Лабадзенка, Беланогая і Шапран вызначылі, дзе знаходзіцца Полаччына

Двухдзённы тур па Полаччыне быў арганізаваны грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” сумесна з полацкай гарадской суполкай Таварыства беларускай мовы “Рубон”. Трэба адзначыць, што суполка “Рубон” – сталы партнёр “Будзьмы” на Полаччыне.

А вось дзе менавіта знаходзіцца Полаччына? Вы скажаце, што гэта Полацк і Полацкі раён? Анягож! У полацкай гімназіі №2 навучэнцы, пералічваючы пісьменнікаў, якія паходзяць з Полаччыны, дайшлі да Купалы і Коласа, бо яны тут “бывалі і працавалі”. А потым выступоўцы з навучэнцамі супольна прыйшлі да высновы, што Полаччына – гэта “усё, што вышэй за Мінск”. А Мінск – увогуле “ўязны горад Полацкага княства”. Як напісаў некалі Рыгор Барадулін, “Ёсць полацкі менталітэт – ад Еўфрасінні, ад Скарыны… ад Полацка пачаўся свет…”

img_2637

Дык вось, гімназія №2 адметная яшчэ і тым, што знаходзіцца… бліжэй за ўсё да Цэнтра Еўропы. Адпаведны знак стаіць на полацкім праспекце Скарыны літаральна за 300 метраў ад гімназіі!

Глеб Лабадзенка прэзэнтаваў гімназістам склазенае ім непадцэнзурнае выданне навелы Уладзіміра Караткевіча “Ладдзя Роспачы”. Сяргей Шапран распавёў пра сваю працу над 1500-стронкавай энцыклапедыяй жыцця Васіля Быкава. А Таццяна Беланогая прэзентавала свой альбом “Ніткі”, а таксама выканала некалькі зусім новых песень з будучага альбома.

img_2076

У наваполацкай школе №2 будзьмаўцы выступалі ў кабінеце біялогіі. Апроч школьнікаў, вялікую цікавасць да імпрэзы праявіла водная чарапаха і шэраг экзатычных рыбак. Школьнікі, як высветлілася, ужо добра ведаюць пра кампанію “Будзьма”, а таму ўзрадваліся новым падарункам – паштоўкам з сімваламі Беларусі і цішоткамі з малюнкамі Лявона Вольскага. Адну такую цішотку выйграла дзяўчынка Ліза – і цяпер яна дакладна ведае, што нямецкі сабака брэша “Wuf! Wuf!”, рускі “Ав! Ав”, а беларускі “Гаў! Гаў!”.

Увечары выступоўцы завіталі ў наваполацкую бібліятэку імя Якуба Коласа. Дзякуючы шырокай рэкламнай кампаніі, якую правяла суполка ТБМ “Рубон”, слухачоў сабралася пад сотню! Сустрэча зацягнулася да вечара, і нават пасля яе сканчэння школьнікі распытвалі Глеба Лабадзенку пра рукапісы Караткевіча, а сталыя прыхільнікі ўпрошвалі Таццяну Беланогую выканаць дуэтам паланэз Агінскага.

img_2080

Назаўтра першы выступ адбыўся ў школе вёскі Вялікія Дольцы Ушацкага раёна. Выступ будзьмаўцаў асабіста наведала начальніца ідэалагічнага аддзела райвыканкама Вольга Захарэнка. У школе, разлічанай на 620 навучэнцаў, цяпер грызе навуку меней за 100 дзетак. Пры гэтым навучэнцы здабылі цэлы шэраг узнагарод на рэспубліканскіх і мясцовых спаборніцтвах па настольным тэнісе, бо школа абсталяваная цудоўнымі сучаснымі сталамі для гэтага віда спорту. Навучэнцы і выкладчыкі шчыра дзякавалі за цікавую імпрэзу. А гасцям за гэта паказалі гонар мясцовага школьнага музея – карціну… Язэпа Драздовіча!

Заключны выступ турнэ адбыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. З ініцыятывы Сяргея Шапрана на імпрэзе разам з будзьмаўцамі выступіла сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна, якой у ліпені споўніцца 85 гадоў. Сам Сяргей распавёў студэнтам шмат цікавага пра Быкава. Разам з “Ладдзёй Роспачы” і спевамі Таццяны Беланогай студэнты атрымалі шмат “дапаможнага матэрыялу” для навучання.

Ёсць полацкі менталітэт!

img_2081

img_2108

img_2095

img_2118

img_2132

img_2142

img_2318

img_2323

img_2530

img_2542

img_2541

img_2612

img_2630

img_2661

img_2674

img_2680

img_2683

Тэгі: , ,