Купалава Беларусь жыве!

Геніі і прарокі нараджаюцца ў лёсавызначальныя для народаў і нацыяў часы. Янка Купала быў абуджаны да творчасці беларускім народам — каб тварыць нацыю. Украінец Тарас Шаўчэнка ды беларус Францішак Багушэвіч усё жыццё пісалі раманы пад назвамі Украінскі ды Беларускі народы, а іх наступнікі Іван Франко і Янка Купала складалі паэмы пад назвай нацыі? — піша Новы час.


якаў кругер.jpg
Якаў Кругер, партрэт Янкі Купалы

Янка Купала першым на стагоддзе ўперад прамовіў кліч «Жыве Беларусь!». Ён напісаў шмат вершаў, паэмаў, п’есаў, ён жа напісаў і дзяржаву Беларусь. Напісаў у самыя важныя гады станаўлення краіны. Якраз 18-ы, 19-ы і 20-ы гады мінулага стагоддзя — гады адстойвання беларускай дзяржаўнай незалежнасці — сталі вехавым і кульмінацыйным этапам творчай і грамадскай дзейнасці Янкі Купалы.

У напісаных у той час творах ён яскрава выявіўся правадзейным прарокам беларушчыны, з’яўленне якога прасіў вершам «Паўстань...».

Ён верыў у прыснулую ў народзе сілу самастойнасці, гаспадарнасці, вольнасці, і найперш на яе й разлічваў, калі пісаў: «Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецця — гэта мы самі. <...> час праявіць нам і свае сілы ў будаванні новага жыцця для сваёй бацькаўшчыны, для сваіх сяліб і хат...» (артыкул «Больш самачыннасці»)

Аднак ён не падманваў сябе міражнымі ўтопіямі. Ён не паддаўся самаўпэўненасці некаторых беларускіх дзеячоў, хворых на палітычную блізарукасць, — з якім сарказмам яны выкрыты ў Купалавым вершы «Пяць сенатараў»! І які напамін «сенатарам» сучасным! «Мінулы год (1919-ы) шмат каму з беларускага грамадзянства адкрыў вочы, аслепленыя тымі ці іншымі ўтопіямі і абяцанкамі, — вяшчаў Я. Купала ў артыкуле „Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год“. — Мінулы год паказаў нам, што інтэрнацыяналісты (бальшавікі ды прамаскоўцы) і ап’янелыя перамогамі нацыяналісты (прапольскія) не дадуць Беларусі жаданага міру і незалежнасці. Яны яе дзялілі і будуць дзяліць паміж сабой, пакуль сам беларускі народ не скажа свайго апошняга слова».

Падчас шматлікіх акупацыяў-«вызваленняў» Беларусі Я. Купала адкрыта выкрываў і бальшавікоў, і немцаў, і палякаў (артыкулы «Больш самачыннасці», «Справа незалежнасці Беларусі...» і інш.). Больш за тое, Я. Купала спрагназаваў-спрарочыў наш доўгі пакутлівы шлях да сваёй дзяржаўнасці і незалежнасці. Праграмным бачацца ягоныя артыкулы «Адбудова Беларусі» і «Незалежнасць».

Тады, у 1919 годзе, у Я. Купалы не было веры ў «сапраўднасць» ні БНР, ні БССР. Ён чакаў Рэспублікі Беларусь. «Беларусь, як і іншая дзяржава, мае права і даб’ецца раней ці пазней гэтага права стаць роўнай і вольнай дзяржавай паміж сваімі суседзямі». Гэтае горычнае «раней ці пазней» паўторыцца і ў Купалавым артыкуле «Зямельная спекуляцыя»...

Свае прароцкія спевы паэт звяраў з біблейскімі гімнамі, за святы́ Іерусалім прымаючы сваю Бацькаўшчыну. Пацвярджэннем таму — ягоны вольны пераклад 78-а біблейнага псалма. Не выпадкова ж у кананічныя радкі ўплятаюцца думкі пра «слухмяны народ» і «захад ды ўсход», якіх у арыгінале не было:

Вылі гнеў твой на паганцаў,
што вечна цябе
Знаці не знаюць — яны, іх сям’я;
Вылі гнеў твой і на царствы,
ў сваёй што мальбе
Вечна твайго не ўзывалі імя.
Бо ўсмярцілі яны твой
слухмяны народ,
Месца яго спусташылі
на захад і ўсход.

