Напрыканцы траўня ў Ветцы ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыліся літаратурна-мастацкія сустрэчы “Творчасць Фёдара Шклярава, Алеся Цыркунова”, якія ладзіла сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Ларыса Раманава. Удзельнікамі сустрэч былі настаўнікі, вучні 7-10 класаў САШ № 1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі.
Былі прэзентаваны два эсэ Ларысы Раманавай: “Алесь Цыркуноў, Фёдар Шкляраў: жывапіс — перадусім!” (літ. альманах “Палац”, №3, 2015), “Фёдар Шкляраў: Ветка —
жыццё, шчасце, радзіма мая!” (часопіс “Дзеяслоў”, № 56, 2012). Адбыўся паказ малюнкаў (накідаў алоўкам), зробленых Фёдарам Шкляравым ў 1940-70-ыя гады. Вучні пачулі цікавыя звесткі пра Ветку і веткаўчан, якімі звычайна Фёдар Шкляраў суправаджаў свае накіды. Напрыклад: “Накід. Калінкавічы. Дэмабілізаваны. 28.09.1947. Вясной 1947 года быў голад у нашай вобласці, і толькі ў Заходняй Беларусі яго, відаць, не было. Я з таварышам Караедавым Пятром паехалі абменьваць нешта на бульбу.
Ехалі туды і назад на таварняках. Ня трэба было пытацца ў людзей, на які цягнік садзіцца, таму што ехала надта многа людзей, і ўсе — у адным накірунку. Вось на станцыі “Калінкавічы” таварыш лёг прама на зямлю, падклаўшы рэчмяшок пад галаву, а я яго намаляваў.
Падумаць толькі, прайшоў усю вайну, застаўся жывы, і трэба было ехаць у Янова па звычайную бульбу, каб не памерці з голаду. У 1946-47 гадах у Беларусі была засуха.” (Запіс 7 студзеня 1982 года).
Або: “Накід. Партрэт Нячаева Парфірыя Мікітавіча. 11.01. 1956 г. Валявы, энергічны, характэрны, з адчуваннем уласнай годнасці твар чалавека, які так многа пражыў і пабачыў столькі гора, што выпала яму ў жыцці. Любы іншы чалавек на яго месцы не вытрымаў бы і разбіўся б, як асоба. І цяпер, калі гляджу на малюнак, у выразе яго вачэй бачу яшчэ прыроджаную высакароднасць, ён нібы пытаецца: “А ці ёсць яна цяпер у вас?”
Ён быў не надта адукаваны, але прыродны розум яго быў настолькі вышэйшы, чым у іншых, што яны гэта цудоўна разумелі. Я доўгі час ад яго быў залежны, яму падрарадкоўваўся на працы, зліўся. Назаўсёды засталося адчуванне павагі да яго, чаго няма да іншых.” (Запіс зроблены 13 студзеня 1982 г.).
Накіды алоўкам, а таксама карціны, напісаныя Ф.Р.Шкляравым, захоўваюцца ў фондах Веткаўскага музея. Таксама — некалькі карцін Алеся Цыркунова, падараваных ім у розны час музею.
Так, на сустрэчы ў школе дэманстраваліся карціны “Ветка. Разважлівы одум”, “Рыхтуй дровы ўлетку”, падараваныя мастаком у 2015 годзе, пасля заканчэння выставак “Два мастакі: размова праз гады. Алесь Цыркуноў — Фёдар Шкляраў”, якая экспанавалася на філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі, і выстаўкі “Маленне пад зорным небам” (выстаўка экспанавалася ў Веткаўскай раённай бібліятэцы).
Адкрыццё гэтых выстаў сталася цудоўнай нагодай успомніць лета 1975 года — цудоўны час, калі 27-гадовы Алесь Цыркуноў працаваў над карцінай “Веткаўчанін”, якая з 1990 года знаходзіцца ў Веткаўскім музеі. Тысячы людзей — наведвальнікі музея бачылі гэты партрэт Фёдара Шклярава, інтэр’ер да якога — шматлікія рэчы з яго славутай калекцыі. А таксама — букет палявых кветак… “Спатрэбіўся дваццаць адзін дзень месяца ліпеня. Штодня, па 15-17 гадзін напружанага творчага працэсу, ад раніцы да заходу, а там — купанне ў Сожы, быццам маленне пад зорным небам… Неверагодна, куды там той Кіпр ці Егіпет!”— згадвае пазней Алесь Цыркуноў у “Нататках”, напісаных спецыяльна да адкрыцця выставы ў Гомелі.
Вялікі цуд — тое, што мастакам пашчасціла сустрэцца, некаторы час хадзіць па адных і тых жа веткаўскіх сцяжынках і вуліцах, а найперш — быць побач духоўна, зведаць разуменне і падтрымку адзін аднаго (рэч даволі рэдкая ў асяроддзі творчых асобаў).
Алеся Цыркунова і Фёдара Шклярава звязвае любоў да жывапісу, надзвычай вялікая ўвага да драбніц жыцця, імкненне спасцігнуць яго сутнасць. Адсюль — спроба выявіць сябе і ў мастацтве слова. Фёдар Шкляраў вядомы як аўтар некалькіх кароткіх апавяданняў. Апавяданне “Хлеб” было надрукавана ў алманаху “Палац” (№ 2, 2014). Алесь Цыркуноў даволі часта ў выглядзе вершаў падпісвае карціны, дорачы іх сваім сябрам, знаёмым. Ён — аўтар апавядання “Спарыш”.
На сустрэчы адбылася размова пра творчасць некаторых сучасных мастакоў, чый лёс звязаны з Веткай і Веткаўскім раёнам. Так, вучні мелі магчымасць убачыць кнігу-каталог, зробленую да выставы “Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва” (выстаўка была наладжана ў Нацыянальным Мастацкім музеі ў 2014 г.), фотаілюстрацыю карціны З.В. Літвінавай (у раздзеле каталога “Сучасны постмадэрнізм”). Зоя Васільеўна Літвінава нарадзілася ў в. Старое Сяло, якая знаходзіцца непадалёк ад Веткі. І для старасельцаў, і для веткаўцаў Сож — як на далоні.
Сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі”. Удзельнікі атрымалі ў падарунак адметныя паштоўкі, сувеніры, а таксама — цудоўны настрой, веды пра сваю зямлю.