Супраць Паўла Белавуса распачалі крымінальную справу за «кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем»

Пра гэта паведамляе «Новы Час» са спасылкай на праўладны тэлеграм-канал «Беларускі сілавік».


pavel_belavus_logo.jpg

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу аб кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем (артыкул 361-1 КК) супраць заснавальніка крамы symbal.by Паўла Белавуса.

«У 2020 годзе праз яго канторку ажыццяўлялася фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама напампоўванне пратэстных мас БЧбшнай сімволікай для дэманстрацыі карцінкі ў якасці справаздачы аб выдаткаваных уліванняў на дзяржпераварот», — пішуць аўтары тэлеграм-канала.

Яны дадаюць, што ў Беларусі знаходзяцца людзі, якія «атрымлівалі грошы на фінансаванне дзяржперавароту з Польшчы для „размывання“ вялікіх сум, якімі затым распараджаўся Белавус», таму «іх дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка».

У канцы снежня 2021 года symbal.by паведамляў, што супраць Белавуса завялі крымінальную справу аб грубым парушэнні парадку (артыкул 342 КК).