Але толькі прароцтва і пяснярства не маглі «адбудаваць збураны пасад» Беларусі. Нацыю чакала змаганне, і пра тое вяшчаў Я. Купала — і не толькі ў вершах ваяцкага ладу, не толькі ў гімнах-закліках кшталту:

Паўстань з народу нашага, Ваяк,
І волатам на вогненным кані
<...>
За бацькаўшчыну павядзі ў агні! —

але і ў публіцыстычных артыкулах-маніфестах. «Мы толькі вітаем радасную вестку і жадаем ад душы, каб як найхутчэй сыны беларускія самі сталі пад сваім беларускім сцягам бараніць вольную і незалежную Беларусь, — пісаў ён, да прыкладу, у артыкуле „Беларускае войска“. — Нават рэвалюцыя <...> не змагла адваяваць калі не нацыянальнага беларускага войска, то хоць бы тое, каб беларус адбываў вайсковую павіннасць у Беларусі. <...> А калі бальшавікі ўзялі верх, то па-самадзяржаўнаму расправіліся з усімі нацыянальнымі арміямі».

Але не толькі адно Слова было зброяй Ваяра-Купалы. «Свой край заваяваць» намагаўся ён і чынным удзелам у грамадска-палітычным жыцці краіны. Калі 10 жніўня 1919 года ў акупаваным палякамі Менску ўтварыўся Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт (прадстаўнічы орган беларускіх арганізацый, своеасаблівы «ўрад народнага даверу»), Я. Купала адным з першых увайшоў у ягоны склад — разам з У. Ігнатоўскім, Я. Лёсікам, С. Рак-Міхайлоўскім, А. Гаруном (апошні быў абраны старшынёй) і іншымі. Камітэт дамагаўся ад польскіх уладаў прызнання незалежнасці БНР і аднаўлення дзейнасці ейнай Рады. А калі восенню таго ж года ў Менск пераехала Беларуская вайсковая камісія, за працу ў ёй першымі бяруцца А. Гарун ды Я. Купала...

У вершах, паэмах, публіцыстыцы Я. Купала запраграмаваў не толькі нацыянальную эстэтыку, але і акрэсліў неабходную мадэль дзяржаўнага ўладкавання — ад галоўных грамадскіх устаноў, ад дзяржаўнага «сойму» і нацыянальнага войска да мясцовых і валасных самаўрадаў. Ён на стагоддзі наперад апеў галоўныя атрыбуты нашай незалежнасці: беларускі нацыянальны сцяг (артыкул «Беларускі сцяг уваскрос!») і нацыянальны гімн («Справа беларускага нацыянальнага гімна»).

Толькі тыя ідэі Я. Купалы аніяк не сумяшчаюцца з сучаснай ідэалогіяй, а таму — як некалі і ў БССР — постаць паэта і ягоная спадчына працягваюць прафанавацца. Як і раней, творчасць нацыянальнага генія вывучаецца, але і «рэдагуецца» (разам з легендарнымі «Тутэйшымі» і Нацыянальным тэатрам ягонага імя).

«Сёння зноў пад пагрозай Купалавы спадзевы ўбачыць Бацькаўшчыну незалежнай, яе народ — свабодным і заможным, беларускую мову — адроджанай. Беларускіх пісьменнікаў — Купалавых наступнікаў — улада зневажае, у той жа час усхваляючы ворагаў беларушчыны. Беларускіх педагогаў прыніжаюць жабрацкімі заробкамі й прымушэннем ізноў казаць няпраўду. Зачыняюць беларускія газеты, а супраць беларускіх журналістаў узбуджаюць крымінальныя справы. Урэшце, краіну загналі ў эканамічны і палітычны тупік», — гэта цытата са «Звароту ўдзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі «Купала й незалежнасць Беларусі» з далёкага 2002 года. А за два дзесяцігоддзі штосьці змянілася?

Аднак — тым не менш — Купала быў, ёсць і застанецца запарукай вечнасці і нашай мовы, і нашай свабоды, і нашай дзяржаўнасці. Як і запарукай паразы «ворагаў Беларушчыны» розных гатункаў ды ўзростаў.

Бо Купалава Беларусь жыве!

Алесь Акуліч, Новы час