Складана падводзіць вынікі, кіруючыся воссю часу, у перыяд, калі час ператварыўся ў смалу і мы самі, як мухі, застылі ў ёй. Застылі ў роспачы і разгубленасці: вяртацца назад ці зрабіць рашучы крок наперад? Складана аналізаваць культуру нацыі ў час, калі і сама нацыя, і ўсе яе здабыткі, як перліны з парваных караляў, імкліва разлятаюцца па свеце. Нейкія з іх, безумоўна, згубяцца і будуць чакаць свайго зорнага моманту недзе пад канапай, а нейкія стануць яскравымі акцэнтамі ў новым упрыгажэнні.
Тым не менш беларуская культура жыве, і ў яе развіцці нават можна заўважыць досыць пазітыўныя тэндэнцыі.
Не буду першай (ды і нават не другой), хто адзначыць, што калісь яскравая афіша мінскіх падзей — выставак, канцэртаў, прэзентацый, спектакляў і кінапаказаў — ператварылася ў суцэльнае палатно колеру бетону. А з адлегласці падаецца, што тут і зусім няма жыцця: амаль усё зачынена, вынішчана, раструшчана. Раз-пораз прабіваюцца парасткі: то ў філармоніі Бенька прадставіць праграму, то ў мастацкім музеі адкрыецца знакавы выставачны праект да 100-годдзя Віленскага беларускага музея імя Луцкевіча, але колькі тых імпрэзаў — слёзы.
Містэрыя ў філармоніі «Сёстры з раю», фота «Новы Час»
Затое ў Варшаве, Вільні, Таліне, Берліне, Антверпене, Лодзі і Кракаве праходзяць нашы тэатральныя прэмʼеры, кінапаказы, прэзентацыі кніг. Сам культурніцкі рух паціху інстытуцыяналізуецца, а творцы не проста працуюць самі па сабе ці падтрымліваюцца спарадычнымі ініцыятывамі, а групуюцца вакол рэальных і цалкам жыццяздольных Беларускіх дамоў, моладзевых хабаў, наноў адкрытых дамоў творчасці. З беларускім акцэнтам, натуральна. А ініцыятывы, якія імі апякуюцца, з маленькіх валанцёрскіх праектаў разрастаюцца ў сурʼёзныя цэнтры.
Так, можна казаць пра эпоху. Беларускія пісьменнікі, мастакі, акцёры і раней любілі бавіць час у творчых рэзідэнцыях. Але тое былі хутчэй выключэнні, чым правілы. У рэзідэнцыі траплялі адзінкі, тыя, хто проста ведаў мясціны і дзе іх шукаць, такую магчымасць прапаноўвалі як узнагароду, напрыклад, да аднаго з прызавых месцаў на прэміі імя Гедройця. Але 2021-ы ўсё змяніў.
Рэзідэнцыі сталі магчымасцю выехаць з Беларусі, адпачыць ад будзённасці і глынуць свежага паветра без трывогі беларускай рэчаіснасці. І гэта стала напраўду зʼявай, цэлым рухам.
Сяржук Доўгушаў ладзіць чарговы набор у свой праект «Дом творцаў», маштабны набор абʼявіла Беларуская Рада культуры, раз-пораз польскія, чэшскія, нямецкія, фінскія творчыя арганізацыі даюць такую магчымасць беларусам. І, думаецца, плён хутка будзе. Мы пабачым — дарэчы, ужо бачым, набыткі, што ўзніклі дзякуючы рэзідэнцыям і супольнай працы ў іх.
Добры прыклад — эмацыйная опера па-за гульнёй «Corporis Exercitia». Гэты спектакль стаў вынікам тэрапеўтычнай арт-рэзідэнцыі, у якой узялі ўдзел рэпрэсаваныя творцы з Беларусі: спевакі, музыкі, акторы.
Канец бягучага года адзначаны шэрагам яскравых прэмʼер. Выходзяць новыя альбомы, зʼяўляюцца тэатральныя пастаноўкі, здымаецца кіно.
