Прадстаўнікі рускай навуковай і культурнай грамадскасці Літвы выступілі супраць нападзення Расіі на Украіну і заклікалі падпісваць петыцыю «Культура супраць вайны ва Украіне», піша delfi.lt.
«Мы, прадстаўнікі рускай навуковай і культурнай грамадскасці, якія жывуць у Літве, выказваем пратэст супраць ваенных дзеянняў ва Украіне і салідарызуемся з грамадзянамі дзяржавы, якая падверглася нападу з боку расійскага агрэсара. Тое, што адбываецца цяпер ва Украіне, не мае нічога агульнага з тымі выдатнымі прадстаўнікамі» рускай культуры, якія супраціўляліся ў мінулым і супраціўляюцца ў цяперашні час дыктатарскім і фашысцкім рэжымам. Заклікаем усіх людзей добрай волі падтрымаць нашае патрабаванне аб спыненні агрэсіі Расіі супраць незалежнай Украіны», — пішуць аўтары петыцыі, якую можна падпісаць на сайце change.org.
Кафедра рускай філалогіі Віленскага ўніверсітэта, а таксама Літаратурны музей А. Пушкіна ў Вільні асудзілі дзеянні ўладаў РФ і выказалі салідарнасць з Украінай, якая падверглася нападу з боку Расіі.
«Мы, сябры акадэмічнай супольнасці Віленскага універсітэта — выкладчыкі рускай мовы і літаратуры, даследчыкі, навукоўцы — асуджаем агрэсію Расіі ў незалежнай Украіне і выказваем салідарнасць з грамадзянамі дзяржавы, якая падверглася нападу з боку расійскага агрэсара. Тое, што адбываецца зараз ва Украіне, не мае нічога агульнага з тымі выдатнымі прадстаўнікамі рускай культуры, якія супраціўляліся ў мінулым і супраціўляюцца цяпер дыктатарскім і фашысцкім рэжымам. Мы верым, што культура — гэта форма чалавечнасці і ўзаемаразумення», — гаворыцца ў заяве кафедры рускай філалогіі ВУ ў сацыяльнай сетцы Facebook.