі» пяць відаў манет наміналам у 2 рублі. На іх размясцілі выявы розных відаў чыгуначнага транспарту: паравоза, цеплавоза, электравоза, дызеля і электрацягніка.

Манеты маюць форму круга дыяметрам у 23,5 міліметра і важаць 5,81 грама. Сярэдзіна выраблена са сталі, пакрытай меддзю і нікелем, а кольца — са сталі, пакрытай меддзю і латунню. Тыраж кожнага віда — 25 тысяч штук.

Іх чаканілі на Казахстанскім манетным двары Нацыянальнага банка Казахстана.

У Беларусі яны з’яўляюцца законным плацежным сродкам — іх абавязаны прымаць па ўказаным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без абмежаванняў.