Тэма пратэсту і пошуку свайго шляху «пасля» ўсё яшчэ гучыць лейтматывам у новых рэлізах, але гучыць не так балюча, востра, хутчэй — асэнсавана, як нешта перажытае, што зʼяўляецца горкім вопытам, але не павінна стаць кайданамі, якія перашкаджаюць рухацца далей.
Чытайце па тэме: Рэвалюцыя, якой вы не пабачыце. Што паказалі на «Бульбамуві», чаго вы не глядзелі
Шкада, што аналітычныя публікацыі зʼяўляюцца пакуль на старонках еўрапейскіх выданняў. Але добра, што яны ёсць і што іх аўтарамі (хай сабе пакуль на чужой мове) становяцца нашы вядомыя мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы і філосафы. Шматмоўнасць, з якой цяпер загучала беларуская павестка — таксама адзнака гэтага года. Нашы мастакі, пісьменнікі, публіцысты — чаканыя госці многіх еўрапейскіх перыёдык.
Растуць продажы беларускіх кніг, нават навуковыя выданні, прысвечаныя мастацтву посцілкі, народнай філасофіі, кічу ў сучаснай творчасці літаральна адразу пасля з’яўлення ў продажы становяцца рарытэтамі.
Беларускія кнігі (праўда, іх пакуль адзінкі) выходзяць за мяжой, а іх аўтары выпраўляюцца ў сапраўдныя еўрапейскія прома-туры.
Прэзентацыя раману «Гэй Бэн Гіном»Ул. Някляева ў Вільні, фота «Новы Час»
Майстар-класы па традыцыйных беларускіх рамёствах збіраюць мноства наведнікаў, танцавальныя вечарыны не змяшчаюць усіх ахвочых патанчыць, беларускія экскурсіі па колькасці ўдзельнікаў пераўзыходзяць усе магчымыя межы, а звычайная дваровая сустрэча на Дзяды ператвараецца ў маштабную вечарыну.
Падчас сяброўскай сустрэчы «Восеньскія Дзяды» ў Варшаве, 2021 год. Фота: Томаш Мельцаж (Tomasz Mielcarz)
Адзін за адным вырастаюць беларускамоўныя ютуб-каналы, нават выключна дзіцячыя, музейна-культуралагічныя...
***
Думаю я пра гэта ўсё і задаюся пытаннем: ці не пра гэта мы марылі? Творчасць запатрабаваная, выходзяць навінкі, а ўсё беларускае — у топе. Але ж з вялікай папраўкай на адлегласць ад радзімы, і безумоўна — не такой цаной. Не цаной тых музыкаў, мастакоў, журналістаў, праваабаронцаў, што і цяпер знаходзяцца за кратамі, што атрымалі і яшчэ атрымаюць гіганцкія турэмныя тэрміны. Не цаной соцень тысяч разбураных лёсаў людзей, якія вымушаныя былі пакінуць свае ўтульныя дамы ў Беларусі і шукаць новага жыцця за мяжой. Не цаной дзясяткаў зачыненых культурніцкіх арганізацый... Без гэтых вельмі грунтоўных акалічнасцей, якія напраўду ўсё змяняюць, можна было б толькі радавацца. Але на сёння гэта вельмі сумная радасць.
Чытайце па тэме: Як звальняюць работнікаў культуры, згаданых у артыкуле «СБ»
Але ж ператвараць тугу, сум у песню — спрадвечная здольнасць беларусаў. Мы ўмеем спяваць, калі весела і радасна, умеем спяваць — і выплёскваць свой кепскі настрой разам з песняй — калі душу апаноўваюць самыя цёмныя думкі. Давайце спяваць! Хутка скончыцца гэтая цяжкая Піліпаўка і настануць звонкія Каляды, а за імі — Новы год. Хай ён будзе для нас плённым і прынясе шмат святла.
Марына Весялуха, budzma.org