У сувязі з масавымі пратэстамі ў Грузіі на пачатку сакавіка 2023 г. у некаторых СМІ і сацыяльных сетках актыўна загучалі меркаванні грамадзянаў Беларусі пра гэтую краіну. Некаторыя палітэмігранты і рэлаканты, якія апынуліся на Паўднёвым Каўказе пасля 2020-га, абурыліся тым, што адзін са стабільных прытулкаў для жыхароў Беларусі пачаў ператварацца ў небяспечнае месца.
У падобнай ацэнцы сітуацыі ў Грузіі заўважна, што некаторыя нашыя землякі не вельмі добра былі абазнаныя ў гісторыі апошніх 30 год. І зусім не цікавіліся падзеямі на поўдні Каўказа. У тым ліку тымі, якія разгортваюцца 12 апошніх год, калі ў Грузіі да ўлады прыйшла партыя, звязаная з алігархам Іванішвілі, што ўвесь гэты час намагаецца пазбавіць сваіх канкурэнтаў любых магчымасцяў стварыць хоць колькі-небудзь значную альтэрнатыву.
Больш за тое, справядлівай будзе зацемка пра тое, што ў палітычнай барацьбе ў гэтай краіне гвалт, які час ад часу перарастае ў грамадзянскія войны, не з’яўляецца нечым дзіўным. Хутчэй даволі эфектыўным інструментам палітыкі. Што, напэўна, для большасці жыхароў Беларусі з’яўляецца непрымальным і дзікім. Хаця насамрэч ёсць тэхналагічна абгрунтаваным сродкам для палітычнай барацьбы нават у Заходняй Еўропе. У якасці прыкладу можна прыгадаць брутальныя пратэсты ў Францыі, дзе прафсаюзы і іншыя грамадскія ініцыятывы ўжо некалькі год перыядычна супрацьстаяць правядзенню пенсійнай рэформы.
Ад войнаў да рэвалюцыяў
Спрабаваць зразумець Грузію і разглядаць гэтую краіну ў якасці магчымага месца жыхарства (няхай і часовага), напэўна, не варта абапіраючыся толькі на слоганы ў турыстычных буклетах альбо на падставе інфармацыі на сайтах кампаній па прыцягненні інвестыцый. Спачатку неабходна ўзгадаць недалёкую мінуўшчыну.
За апошнія некалькі дзясяткаў год грузіны атрымалі досвед не толькі грамадзянскіх войнаў з сепаратысцкімі рэгіёнамі і зведалі вайсковую агрэсію РФ у 2008-м. Вельмі істотнымі падаюцца факты пра дзве буйныя хвалі ўнутраных уцекачоў, пакаленні, якія ўсвядомілі горкі смак вайсковых паразаў. А таксама нацыю, вымушаную змірыцца са стратай тэрыторый. Наяўнасць рэальнага баявога досведу ў вайскоўцаў, добраахвотнікаў, ветэранаў. І грамадства, для якога сцёртыя межы прымянення масавага гвалту, які звязаны не толькі са змаганнем з сепаратысцкімі рэгіёнамі. Таму што, акрамя бунтаў і далейшай страты Тбілісі кантролю над Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй, пачатак 90-х прайшоў пад знакам супрацьстаяння розных палітычных сіл і ў Цэнтральнай Грузіі. У 1991–1993 гг. падчас грамадзянскай вайны, партызаны, верныя першаму прэзідэнту ў найноўшай гісторыі краіны — Гамсахурдыя, які страціў уладу ў выніку вайсковага перавароту, некалькі разоў адваёўвалі кантроль над заходняй часткай краіны. Карыстаючыся паразамі грузінскага войска ў Абхазіі, партызаны ледзь не завалодалі другім па колькасці жыхароў горадам — Кутаісі.
У выніку супрацьстаянняў уладу ўтрымала група былога савецкага міністра Шэварнадзэ. Але трэнд на гвалт і законы «вулічнай дэмакратыі» ў палітыцы быў фактычна зададзены на бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Наступны пасля Шэварнадзэ прэзідэнт Саакашвілі, нягледзячы на прыход да ўлады дзякуючы так званай «рэвалюцыі ружаў» (падчас якой таксама не абышлося без гвалту), ужо праз 2 гады знаходжання ва ўладзе «адзначыўся» брутальным разгонам масавых пратэстаў у лістападзе 2007-га. У выніку чаго было паранена каля 600 чалавек.
Фота: netgazeti.ge
Пасля атрымання большасці ў парламенце ў 2011 г. палітычнай сілай падкантрольнай алігарху Іванашвілі, краіну таксама ўжо некалькі разоў скаланалі масавыя акцыі.
