“Ладдзя Роспачы” прэзентаваная ў Нясвіжы

Першае непадцэнзурнае выданне Уладзіміра Караткевіча прэзентаванае ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы Нясвіжа. Імпрэзы ў межах агульнанацыянальнай грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбываюцца тут не ў першы раз. І, трэба сказаць, паспяхова. На ўсе пытанні віктарыны, якую Глеб Лабадзенка (укладальнік непадцэнзурнай “Ладдзі”) склаў з фактаў пра Караткевіча і Радзівілаў (пра што ж яшчэ пытацца ў Нясвіжы!), слухачы адказвалі лёгка і ўпэўнена. Прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – фірмовыя торбачкі, дыск “Тузін. Перазагрузка” і новы хіт – беларускамоўныя налепкі на клавіятуру. Слухачы атрымлівалі прызы – і нават не падазравалі, што налепкі чароўныя: хто іх налепіць на клавіятуру, той будзе пісаць на ёй толькі па-беларуску!..

Трэба сказаць, што слухачы вельмі ўразіліся тым, як па-дурному і бязлітасна савецкія рэдактары правілі Караткевіча. Сапраўды, цяжка ўявіць, каб нехта знайшоў нахабства так абыходзіцца з класікам…
Мастак-дызайнер Аляксей Кульбіцкі расказаў пра тое, як працаваў над аздабленнем кнігі. Увесь дызайн “Ладдзі” будуецца на тэхніцы выцінанкі.

— І ў кожнай выцінанцы – знак, — кажа Аляксей Кульбіцкі. – Вось тут зашыфраваны партрэт Караткевіча, тут – знакавы сімвал твора, кветка шыпшыны, а тут – кульмінацыя, гульня Вылівахі са Смерцю ў шахматы. Каб выканаць выцінанкі строга ў беларускіх традыцыях, я перагледзеў усе выцінанкі, якія знайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі!..

Аляксей прачытаў цэлую лекцыю па выцінанках. Цяпер жыхары Нясвіжа, якія былі на імпрэзе, не памыляцца: раз на выцінанцы выяўлены чалавек – гэта няйначай палеская выцінанка!..

Глеб і Аляксей апавялі таксама пра сваю будучую кнігу – унікальны фотаальбом князёў Радзівілаў, праца над якім вядзецца ўжо тры гады і які мусіць неўзабаве выйсці ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Альбом будзе ўтрымліваць каля 500 даваенных здымкаў князёў Радзівілаў і Нясвіжскага замка. Тлумачэнні да фота запісаныя ад князёўны Эльжбеты Радзівіл, якая жыла ў замку да 18 гадоў. Цяпер пані Эльжбеце 93 гады, яна жыве ў Варшаве.

Наведнікі імпрэзы запрасілі Глеба і Аляксея абавязкова прыехаць з прэзентацыяй гэтага альбома ў Нясвіж.

PS. Даведацца, дзе можна знайсці “Ладдзю Роспачы”, можна тут: https://labadzenka.by/?p=12428

n21

n11

n31

Тэгі: