Што горад Бабруйск можа прапанаваць сваім жыхарам, каб у вольны час падняць людзей з канапаў, “выцягнуць” з дачы, адарваць ад экранаў шматлікіх дэвайсаў? Што трэба зрабіць, каб культурніцкае жыццё горада зрабілася насычаным, а людзі – зацікаўленымі? Чый гэта абавязак ці функцыя – уладаў, бізнесу, грамадскіх ініцыятываў ці творцаў, стваральнікаў культурніцкага прадукту? Такія пытанні для ток-шоў прапануе грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”.
Нагодай для абмеркавання стала… гарадская афіша Бабруйска, прадстаўленая найперш паказамі кінатэатраў горада: гэта сведчыць пра тое, што жыццё гэтага абласнога цэнтра не перанасычанае культурнымі ды забаўляльнымі падзеямі, асабліва ўлетку.
Асноўныя тэзы размовы:
Невялікая колькасць інфармацыі пра культурныя мерапрыемствы ў горадзе – гэта вынік адпаведнай колькасці прапановаў ці адсутнасць камунікацыйных здольнасцяў/магчымасцяў арганізатараў?
Разнастайнае, камунікацыйна насычанае і інтэрактыўнае напаўненне падзей і паслуг – сусветны трэнд, але ці патрэбна гэта бабруйчанам?
Хто фармуе і хто адказвае за грамадскі культурніцкі густ і культуру адпачынку горада?
Запрошаныя эксперты:
Дыяна Лемяшонак, уладальніца кавярні-кандытарскай “Любимое место”, ініцыятарка дзіцячых кулінарных майстар-класаў;
Юлія Саковіч, ініцыятарка і арганізатарка першага экафестывалю “Пикничок”.
Да адкрытага абмеркавання запрашаюцца дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі культурніцкага/творчага бізнесу, індустрыі забаваў, грамадскія актывісты, прадстаўнікі адміністрацыі горада, журналісты і ўсе неабыякавыя да культуры адпачынку ў Бабруйску!
Афлайнавае ток-шоў адбудзецца 16 кастрычніка (аўторак) у 18:30 у тайм-клубе “13:87” па адрасе: вул. Чангарская, 54.
Уваход вольны!