Каманда Vidocfilm стварае дакументальны фільм пра беларускую музыку — ад моманту здабыцця незалежнасці ў 1991 годзе і да нашых дзён. Гэта будзе поўны метр працягласцю каля 60 хвілін.
Фільм «На скрыжаванні» складзены з глыбокіх інтэрв’ю з музыкамі, даследчыкамі і ўдзельнікамі сцэны, архіўных матэрыялаў, музычных фрагментаў і візуальных адсылак да розных этапаў гісторыі. Каманда Vidocfilm хоча паказаць не проста хіты пэўных гадоў, а разабрацца ў тым, як беларуская музыка адлюстроўвае нацыянальную ідэнтычнасць і як яна змянялася разам з краінай.
Гэта спроба даследаваць калектыўнае несвядомае беларусаў праз музыку. Што фарміравала гэты гук? Як культура змагалася за сябе? Якія рысы робяць беларускую музыку менавіта беларускай?
Лявон Вольскі
Яўген Калмыкоў (экс-прадзюсар гурта «Ляпіс Трубецкой»)
Аляксандр Чарнуха
Святлана Бень
Руся (Shuma)
Vincent
Murovei
Анастасія Рыдлеўская і шмат іншых артыстаў, што стваралі беларускі саўнд у розныя эпохі.
«Мы збіраем разам прадстаўнікоў розных пакаленняў і кірункаў беларускай музыкі — ад 90-х да сучасных незалежных сцэн. Гэта не проста хроніка, а глыбокае даследаванне сэнсаў, кантэкстаў і ўплываў.
Наш фільм разлічаны не толькі на беларусаў, але і на замежную аўдыторыю. Мы хочам развянчаць міфы аб тым, што ў Беларусі няма сваёй музычнай школы, што беларуская культура — шэрая і невыразная. Мы хочам паказаць, што яна яркая, складаная, жывучая — і надзвычай важная», — адзначаюць стваральнікі фільма.
Гэта не проста фільм — гэта культурная заява. Праз фільм каманда Vidocfilm пакажа культурнае асяроддзе такім, якім яго адчувае — жывым, гучным, сапраўдным. Музыка — гэта толькі пачатак. Гэта гісторыя пра нас усіх, пра культуру, якая дыхае, нягледзячы ні на што.
«Мы ўжо шмат зрабілі сваімі сіламі. Але без падтрымкі мы будзем ісці вельмі павольна. Таму запускаем гэты краўдфандынг і просім вас далучыцца. Пасля завяршэння збору мы адразу працягнем здымкі, а ўжо ў канцы верасня плануем паказаць гатовы фільм усім, хто нас падтрымаў».
Падтрымаць праект можна па спасылцы.