Лабадзенка і Валошын пабылі з гасторолямі ў Полацку

img_8368_d0bdd0bed0b2d18bd0b9-d180d0b0d0b7d0bcd0b5d180

27 красавіка ў старадаўні Полацкі край завіталі паэт Глеб Лабадзенка і лідэр гурта HandmadE Яўген Валошын. На працягу дня творчы дуэт правёў чатыры сустрэчы, якія агулам наведала больш за 220 чалавек.

img_8374_d0bdd0bed0b2d18bd0b9-d180d0b0d0b7d0bcd0b5d180

Ранішняя музычна-паэтычная сустрэча адбылася ў Бяздзедавіцкай лякарні сястрынскага догляду, якая знаходзіцца недалёка ад Наваполацка ў былым сядзібным доме ХІХ стагоддзя. Старэнькім жыхарам лякарні не хапае патрэбнай увагі, ды і госці ў такія ўстановы наведваюцца не вельмі часта. Што казаць, калі бальніца працуе без галоўнага лекара, бо праца ў такіх установах лічыцца неперспектыўнай, а таму і спецыялісты неахвотна туды ідуць. На заканчэнне сустрэчы разам з гасцямі персанал установы, яе жыхары, а таксама арганізатар сустрэчы – намеснік галоўнага лекара наваполацкай бальніцы Андрэй Ільніцкі – выканалі беларускую народную песню «Купалінка».

У гімназіі №2 у Полацку і гімназіі №2 у Наваполацку Глеба Лабадзенку і Яўгена Валошына чакала ўжо зусім іншая аўдыторыя. Адмененыя дзеля сустрэчы ўрокі сабралі ў наваполацкай гімназіі паўнюткую залу. На працягу гадзіны больш за сто навучэнцаў слухалі вершы ды расказвалі свае, атрымліваючы за гэта падарункі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!». А пасля выканання некалькіх песняў на добрай школьнай апаратуры ў Яўгена Валошына і гурта HandmadE з’явілася шмат новых маладых прыхільніц.

Не стаіць творчая справа на месцы і ў гімназіі №2 Наваполацка: не так даўно свет пабачыў зборнік літаратурных твораў школьнікаў, які настаўнікі беларускай мовы прэзентавалі гасцям. Толькі чытаць свае творы маладыя аўтары гэтым разам на сустрэчы саромеліся.

img_8426_d0bdd0bed0b2d18bd0b9-d180d0b0d0b7d0bcd0b5d180

Апошняя сустрэча, у Наваполацкай гарадской бібліятэцы імя Якуба Коласа, арганізаваная кіраўніком мясцовай суполкі ТБМ Змітром Шчэрбікам, выкладчыкам Полацкага дзяржаўнага універсітэта, сабрала каля 30 чалавек – мясцовую інтэлігенцыю, сяброў суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Таму і музычна-літаратурная вечарына паступова ператварылася ў цёплую размову пра род Радзівілаў і іх прыезд у Беларусь, які ладзіўся пры непасрэдным удзеле Глеба Лабадзенкі, пра працу Глеба і Яўгена ў газеце «Звязда» і знаёмства з Рыгорам Барадуліным.

Сустрэчы прайшлі па ініцыятыве суполкі “Рубон” Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ і ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

img_8434_d0bdd0bed0b2d18bd0b9-d180d0b0d0b7d0bcd0b5d180

img_8436_d0bdd0bed0b2d18bd0b9-d180d0b0d0b7d0bcd0b5d180

Тэгі: ,