Заварваць штодня каву ці чай стала звычайнай справай для кожнага беларуса. А што ўжывалі нашыя продкі, калі гэтыя напоі былі непапулярнымі і малавядомымі? Гэта былі зусім не лясныя зёлкі, як можна было б падумаць, а гарачая піўная поліўка — граматка. Распавядаем, як прыгатаваць ласунак, які так любіў Вялікі князь Жыгімонт Стары.
Напой на піве з XIV стагоддзя
Прадукты для граматкі
Граматка вядомая ў гісторыі беларускай кулінарыі яшчэ з XIV стагоддзя — тады гэты ласунак лічыўся напоем і гатавалі яго на аснове гарачага піва. У тыя часы амаль не ўжывалі сырой вады, бо вада не з крыніцы небеспадстаўна лічылася бруднай і шкоднай для страўнікавай сістэмы.
Таму са смагай змагаліся неалкагольнымі ўзварамі і слабаалкагольнымі напоямі: півам, бражкай, віном і квасам. Некаторыя з гэтых напояў дадавалі ў паўнавартасныя стравы. Да прыкладу, на квасе маглі гатаваць верашчаку, а на піве — граматку — поліўку з дадаткам прынадаў, хлебных грэнак, жаўткоў і сыру або тварагу.
Глядзіце яшчэ:
Любімы ласунак унука Ягайлы
Даследчыкі гісторыі беларускай кулінарыі сцвярджаюць, што з піўной граматкі вельмі любіў пачынаць сваю раніцу ўнук Вялікага князя Літоўскага і польскага караля Ягайлы Жыгімонт І Стары. Граматка да сняданку была для яго як сёння ранішняя кава за сямейным сталом.
Жыгімонт І Стары
Пасля таго, як тагачасным элітам стала вядома пра любоў да граматкі манарха, то амаль кожны шляхціч стараўся пачынаць з яе свой ранак. А калі манарх ажаніўся з міланскай прынцэсай Бонай Сфорца, то пасля першай шлюбнай ночы менавіта граматку падалі каралеве Боне, і з гэтай стравы пачалося яе знаёмства з мясцовай кухняй.
Каралева Бона Сфорца
Кава/гарбата vs граматка
У XVIII ст. сярод вышэйшых пластоў тагачаснага грамадства пачынаюць актыўна распаўсюджвацца кава і чай. Пазней ад граматкі пачынаюць паступова адмаўляцца, але гэтая страва вяртаецца ў ХІХ ст. як сырны суп на аснове піва з дадаткам смятаны і спецый. Тады ў страву пачалі дабаўляць цынамон і трысняговы цукар, які доўгі час лічыўся прынадай, а не падсалоджвальнікам.
Граматку ў сваім творы «Пан Тадэвуш», што пісаўся на пачатку 1830-х гадоў, узгадваў Адам Міцкевіч чатырма радкамі:
Старэйшыя пані, устаўшы, раней пілі каву;
цяпер жа затое зрабілі інакшую страву
з гарачага піва з набелам сабранай сьмятаны,
ў каторым грудкамі плывае тварог пасяканы.
Вокладка твора Адама Міцкевіча
Як прыгатаваць граматку?
Для прыгатавання поліўкі варта выкарыстоўваць піва лагодных гатункаў, як лагер (або цёмнае піва, калі хочаце зрабіць поліўку салодкай).
1. Півам запоўніць рондаль, усыпаць шчопаць кмену, на мінімальным агні давясці вадкасць да кіпення, але не кіпяціць.
Алкаголь сыдзе па меры тэрмічнай апрацоўкі. Калі вы не любіце лёгкую горыч або не жадаеце ўжываць алкагольны напой, то можна выкарыстоўваць безалкагольнае піва, з ім поліўка атрымліваецца нашмат лагодней. Таксама можна лагер змешваць з вадой па смаку.
2. Пакуль піва з кменам набірае тэмпературу — робім граматку!
У посуд дадаць тры жаўткі, таркаваны сыр або твораг (на асабісты смак), смятану, соль і цукар па смаку (граматка можа быць і салодкай).
3. Узбіць напаўненне поліўкі і ўліць яго тонкім струменьчыкам, пастаянна памешваючы ласунак. Размяшаць, каб сыр і тварог разышліся. Гатова!
Найлепшая тэмпература для граматкі — 80 градусаў.
4. Падаваць з грэнкамі з белага хлеба або кавалачкамі хлеба, дадаўшы іх у посуд з граматкай.
Нам спатрэбяцца на 4 порцыі:
Піва светлае — 600 мілілітраў
Вада — 200 мілілітраў
Смятана — 150 грамаў
Жаўткі — 3 штукі
Сыр таркаваны — 60 грамаў
Грэнкі — 60 грамаў
Шчопаць кмену
Соль і цукар па смаку
Смачна есці!
Чытайце яшчэ: Жульен па-беларуску. Страва са стала караля і вялікага князя