Нягледзячы на імкненне парламенцкай большасці ўвесь час узмацніць кантроль над усімі сферамі жыцця, апазіцыйныя яму прыхільнікі партыі Саакашвілі і недзяржаўны сектар увесь час мелі даволі шмат інструментаў для данясення сваіх пазіцыяў праз СМІ ці ў парламенце.
«Вулічная дэмакратыя» і ў тым ліку гвалт неаднаразова выкарыстоўваліся праціўнікамі кіруючай партыі «Грузінская мара».
Трэба ўлічваць і асаблівасці палітыкі ў краіне, дзе большасць насельніцтва выступае за еўраінтэграцыю і NATO, але мае да 1 млн сваякоў у РФ.
Таму абвінавачанні ва ўплывах РФ на палітыкаў, неадназначнае стаўленне да супрацьстаяння з Масквою, адсутнасць планаў па вырашэнні праблемы сепаратысцкіх тэрыторыяў гучаць увесь час. І не заўжды адпавядаюць рэчаіснасці, ці маюць нейкія стратэгічныя мэты. У грузінскай палітыцы вельмі шмат ваяўнічай альбо хлуслівай рыторыкі, папулізму.
Бадай, што такім чынам палітыкі спрабуюць схаваць фактычную няздатнасць вырашаць эканамічныя праблемы. Пра што яны часам нават самі даволі шчыра кажуць. Напрыклад, у інтэрв’ю ТБ Іванашвілі, адказваючы на пытанне пра беспрацоўе, якое сягае ў краіне нават 21%, заявіў: «Грузіны маюць разглядаць варыянты працоўнай міграцыі і шукаць заробкаў у Еўропе, таму што ніводны ўрад не зможа стварыць у Грузіі 2 мільёны працоўных месцаў за бліжэйшыя 10–20 гадоў».
Пад сцягам Еўрасаюза да ўзурпацыі ўлады
За апошнія гады грузіны некалькі разоў дэманстравалі, што «вулічная дэмакратыя» па-ранейшаму з’яўляецца адным з галоўных метадаў ціску на ўлады.
Самымі гучнымі за апошнія некалькі год былі паслявыбарчыя пратэсты 2020. Падчас якіх апазіцыя намагалася аспрэчваць вынікі галасавання ў парламент.
Але не вельмі ўражваючыя маштабы супрацьстаяння на вуліцы, неадназначная рэакцыя міжнароднай супольнасці, дазволілі «Грузінскай мары» захваць большасць у парламенце.
На думку экспертаў, Іванішвілі і падкантрольныя яму палітыкі пасля 2020-га не толькі зрабілі высновы наконт недастатковай колькасці рэсурсаў і мабілізацыйных магчымасцяў у апазіцыі. Але і паставілі за мэту — паступовае пазбаўленне Аб’яднанага Нацыянальнага Руху Саакашвілі і ягоных хаўруснікаў рэштак фінансавання.
Фота: en.euractiv.eu
У першую чаргу кіруючай большасцю было прынята рашэнне па дыскрэдытацыі партый, медыя і недзяржаўных арганізацый, якія атрымліваюць грошы ад міжнародных фондаў і падобных крыніцаў.
Але ў краіне, дзе па апошніх апытаннях каля 80% грузінскіх грамадзянаў падтрымліваюць еўраінтэграцыю і далучэнне да NATO, а 60% незадаволеныя прысутнасцю 300 тыс. (каля 10% насельніцтва Грузіі) уцекачоў з РФ, «Грузінскай мары» не выпадае адкрыта выступаць з антыеўрапейскай і антыамерыканскай рыторыкай.
Таму ў парламенце была створана група «Моц народа». Гэта дэпутаты, якія адкалоліся ад «Грузінскай мары», але дэкларуюць падтрымку палітыкі гэтай партыі па большасці пытанняў. І адначасова выступаюць ініцыятарамі з заканадаўчымі ініцыятывамі, што маглі б зашкодзіць кіруючай большасці.
Менавіта «Моц народа» распрацавала і вынесла на абмеркаванне ў парламенцкіх камісіях праекты законаў «аб празрыстасці замежнага фінансавання» і «справаздачнасці для арганізацый, якія атрымліваюць рэсурсы з замежных крыніцаў».
У некаторай грузінскай і еўрапейскай прэсе гэтыя законы яшчэ да іх вынясення на галасаванне ў парламенце параўналі з расійскімі аналагамі. Загучалі заявы аб тым, што ў Грузіі пад сцягам Еўрасаюза кіруючая партыя імкнецца да ўзурпацыі ўлады па расійскім сцэнары.
