У Віцебску пачынаюць судзіць арт-менеджэра і музыку Уладзіміра Булаўскага. Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса асудзілі да 13 гадоў калоніі. У Пінску пахавалі палітвязня Мікалая Клімовіча. Распавядаем апошнія навіны палітвязняў культуры.
15 траўня, у судзе Першамайскага раёна Віцебска пачаўся працэс над палітзняволеным арт-менеджэрам і музыкам Уладзімірам Булаўскім.
Яго абвінавачваюць паводле арт. 342-2 КК — неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Праваабаронцам вядома, што гэта толькі другі суд у Беларусі па гэтым артыкуле.
Паводле заканадаўства, узбудзіць крымінальную справу супраць чалавека па арт. 342-2 КК могуць, калі яго двойчы за год асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП «несанкцыянавае пікетаванне».
За кратамі Уладзіміра ўтрымліваюць пяць месяцаў.
Падтрымайце Уладзіміра пасылкай, лістом, грашовым пераводам ці тэлеграмай: СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Уладзімір Ігаравіч Булаўскі.
У Гомельскім абласным судзе распачаўся суд над журналістам-фрылансерам і краязнаўцам Яўгенам Меркісам.
Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).
Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса асудзілі да 13 гадоў калоніі.
У зняволенага бубнача гурта «Тор-бэнд» Яўгена Бурло сур’ёзныя раблемы са здароўем. Ён моцна схуднеў і не можа перасоўвацца.
Знікла сувязь са зняволеным дырэктарам студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глебам Койпішам.
Верагодна, гэта значыць, што суд вырашыў узмацніць яму пакаранне і ён рыхтуецца да пераводу ў калонію. 5 траўня ў судзе Мазырскага раёна прайшло пасяджэнне аб замене абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго вынік невядомы.
Зняволенага былога заснавальніка і выдаўца «Новай газеты Смаргоні» Рамуальда Улана вызвалілі па амністыі.
Ён у студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў.
Былы прэс-сакратар Купалаўскага тэатра Мікалай Заяц выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі.
Пра гэта Мікалай напісаў на сваёй старонцы ў Instagram.
«Я не палітык і ніколі палітыкай не займаўся, таму «бралі» мяне за працу ў Купалаўскім тэатры і журналістыку. Але наўрадці б я рабіў нешта інакш, калі б ведаў загадзя. Законы я не парушаў, таму сумленне ў мяне чыстае. А гэта важней за любыя крымінальныя справы».
Мікалая Зайца затрымалі 13 сакавіка. Вядома, што яму спачатку прызначылі 12 сутак арышту, а пасля яшчэ 14. Пазней паведамлялася, што Мікалая дапытвалі па справе «аб дзяржздрадзе».
Дацэнтку кафедры дызайну ВДТУ аштрафавалі на 60 базавых велічынь за «распаўсюд экстрэмізму» і «пікетаванне»
Таццяну Макляцову, выкладчыцу тэхналагічнага ўніверсітэту, разам з яшчэ некалькімі калегамі затрымалі 29 красавіка. Паведамляецца, што ў той дзень затрымалі ад 6 да 8 супрацоўнікаў ВДТУ.
Пакуль суд адбыўся толькі над Таццянай. Суддзя Першамайскага райсуду Віцебска прызнала выкладчыцу вінаватай паводле двух артыкулаў — 19.11 КаАП і 24.23 КаАП. Па першым артыкуле на жанчыну склалі два пратаколы — за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Яшчэ адзін пратакол быў складзены за аватарку ў сацсетцы.
На аватарцы была «рамка» са словамі Янкі Купалы «Людзьмі звацца». Міліцыянты выказалі прэтэнзіі да белага і чырвонага колераў выявы. Згодна з судовай пастановай, Таццяна такім чынам публічна выказала свае грамадска-палітычныя інтарэсы. Па выніках разгляду ўсіх пратаколаў суд пастанавіў спагнаць з выкладчыцы штраф памерам 60 базавых велічынь (2 200 рублёў).
Гомельскага актывіста Іллю Міронава арыштавалі на 10 сутак.
Беларускага паэта Алесю Плотку не пусцілі ва Украіну нягледзячы на наяўнасць ВНЖ. Інспектар памежнай службы выдаў літаратару і музыку рашэнне аб адмове.
Па словах Алеся, у якасці падставы яму назвалі «недастатковасць прычынаў для ўезду».
У Пінску пахавалі палітвязня Мікалая Клімовіча.
Стала вядома, што судовы працэс па справе вядомага педагога-рэпетытара Яўгена Лівянта пачнецца 19 траўня.
Справу будуць разглядаць у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Па крымінальнай справе разам з Лівянтам праходзяць яшчэ шэсць чалавек, у тым ліку яго жонка і дзеці. Іх вінавацяць паводле «народнага» арт. 342 КК.