На мінулым тыдні пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам, віцебскаму арт-менеджару і музыку Уладзіміру Булаўскаму прызначылі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, у Полацку і Наваполацку прайшлі затрыманні супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Распавядаем апошнія навіны палітвязняў культуры.
Пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам.
Ён не прызнаў віну ў поўным аб’ёме і заявіў, што не разумее сутнасці прад’яўленага яму абвінавачвання, але вырашыў даваць паказанні. Пад вартай Эдуарда ўтрымліваюць амаль тры гады. Вядрма, што яму моцна абмяжоўваюць ліставанне.
Эдуард кіраваў краўдфандынгавымі платформамі Ulej і MolaMola.
Адрас для падтрымкі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка
Дырэктару студыі вэб-дызайну «Іквадарт» узмацнілі пакаранне з «хіміі» на калонію.
У судзе Мазырскага раёна 5 траўня адбыўся суд па замене абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу дырэктару студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глебу Койпішу. Пасля працэсу сувязь з палітвязнем знікла.
Цяпер вядома, што Глебу ўзмацнілі пакаранне, а яго перавялі ў следчы ізалятар, паведамляюць праваабаронцы.
13 чэрвеня ў палітвязня адбудзецца апеляцыйны суд. Да гэтага яго можна падтрымаць грашовымі пераводамі і пасылкамі.
Падтрымайце Глеба: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Глеб Ігаравіч Койпіш.
Журналісту Дзмітрыю Семчанку пакінулі прысуд без зменаў. Хутка яго этапуюць у калонію
Дзмiтрый — журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы «прэзідэнцкага пула» тэлеканала АНТ. 15 верасня Семчанку затрымалі разам з яго жонкай і прысудзілі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы). 23 сакавіка Дзмітрыя Семчанку асудзілі да 3 гадоў калоніі.
У Вярхоўным судзе 23 траўня разгледзелі апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя пакінуў прысуд у сіле, а скаргу — без задавальнення.
Адрас для падтрымкі: СІЗА-6. 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258 В, Дзмiтрый Віктаравіч Семчанка.
Стала вядома, за што затрымлівалі валанцёра Іллю Міронава.
10 сутак арышту мужчына атрымаў за лайк пад пастом «экстрэмісцкага» СМІ. Адзначаецца, што гэты лайк Міронаў паставіў яшчэ ў 2020 годзе.
Да журналіста Анатоля Гатоўчыца прыходзілі міліцыянты.
У Гомелі блізу 21 гадзіны вечара 23 мая ў кватэру да журналіста Анатоля Гатоўчыца прыйшлі двое міліцыянтаў. Пра гэта паведамілі суседзі. Як стала вядома, гэта былі супрацоўнікі роты патрульна-паставой службы Цэнтральнага РАУС Гомеля.
Як распавядаюць сябры журналіста, яны цікавіліся, ці падпісаны Гатоўчыц на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы. Пры гэтым паказвалі прадпісанне начальніка аддзела РАУС Валерыя Зданевіча, дзе міліцыянерам загадвалася высвятляць, ці не здаецца кватэра ў наём.
Пачынаючы з 2020 года, гэта ўжо шосты візіт міліцыі ў кватэру да Гатоўчыца, чатыры з іх былі з вобшукам і выняткам тэлефонаў, камп’ютараў, фотаапаратаў, дыктафонаў.
У Полацку і Наваполацку прайшлі затрыманні супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Па інфармацыі праваабаронцаў было затрымана не менш за 15 чалавек.
77-гадовую кандыдатку архітэктуры і былую загадчыцу кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Галіну Захаркіну аштрафавалі на на 2 960 рублёў.
Вядома, што за краты на 15 сутак адправілі выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Сяргея Глазырына і дацэнта кафедры гісторыі і турызму, кандыдата гістарычных навук Віктара Чэраўко.
Траіх удзельнікаў гурта faceOFF адправілі за краты.
Стала вядома пра затрыманне 26-гадовага Дзяніса Петуха і 31-гадовага Дзмітрыя Петуха. Дома ў іх правялі ператрус і забралі тэхніку.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 21 траўня, калі Дзяніс вяртаўся з Масквы, у яго на мяжы праверылі тэлефон, пасля чаго адпусцілі дадому. Раніцай наступнага дня сілавікі затрымалі яго ўжо разам з братам Дзмітрыем. Вядома, што братам прызначылі па 15 сутак арышту.
Ужо 23 траўня быў затрыманы і гітарыст гурта — Аляксей. Яго асудзілі да 13 сутак арышту.
У Полацку затрыманы ўніяцкі святар Аляксандр Шаўцоў. У яго канфіскаваная тэхніка.
Вядомаму рэпетытару і выкладчыку Яўгену Лівянту прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі». Ягонай старэйшай дачцэ Ганне і зяцю Мікіце Дразду таксама прысудзілі па тры гады абмежавання волі «хатняй хіміі».
Жонку Яўгена Юлію Лівянт, ягоную малодшую дачку-студэнтку Галіну Лівянт і саўладальніка цэнтра «100 балаў» Аляксея Іванова асудзілі да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» кожнага, а Аляксандру Энсайн (Вільчыцкая) — на паўтара года «хатняй хіміі».
Затрыманыя ксёндз Андрэй Кулік з Мёраў і пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Якая Носіць Скапулярый у Ідолце (Мёрскі раён Віцебскай вобласці) Вячаслаў Адамовіч.
Віцебскаму арт-менеджару і музыку Уладзіміру Булаўскаму прызначылі два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
На судзе Уладзімір не прызнаў віну і даваў паказанні на беларускай мове.
Падтрымайце Уладзіміра пасылкай, лістом, грашовым пераводам ці тэлеграмай: СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Уладзімір Ігаравіч Булаўскі.
Прысуд гомельскаму журналісту-фрылансеру Яўгену Меркісу абвесцяць 30 траўня.
Суд над палітвязнем распачаўся 11 траўня ў Гомельскім абласным судзе. Яўгена абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).
Які тэрмін запрасіў пракурор — невядома. 30 траўня Меркіс выступіць з апошнім словам, пасля чаго будзе абвешчаны прысуд.
Журналісту Андрэю Пачобуту пакінулі прысуд без зменаў.
Палітвязня абвінавацілі паводле арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Працэс у Гродзенскім абласным судзе разглядаўся ў закрытым рэжыме. У лютым яму прысудзілі 8 гадоў калоніі.
Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя пакінуў прысуд Пачобуту без зменаў, а скаргу — без задавальнення. Яго хутка перавядуць у калонію.
Падтрымайце палітвязня тэлеграмамі і лістамі: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Андрэй Станіслававіч Пачобут.
Полацкага святара Аляксандра Шаўцова арыштавалі на 15 сутак.
Яго судзілі за рэпосты матэрыялаў з сайта, прызнанага экстрэмісцкім рэсурсам (арт. 19.11 КаАП — распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці).
Прафесара і доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнова асудзілі да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Яго абвінавачвалі паводле арт. 367 і 368 КК, але асудзілі толькі за абразу. Прафесар на судзе віну не прызнаў. Яго затрымалі 12 студзеня наўпрост на кафедры ўніверсітэта
Юрый — магілёўскі загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін, доктар сацыялагічных навук. Яго партрэт знаходзіцца на дошцы гонару ветэранаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. У Магілёве Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю «Дранік-фэст».
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Юрый Міхайлавіч Бубноў.