Кувалда над помнікам Ларысе Геніюш

Сумнавядомая гродзенская актывістка Вольга Бондарава пасля ідэалагічнай атакі на Астравецкую раённую бібліятэку імя Адама Мальдзіса і пагрому (кувалдамі!) прыватнага музея ў Старых Дарогах знайшла новы аб’ект для нападу — помнік Ларысе Геніюш у Зэльве. Яна напісала ліст ва ўладныя структуры, у якім просіць знесці помнік. Актывістцы адказвае на старонках «Народнай Волі» Міхась Скобла.


izobrazhenie_2023-03-13_195438174-696x392.png
Настаяцель зэльвенскай царквы Георгій Субаткоўскі асвячае помнік Ларысе Геніюш (фота з сайта Гродзенскай епархіі).

Помнік той ужо больш за дваццаць гадоў стаіць за высокай агароджай на царкоўным дворышчы, даглядаецца вернікамі, зэльвенцы з ім звыкліся і ўспрымаюць належным чынам — як годнае ўшанаванне знакамітай паэткі-зямлячкі. У мясцовым доме культуры, у бібліятэцы, у прыходскім доме і каля самога помніка шмат разоў праходзілі Геніюшаўскія паэтычныя чытанні, якія сталіся для Зэльвы добрай традыцыяй, як і ўзніклы пазней Ганненскі кірмаш.

У сваім адрасаваным ва ўладныя структуры лісце Бондарава напісала, што помнік «одним своим видом приносит невыносимые муки ветеранам ВОВ». Гэта высмактанае з пальца сцвярджэнне змагарка з помнікамі нічым не падмацавала. Бо падмацаваць няма чым. Мне дакладна вядома, што за ўсе дваццаць гадоў ні настаяцель зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы, ні мясцовы райвыканкам не атрымлівалі ніякіх ветэранскіх скаргаў адносна помніка. Наадварот, зэльвенскі бацюшка неаднаразова чуў на свой адрас падзячныя словы за паважлівае стаўленне да памяці Ларысы Геніюш — і ад сваіх прыхаджан, і ад заезджых экскурсій.

Наступны пасаж Бондаравай здзіўляе яшчэ больш: помнік, аказваецца, «позорит чистое имя Белорусской православной церкви». На гэтую хлуслівую інвектыву гродзенскай хунвэйбінкі мусіў бы адказаць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, але ён нешта падазрона доўга маўчыць. Кажуць, раіцца з епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Антоніем, што рабіць. Таму адкажу за маўклівага мітрапаліта я.

Ларысу Геніюш у мінскай турме ў 1948 годзе садзілі ў карцар — за намаляваны на запацелай шыбе воблік Хрыста.

Міністр дзяржбяспекі Цанава, які на допыце патрабаваў у паэткі архіў БНР і пагражаў расправай, пачуў ад яе спакойнае: «Без волі Божай і волас з маёй галавы не ўпадзе».

У ГУЛАГу Ларыса Геніюш, наколькі гэта было магчыма, арганізоўвала патаемныя святкаванні Вялікадня — свята Хрыстовага ўваскрашэння.

Калі ў бязбожныя 1960-я гады зэльвенскага святара ўлады выселілі з царкоўнага дома і ён не меў страхі над галавой, яму дала прытулак у сваёй хаце Ларыса Геніюш.

У зэльвенскай царкве і сёння можна пабачыць старажытнае напрастольнае Евангелле, абгорнутае ў чырвоны аксаміт — падарунак ад Ларысы Геніюш.

З духоўных, прасякнутых хрысціянскім духам вершаў Геніюш можна скласці цэлую анталогію...

Вось за ўсё гэта БПЦ, як мне бачыцца, і аддзячыла сваёй адданай верніцы — помнікам каля царквы.

Дарэчы, аднойчы яго ўжо спрабавалі знесці. Вось як гэта было.

Ідэя помніка была ўпершыню агучана старшынёй гісторыка-асветніцкага клуба «Спадчына» Анатолем Белым на старонках часопіса «Полацак» яшчэ ў 1996 годзе. Да яе з прыхільнасцю паставілася беларуская дыяспара, былі сабраны неабходныя сродкі.

Створаны неўзабаве аргкамітэт пісьмова звярнуўся ў Зэльвенскі райвыканкам з просьбай вызначыць месца пад помнік, над якім заканчваў працу скульптар Міхась Інькоў — родам з Зэльвы. Хутка прыйшоў адказ: «Раённы выканаўчы камітэт вырашыў дазволіць устаноўку бюста Ларысы Геніюш па вуліцы Савецкай, у скверы перад будынкам былога пасялковага Савета дэпутатаў за сродкі аргкамітэта».

Помніцца, як, перапоўнены радаснымі пачуццямі, я паехаў у Зэльву. Разам з тагачасным старшынёй райвыканкама Віктарам Будрэвічам мы агледзелі вызначанае месца (акурат насупраць хаты, дзе жылі Геніюшы).

Не ведаю, наколькі самастойным быў на той час райвыканкам у прыняцці рашэнняў. Але праз пэўны час я атрымаў з Зэльвы другі ліст, з якога вынікала, што раённая ўлада «перавырашыла» сваё ж рашэнне і адклала ўзвядзенне помніка да няпэўнага часу.

На гэтым справа мела ўсе шанцы заглухнуць. І яна ледзь не заглухла. Прайшлі гады, і ініцыятыву ізноў узяў на сябе Анатоль Белы. Ён дамогся аўдыенцыі ў мітрапаліта Філарэта, падаў яму чалабітную і атрымаў на ёй рэзалюцыю Уладыкі: «Бог благословит доброе начинание».

З рэзалюцыяй у кішэні, прыхапіўшы неабходнае начынне і сам бюст, Белы ў той жа дзень паімчаўся ў Зэльву. Вечарам помнік ужо стаяў справа ад увахода ў царкву.

Такіх «буры і націску» мясцовыя ўлады ніяк не чакалі. Раніцай наступнага дня настаяцель царквы быў выкліканы ў райвыканкам. Ва ўльтыматыўнай форме яму было загадана дэмантаваць помнік. Святар паказаў чыноўнікам дабраславенне Філарэта і сказаў, што такога ж дабраславення на дэмантаж не мае. Улады заняліся «вывучэннем сітуацыі».

Уявіўшы бульдозер на царкоўным цвінтары, я факсам перадаў у Зэльву ліст-пратэст, у якім гаварылася, што «разбурэнне асвечанага па ўсіх праваслаўных канонах помніка станецца беспрэцэдэнтным актам вандалізму і выкліча абурэнне грамадзянаў Беларусі і розгалас па ўсім свеце». Сярод іншых ліст падпісалі народныя пісьменнікі Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і акадэмік Радзім Гарэцкі.

Ліст разглядаўся на пасяджэнні выканкама, якім кіраваў ужо другі старшыня — Леанід Эльяшэвіч. Ён не захацеў застацца ў найноўшай гісторыі Беларусі руйнавальнікам помніка Ларысе Геніюш. Ад бюста тады адчапіліся.

Ці захоча зняславіць сваё імя ганебным учынкам сённяшні старшыня Зэльвенскага райвыканкама Дзяніс Альшэўскі? Хочацца верыць, што не. І што разам з мітрапалітам Веніямінам яны не дапусцяць вандалізму і адвядуць ад помніка Ларысе Геніюш занесеную гродзенскай цемрашалкай хунвэйбінскую кувалду.