Кампанія "Будзьма беларусамі!" сустрэлася з паэткай, аўтаркай кнігі вершаў "Homo" Крысцінай Бандурынай, каб паразмаўляць пра праблему хатняга гвалту, яго наступствы і творчасць як спробу вяртання да звычайнага жыцця.
Пра гвалт ва ўласным жыцці
На жаль, я хіба не памятаю перыядаў, калі гвалту не было. Калі быў жывы бацька, ён, як шмат хто з беларусаў, быў "неабыякавы" да алкаголю, і з часам нейкая ягоная чалавечая сутнасць пачала сыходзіць. У яго была фізічная патрэба на кімсьці спаганяць злосць, і нагоды гэтую патрэбу задаволіць прыдумляліся на роўным месцы: быццам я скрала ў яго грошы ці выліла ягоную чарговую порцыю таннага ягаднага віна.
Не ведаю, што было цяжэй — эмацыйны гвалт ці фізічны. У пэўны момант асоба ад цела аддзяляецца. Гэты чалавек ператварыўся ў істоту, якая некалькі дзён за сабой не сачыла, у бруднай вопратцы, з невыносным пахам. І ад гэтага нават больш балюча, чым ад пабояў.
Гэты перыяд скончыўся літаральна тры гады таму, але адчуванні дагэтуль вельмі жывыя, асабліва начамі, калі немагчыма кантраляваць тое, што прыходзіць у снах. Дзве траціны маёй кнігі — пра гэтыя складаныя стасункі.
Пра закон супраць хатняга гвалту і "традыцыі"
Я разумею, што мая сітуацыя не ўнікальная, але пасля дыскусіі ў грамадстве пра закон супраць хатняга гвалту я зразумела, што маштабы праблемы проста катастрафічныя, як ні банальна тое гучыць.
Так атрымалася, што гвалт ператвараецца ў традыцыю: калі нас білі, то натуральная рэакцыя — біць у адказ, біць увогуле. Складана зрабіць іншы выбар, пайсці іншым шляхам, вырашыць "я не буду працягваць гэтую традыцыю", асабліва калі гвалт дазваляецца на афіцыйным узроўні. Вы ж ведаеце, як адзін вядомы дзеяч сказаў, што ён "таксама біў, і нічога".
Наша грамадства пакуль не гатовае адпусціць сваё "права на гвалт".
Як супрацьстаяць
Напэўна залячыць раны і вярнуцца да нетраўмаванага жыцця ў мяне не атрымаецца — гэта будзе са мной, будзе ўсё жыццё. Можна паспрабаваць панізіць градус, пазбавіць вастрыні. Я не ведаю, як жывуць у буйных гарадах, мой родны Мазыр — горад правінцыйны, гэтую сітуацыю з гвалтам успрымалі ўсюды як “людзі так жывуць”, і складана зразумець, што так быць не павінна. Я была вельмі закрытым падлеткам, у мяне амаль не было сяброў, не было каму расказаць пра тое, што са мной адбываецца. Я дагэтуль не разумею, чаму маўчалі суседзі, можа, прынцып "хаты з краю" і ёсць асноўным у іх жыцці, але калі пакутуюць дзеці, не можа быць чужога гора.
Няма нейкага шаблона ці інструкцыі, што рабіць у выпадках сутыкнення з гвалтам. У пэўны момант я зразумела, што не магу больш трываць, і калі мама не можа даць адпор, гэта мусіць зрабіць нехта іншы. Калі я ўпершыню адказала на ўдар, маё дзяцінства скончылася. Даходзіла нават да таго, што я прачыналася і разумела, што ў мяне ў руках нож.
Усё гэта бачыла мама, бачылі малодшыя браты, але яны не ўсведамлялі гэтую сітуацыю як праблему.
Пра творчасць
Калі сыходзіць агрэсар, застаешся толькі ты і твой страх — усе ўспаміны. Я спрабавала размаўляць з псіхолагамі, гэта не так лёгка насамрэч. Мне стала лягчэй, калі пачала пісаць. Я не хавалася за героямі, напэўна, у мяне няма ніводнага мастацкага тэксту. Гэта як пост з фэйсбука, толькі ў іншай форме.
Крысціна Бандурына на фестывалі "Вершы на асфальце", 2018 год. Фота – Аляксандр Кісялёў
Пачала ездзіць па гарадах, чытаць вершы дзецям і дарослым, расказваць, як і чаму гэта ўсё пісалася. Людзі прыходзяць, каб хаця б пачуць, што праблема прамаўляецца, што ты не адзін такі, што нехта не будзе пра гэта маўчаць. Некаторыя слухачы падыходзяць пасля імпрэз паразмаўляць прыватна. І я ніколі не адмаўляю, бо ведаю, што чалавеку стане лягчэй. Я сама маю не самую лёгкую гісторыю, але мне падаецца, што я ніколі не змагу абстрагавацца ад таго, што мне расказваюць: кожная гісторыя б'е па свядомасці, даводзіцца доўга "адыходзіць".
Пра хатні і сэксуальны гвалт
Чым ратавацца? Выбірацца з гэтай сітуацыі любымі магчымымі сродкамі. Калі чалавек дазваляе сабе гвалт у дачыненні да іншага чалавека, узнікае пытанне, ці ёсць у гэтым чалавеку чалавек. З сітуацыі трэба выбірацца, пакуль агрэсіўнае стварэнне не забіла чалавека ў табе.
Камусці можа дапамагчы творчасць, але яна не ёсць універсальным сродкам. Ніхто не ведае, што можа дапамагчы вярнуцца да нармальнага жыцця. Можа дапамагчы і псіхатэрапія. Рэч не ў метадах: нам усім не хапае любові і крыніцы, дзе гэтую любоў браць.
У мяне ёсць патрэба аддаваць, мабыць, праз гэта працуе механізм, калі я магу прачытаць-расказаць-выслухаць, і мне самой робіцца нашмат прасцей. Але ёсць нейкі рэфлекс, калі ты думаеш, што за ўсё добрае трэба плаціць. Любыя не негатыўныя пачуцці мусяць вымагаць нейкай аплаты. З гэтага, дарэчы, вынікае скаладанасць са стасункамі, гэта праблема сэксуальнага гвалту, калі тваё цела расцэньваецца як тавар.
У мяне быў толькі адзін ці два выпадкі стасункаў з мужчынамі, калі гвалту не было.
Мне не хапае ні смеласці, ні таленту, каб пра гэта пісаць, я спрабавала апісаць гэты досвед у прозе, але моўны апарат не настолькі прыстасаваны, каб размаўляць пра гэта і сказаць так, каб яно не было бяздушным і жорсткім.
Калі знойдуцца сілы, напішу пра сэксуальны гвалт. Спадзяюся, не перастану пісаць увогуле — пра гэтыя праблемы і так мала гавораць. Апроч майго досведу ёсць яшчэ гісторыі, якія я чую і назіраю. Ды і жыццё досведу можа падкінуць заўжды.