«Трэці год Купалаўскі тэатр не можа пераадолець кадравы крызіс. Трэці год новая адміністрацыя, як ні намагаецца, не можа знайсці ні высокапрафесійных рэжысёраў, ні таленавітых артыстаў. Трэці год галоўны тэатр краіны перабывае ў вартым жалю становішчы — ні гучных прэм’ер, ні розгаласных бенефісаў на яго сцэне не адбываецца. Ціхенька ідуць некалькі старых спектакляў, якія заўважна пабляклі без Віктара Манаева, Зоі Белахвосцік, Паўла Харланчука ды іншых купалаўцаў, чые новыя акцёрскія работы сёння можна паглядзець толькі на інтэрнэт-пляцоўках», — піша Міхась Скобла для 75-га нумара газеты «Народная воля».
Адгарнуў я на сайце Купалаўскага старонку са звесткамі пра артыстаў — уражанне блізкае да спачування. У дзейнай трупе — чатыры студэнты Беларускага ўніверсітэта мастацтваў, яшчэ трое — леташнія выпускнікі. З аднаго боку, малады падлесак (з якога яшчэ невядома што вырасце), з другога — некалькі ветэранаў сцэны, якім даўно за восемдзесят. Дысбаланс яўны.
Каб выправіць гэты дысбаланс, адміністрацыя тэатра звярталася ў шматлікія перыферыйныя тэатры (іх у Беларусі налічваецца 28). Жаданых вынікаў тыя пошукі не далі. Як выглядае, штрэйкбрэхераў не знайшлося. І тады было прынята далёка не саламонава рашэнне — запрасіць артыстаў з... Расіі. З Яраслаўля, Пецярбурга і Масквы. Гэта ў Нацыянальны тэатр, дзе, нагадаю, рэпертуар выключна беларускамоўны (так, прынамсі, было заўсёды). Аб прыбыцці свежых кадраў з Расіі з гонарам і непрыхаванай радасцю нядаўна ў эфіры Першага канала Беларускага радыё расказалі генеральны дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў і галоўны адміністратар Таццяна Дземеш.
Гендырэктар падзяліўся меркаваннем, што «артисты из России укрепили кадровый состав, это новые лица нашего театра». Праўда, «новых лиц» на сайце няма, іх прозвішчы чамусьці таксама таямніца.
На заканамернае пытанне радыёвядучага, чым жа ўдалося завабіць артыстаў з Масквы і Пецярбурга, дзе тэатральныя заробкі намнога вышэй за мінскія, Шастакоў прыадкрыў таямніцу: «В Минске они будут очень востребованы, причем в главных ролях».
Вось дык знаходка! Аказваецца, у Расіі тыя артысты не запатрабаваны, а ў Купалаўскім іх — калі ласка — чакаюць галоўныя ролі. Ці не дзіўна? Ці не той гэта выпадак, калі, як гаворыць беларуская прыказка, на суседскім плоце гарбузы — смакоцце, а пералез плот — дык не ўзяць у рот.
А ў якую цудадзейную школу накіруе Аляксандр Шастакоў новапрыбылых артыстаў, каб хутка вывучылі беларускую мову? Каб атрымлівалася ў іх і «звонкае дзе, і густое чаго». Ой няпроста будзе якому-небудзь яраслаўцу засвоіць усе нашы цвёрдыя «р» і фрыкатыўныя «г», прыстасаваць свой язык пад нашу мову, каб паказваць з Купалаўскай сцэны ўзорнае вымаўленне. А без узорнага на той сцэне яму лепш і не паказвацца, бо рызыкуе пачуць з залы замест прыемнага «Брава!» ганебнае: злазь з даху і не псуй гонту!
Падобных папрокаў, скажаце вы, не чуў купалавец Павел Кармунін. Так, рускі чалавек і народны артыст Беларусі Кармунін размаўляў па-беларуску без акцэнту, але, як ён сам прызнаваўся, гэта каштавала яму велізарных высілкаў і заняло каля пяці гадоў. Урэшце ён застаўся ў Беларусі на ўсё жыццё, стаўшы большым беларусам, чым шмат хто з тутэйшых. Ці гатовы яраслаўскія і маскоўскія тэатральныя легіянеры да такіх «ахвяр» са свайго боку? Сумняваюся.
Сугучна з думкамі гендырэктара выказвалася ў радыёэфіры і адміністратар Таццяна Дземеш. Салаўём залівалася — усё пра тое ж: пра творчае падмацаванне з Расіі. Паводле яе слоў, «это вливание — наша речка да их озеро, в результате образуется более полноценное море».
Ну проста нейкім невытлумачальным магнэзам цягне іх уліцца ў тое бяскрайняе расійскае мора! Большую частку перадачы Шастакоў і Дземеш усё туды «ўліваліся», не прамовіўшы ніводнага слова па-беларуску (якая ганьба!). Дайце веры, найвышэйшым прызнаннем падрыхтаваных пад іх адміністратарскай апекай спектакляў будзе іхні паказ дзе-небудзь у Расійскай Федэрацыі. Відаць, у парадку культурнага абмену — вы нам незапатрабаваных артыстаў, мы вам такія самыя спектаклі...
Таццяна Дземеш падзялілася і сваёй запаветнай марай — у наступным годзе з пастаноўкай «Гарачае сэрца» патрапіць на фестываль памяці драматурга Астроўскага, чые 200-я ўгодкі ў Расіі будуць адзначацца з размахам, у атмасферы «грандиозного празднества, где и нам хочется побывать».
Радыёвядучы нясмела спрабаваў скіраваць размову ў рэчышча нацыянальнае, спытаўся, што з беларускай класікі ў бліжэйшы час будзе паказана на Купалаўскай сцэне. Дземеш, якая перад гэтым сыпала як з мяха — і пра «Жаніцьбу» Гогаля, і пра тое ж «Гарачае сэрца» Астроўскага, раптам як спатыкнулася і, апрача «нашей звездочки «Павлинки», нічога не магла прыгадаць. А потым усё ж прыгадала — «Дзівосныя авантуры паноў Кульбіцкага і Забалоцкага». Я спярша падумаў: недачуў. Праслухаў яшчэ раз — менавіта так галоўны адміністратар Купалаўскага тэатра назвала герояў вядомай п’есы Пятра Васючэнкі паноў Кубліцкага і Заблоцкага. Вось такія кульбіты ў галаве чалавека, які сёння таксама ж вызначае рэпертуарную і гаспадарчую палітыку тэатра. Што ж, гаспадарку весці — не языком плесці. Хоць і языком, як бачым, атрымліваецца не вельмі.
Прыкрае ўражанне зрабіла на мяне радыёперадача пра Купалаўскі тэатр, чый лёс сёння ў руках далёкіх ад нацыянальнай культуры людзей (пра што сведчыць і тое, што цягам усёй перадачы — ні слова па-беларуску!). З настальгіяй успамінаюцца адносна нядаўнія часы, калі на галоўнай (заслужана!) драматычнай сцэне краіны ішлі «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Пінская шляхта» і «Ідылія» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Дзве душы» Максіма Гарэцкага, «Не мой» Алеся Адамовіча... З такім рэпертуарам тэатр меў поўнае права называцца Нацыянальным.
Аднак пасля таго, як прыгаданыя спектаклі зніклі са сцэны, а замест іх афішуецца нешта сумнеўнае накшталт «Р + Д = любоў» і на «ўмацаванне» трупы прыехалі хлопцы з Яраслаўля, шыльду «Нацыянальны» з Купалаўскага можна смела здымаць, як састарэлую дэкарацыю.