У новага арганізатара кінафестывалю — кінастудыі «Беларусьфільм» — ёсць жаданне прадставіць стужку Уладзіміра Янкоўскага. Пра гэта заявіў журналістам вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра нацыянальнай кінастудыі Юрый Ігруша, перадае «Народная воля».
«Гэтае пытанне неаднаразова ўздымалася, і да гэтага часу яно ў стадыі абмеркавання. У сувязі з тым, што "Беларусьфільм" стаў арганізатарам "Лістапада", ёсць жаданне прадставіць яго там, але пакуль рашэнне не прынята», — сказаў Ігруша.
Якія яшчэ фільмы будуць прадстаўлены на фестывалі, пакуль дакладна не вядома.
Фільм «Купала» — нацыянальны кінапраект. Як гаворыцца ў анатацыі на сайце «Беларусьфільма», гэты «фільм распавядае пра каханне і нянавісць, вайну і рэвалюцыю, жыццё і смерць. На экране паўстае гісторыя выдатнай асобы, паэта рэдкага таленту, чыя асабістая драма і чыя загадкавая гібель да гэтага часу бударажаць розумы даследчыкаў і прыхільнікаў».
Да стварэння карціны прыступілі ў 2018 годзе. Над ёй працавалі беларускія і расійскія аператары, здымкі адбываліся ў Беларусі, Расіі і Літве. Музыка запісвалася сімфанічным аркестрам. Галоўную ролю выканаў латвійскі акцёр з беларускімі каранямі Мікалай Шастак. У фільме таксама зняліся вядомыя беларускія артысты Вераніка Пляшкевіч, Аляксандр Абрамовіч, Алена Пабягаева, Ганна Палупанава, Аляксандр Яфрэмаў, Аляксандр Ільін, Максім Крэчат, Уладзімір Глотаў, Сяргей Чэкерэс і іншыя.
Афіцыйны трэйлер фільма «Купала» выйшаў напрыканцы 2019 года, у верасні 2020 года ў інтэрнэце з’явілася пірацкая версія фільма.