Грузія ўжо не парахавая бочка
Для большасці грамадзянаў Беларусі, у тым ліку і нават тых, хто зараз знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі, цяжка ўсвядоміць, што ў палітыцы могуць рэалізоўвацца такія складаныя камбінацыі. Асабліва ў краіне, якая дэкларуе еўраатлантычную інтэграцыю і карыстаецца падтрымкай ЕС і ЗША.
Бо за апошнія дзесяцігоддзі нашых суайчыннікаў прераканалі, што кіруючы апарат рэалізуе палітыку выключна гвалтам. А ягоныя апаненты выступаюць адно ў ролі ахвяраў. Што ў палітыцы ёсць толькі чорнае і белае, яна пазбаўленая паўтаноў.
Але эксперты лічаць, што «Грузінская мара» менавіта хавае свае намеры ў «шэрай палітычнай зоне», карыстаючыся часам супрацьлеглай рыторыкай, пісменна гуляе з электаратам.
Нягледзячы на не вельмі пераканаўчую падтрымку толькі 25% грузінаў і сталы трэнд на недавер да якіх-кольвек партый (на пачатак 2023 — 61%), «Мара» рызыкнула пайсці на крок да далейшай узурпацыі ўлады. Разлік быў на тое, што апаненты не здолеюць мабілізаваць дастатковую колькасць прыхільнікаў для пратэстаў.
І нават адступіўшы, наўмысна праваліўшы галасаванне пасля маштабнага супрацьстаяння на вуліцы, кіруючая партыя працягвае эксплуатаваць рыторыку пра «прадажную апазіцыю» і радыкальную моладзь.
Прэм’ер Гарыбашвілі адразу пасля гвалту на вуліцах Тбілісі падкрэсліў: «Мы чулі шмат крытыкі, што паліцыя зайшла занадта далёка падчас пратэстаў у Тбілісі. Гэта хлусня і глупства. Хто пачаў гвалт? Моладзевае крыло Аб’яднанага нацыянальнага руху, правакатары з так званага руху Гірчы (апазіцыйная партыя «Гірчы — Больш свабоды») і анархісты з Клуба Франкліна.
Я бачыў некалькі фотаздымкаў. Я быў уражаны, яны былі апранутыя як сатаністы. Моладзь, якая не хоча паказваць свае твары.
Тое, што тут адбываецца, выклікае трывогу. Гэтыя арганізацыі ператварылася ў экстрэмісцкія і ўсё бліжэй да таго, каб стаць тэрарыстычнымі».
Відавочна, што «Мара» мае намер скарыстацца гвалтам на вуліцах (які і прымусіў яе адступіць), эксплуатуючы страх сярод сваіх выбарцаў перад магчымай дэстабілізацыяй. З вуснаў палітыкаў гучаць фразы аб спробах уцягнуць грузінскае войска ў чарговую вайну з Масквою, што можа скончыцца новай трагедыяй. Таму, маўляў, неабходна адмовіцца ад аднабаковага супрацоўніцтва з захадам на карысць шматвектарнасці.
Можна сказаць, што на сённяшні момант з «парахавой бочкі» Грузія паступова ператвараецца на «ахоплены вагнём склад з выбухоўкай».
Бо 60% грузінаў, якія не падтрымліваюць палітыкаў (ні кіруючых, ні апазіцыйных), відавочна не намераныя сачыць за «паходам Мары» да ўзурпацыі улады.
На пачатку сакавіка партыя Іванішвілі здолела астудзіць вулічны імпэт моладзі гвалтам з боку паліцыі і скасаваннем галасавання па спрэчных законах. Але гэта зусім не значыць, што палітыкі цалкам адмовіліся ад сваіх ідэяў.
І такім чынам, «Мара» ўжо ў бліжэйшы час можа сутыкнуцца не толькі з апазіцыяй, але і з сапраўдным бунтам моладзі. Якая прадэманстравала 7–8 сакавіка гатоўнасць да радыкальнага пратэсту з прымяненнем гвалтоўных метадаў.
З улікам таго, што для 70% маладых людзей палітыкі не з’яўляюцца аўтарытэтам, рэвалюцыйны досвед добра вядомы грузінам, межы ўспрымання гвалту істотна ссунутыя ў масавай свядомасці — страхі перад магчымым узмацненнем ролі РФ ва ўнутранай сітуацыі ў Грузіі могуць прывесці да чарговай грамадзянскай вайны.
Таму грамадзянам Беларусі, якія да гэтага часу жывуць у Грузіі ці ўсё яшчэ разглядаюць краіну выключна ў якасці ціхай гавані і новага ІТ-хаба — варта звярнуць больш увагі на ўнутраны кантэкст і з халодным розумам паспарабаваць ацаніць бяспекавыя аспекты знаходжання ў ёй.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org