Аатарскі тэатр «Батлейка» за год зрабіў 4 праграмы. Чаму менавіта батлейка? У чым тэрапеўтычная роля падобных праектаў? Якія ўражанні ад спектакля «Купала. Пачатак» і чаму сёння асабліва важна гаварыць пра сувязь пакаленняў? Паразмаўлялі пра гэта з адным са стваральнікаў тэатра «Батлейка», сцэнарыстам і выканаўцам ролі Янкі Купалы ў спектаклі «Купала. Пачатак» Змітром Хведаруком.
Зміцер Хведарук у спектаклі "Купала. Пачатак"
Прэм’ера спектакля адбылася 12 кастрычніка ў Варшаве (пра яго падрыхтоўку мы ўжо пісалі тут), 4 лістапада прайшоў паказ у Беластоку, а 5 лістапада праект вярнуўся ў варшаўскі будынак польскай пратэстанцкай царквы.
- Што гэтая імпрэза значыць для Вас менавіта як для яе ўдзельніка?
- Увесь праект з батлейкай і супрацай з Хорам вольных беларусаў для нас пачаўся з таго, што ядро гэтага праекта — тры беларускія сям’і з дзецьмі, якія пераехалі сюды пасля 2020 года.
Мы хацелі, каб з’явіўся просты, шчыры, сяброўскі праект — няхай аматарскі, але класны — для таго, каб уся сям’я магла прыйсці, нешта разам даведацца і перажыць.
Таму асабіста для мяне гэта клопат пра тое, каб мой сын Тадэвуш і дзеці маіх сяброў маглі далучыцца да багатай, грунтоўнай беларускай культуры нягледзячы на тое, што ўсе мы вымушаныя жыць у эміграцыі. Нам падалося, што батлейка, лялечны тэатр і спевы — гэта найлепшая форма, у якой можна спалучыць нешта сур’ёзнае і дзіцячае.
А сама п’еса «Калыска чатырох чараўніц» адметная тым, што яна паказвае сувязь пакаленняў, бо яе напісаў Уладзімір Караткевіч пра Янку Купалу, якому насамрэч Чаховіч — паўстанец, шляхціч, сябра Кастуся Каліноўскага — дапамог стаць менавіта беларускім паэтам.
Паўстанне нібыта прайграла, але яго вынікі адгукнуліся ў тым, што з’явіўся народны паэт, пясняр, які дапамог многім беларусам выказацца, загаманіць. У тым ліку мы сёння называемся беларусамі дзякуючы іх працы.
Сёння людзям таксама цяжка, здаецца, што пытанне беларускай культуры складанае, палітычнае пытанне — яшчэ больш складанае, безліч беларусаў выехала. Але ёсць надзея, хаця часта хочацца павесіць нос, сумаваць, злавацца і крыўдаваць. Аб гэтым наша невялічкая пастаноўка.
- Як думаеце, ці разумеюць менавіта дзеці тую галоўную думку, якую хочаце данесці? Можа быць, Вы назіралі нейкую асаблівую рэакцыю ў свайго сына?
- Па-рознаму, залежыць ад узросту дзяцей. Але часта, калі мы пытаемся, то дзеці рэагуюць не толькі на ўкусы, мятанне Купалам сякеры, але і на тое, што варта пражыць нейкае жыццё на карысць усіх людзей, не толькі на сваю карысць. Варта пісаць і размаўляць па-беларуску, трэба вучыць родную мову.
- Што думаеце пра выбар песень для спектакля? Паланэз Агінскага, «Купалінка», «Зямля» Вольскага...
- Іх у асноўным абіралі Хор вольных беларусаў і сям’я Вайтовічаў, якія з’яўляюцца прадзюсарамі і арганізатарамі нашага мерапрыемства. Адметна, што гэтым разам гучалі словы не толькі Янкі Купалы, але і знакаміты спеў «Зямля» Лявона Вольскага. Яны стараліся падабраць такія песні, якія б добра перагукаліся з пастаноўкай.
- І для выканання «Развітання з Радзімай» быў таксама выкарыстаны не той тэкст, які, мяркую, ведае большасць людзей — у выкананні «Песняроў»?
- Так, гэта тэкст, які з’явіўся ў альбоме «Я нарадзіўся тут» і быў выдадзены ў тым ліку ў спеўніку «Годныя песні».
- Ці ёсць у вас пасля гэтай пастаноўкі ідэі, што рабіць далей, або як палепшыць гэтую пастаноўку?
- Ведаеце, увогуле нейкім цудам мы зразумелі, што за цэлы год існавання нашага праекта мы зрабілі 4 праграмы. Напрыклад, «Адпусці народ», якую мы цалкам напісалі самі, з перакладам сусветна знакамітых хітоў, таксама пастаноўкі пра беларускія народныя казкі, і вось, нарэшце, зрабілі і пра Купалу па п’есе Караткевіча. Наш праект сяброўскі і аматарскі, таму вымагае вялікіх высілкаў, бо ва ўсіх ёсць сем’і, працы. Магчыма, у далейшым мы яшчэ раз паўторым праграму на Раство, крыху яе ўдасканалім.
- Наколькі сёння для нашага маладога пакалення важна даведвацца больш пра такія сінтэзы, як Купала — Караткевіч, пра сувязь эпохаў?
- Гэта важна, каб быць чалавекам. Бог, які стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенстве, таксама гаворыць аб тым, што ў нас ёсць пэўная ідэнтычнасць, якой не варта саромецца. У тым ліку калі вы — бедны, няшчасны, крыўдлівы беларус.
Яшчэ адзін момант, які б я хацеў падкрэсліць: тое, што наш праект — сямейны, сяброўскі, аматарскі — кажа аб тым, што беларусы, дзе б яны ні знаходзіліся, у Варшаве, Чыкага, у Канбэры, могуць таксама рабіць нешта падобнае. Такім чынам можна распавесці іншым людзям аб адметных момантах нашай культуры.
Мне падаецца, што падобныя праекты маюць таксама тэрапеўтычную ролю. Людзі могуць збірацца разам, спяваць песні, пабачыць нейкае відовішча, папіць гарбаты, пазнаёміцца і абмяняцца кантактамі і зразумець, што яны не адныя такія няшчасныя і «пабітыя жыццём» беларусы.
- Як Вам падаецца, чым пагражае выключэнне са школьнай праграмы рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»?
- Прызнаюся, што я адзін з тых людзей, якія пачалі размаўляць па-беларуску праз гурт N. R. M. і «Дзікае паляванне караля Стаха» Караткевіча. Таму верагодна, што найлепшыя творы беларускай літаратуры забараняюцца, каб зрусіфікаваць людзей і адвучыць іх думаць.
Наталля Міхаліна Скарынка, budzma. org
Фота: Anna Uszacka