Адзіночныя цагляныя калоны — гэта помнікі гісторыі і архітэктуры. На тэрыторыі нашай краіны іх узводзілі па ўзорах антычных калон пачынаючы з 15 стагоддзя, піша «Слушна». Найчасцей такія калоны круглыя ці шматгранныя, часам звужаны ўверсе ці састаўныя. На некаторых калонах захаваліся нішы, дзе былі ўстаўлены дошкі з надпісамі. Наверсе калон усталёўвалі крыж ці фігуру якога-небудзь святога. Некаторыя калоны нашыя продкі лічылі лекавымі.
Чаму іх ставілі?
На тэрыторыі Беларусі захавалася каля трох дзесяткаў старажытных цагляных памятных калон вышынёй ад 3 да 12 метраў. Некалі іх было значна больш. Ставілі іх каля дарог, асабліва пры ўездах ў гарады і мястэчкі, на плошчах, могілках ды іншых мясцінах. Напрыклад, у сярэдзіне 19 стагоддзя пры ўездзе ў Нясвіж стаялі тры калоны са скульптурамі Божай Маці, Іісуса Хрыста і Яна Прадвесніка, а пры ўездзе ў Лагойск з боку Мінска — на высокім каменным слупе была статуя Святога Яна ў пазалочаным арнаце, у адной руцэ з крыжам, а ў другой з галінкай.
Некаторыя калоны ставілі ў знак збаўлення ад пошасці. Так, у вёсцы Лемяшэвічы Пінскага раёна калону ўзвялі ў 1870 годзе ў памяць выратавання ад халеры. У нішы гэтага слупа стаяў абраз з выявамі святых Антонія Пячэрскага і Якава.
У Аснежыцах каля Пінска сярод поля захавалася калона, узведзеная памешчыкам на тэрыторыі свайго маёнтка ў памяць аб памерлых дзецях.
Паколькі ў касмалагічных міфах каменны слуп з’яўляецца цэнтрам сусвету, то ў народных вераваннях гэта абумовіла ўзнікненне шматлікіх паданняў і павер’яў пра такія архітэктурныя аб’екты. Гэта і Янаўская Калона, і Шведскі Слуп, і Напалеонава Калона, і Французскі Помнік ды інш.
У наш час існуюць дзве калоны, якія лічаць лекавымі. Гэта калона паміж вёскамі Скокі і Матыкалы Брэсцкага раёна і калона на могілках каля вёскі Фашчаўка Шклоўскага раёна.
Калона Святога Рафаіла
Гэта калона стаіць на ўзвышшы, на месцы колішняга маёнтка роду Нямцэвічаў. У сярэдзіне 18 стагоддзя гэты слуп ўзвёў Марцэль Нямцэвіч — бацька пісьменніка і гісторка Юльяна Урсына Нямцэвіча (1758 — 1841). Марцэль ад свайго бацькі Аляксандра атрымаў у спадчыну невялікую сядзібу з драўляным домам, дзе і нарадзіўся Юльян Урсын.
У Марцэля і яго жонкі Ядзвігі з Сухадольскіх было 16 дзяцей і палова з іх памерла ў малым узросце. Марцэль быў вельмі веруючым чалавекам, і каб спыніць смерць дзяцей, ён па аброку ўзвёў калону і наверсе змясціў скульптуру архангела Рафаіла, які лічыцца апекуном усіх жывых істот. Калона дастаяла да нашага часу, толькі без скульптуры. Але ў народзе захавалася памяць пра яе лекавую моц і нават гэту калону па-мясцоваму называюць Рахвал (Рафаіл). Згодна з павер’ямі, каб не хварэць, трэба дакрануцца да калоны і крыху пастаяць каля яе.
Апроч калоны паблізу знаходзіцца мураваны сядзібны дом Нямцэвічаў. Цяпер ў ім музей з багатай экспазіцыяй і выставачнай залай.
Імя Рафаіл са стараяўрэйскай мовы перакладаецца як «Збаў, Божа!» або проста «доктар». Дзень памяці Святога Рафаіла адзначаеца 21 лістапада. Яго ўшаноўваюць і католікі, і праваслаўныя. Верылі, што Рафаіл не толькі лечыць, але і дае веды дактарам, навучае іх, як правільна выкарыстоўваць лекавыя зёлкі, а таксама прываблівае пацыентаў. Яго лічаць апекуном фармацэўтаў і афтальмолагаў. Святому Рафаілу таксама моляцца аб жаніцьбе і шлюбе.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі існуе капліца Святога Рафаіла ў вёсцы Прошкава Глыбоцкага раёна. Да 1935 года храм святых Казіміра і Рафаіла быў у Бешанковічах на Віцебшчыне, а першы храм на тым месцы згадваецца з 15 стагоддзя.
Фашчаўская калона
У Фашчаўку можна патрапіць з трасы М8 да цэнтра вёскі і налева да могілак. У вёсцы яшчэ ў пачатку 17 стагоддзя пабудавалі драўляны касцёл. Падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе святыня была знішчана, але на яго месцы неўзабаве пабудавалі мураваны храм і ў 1754 годзе асвяцілі яго ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
У храме захоўваліся мошчы Святога Сымпліцыяна — каталіцкага біскупа, папы рымскага першых стагоддзяў хрысціянства і часткі Святога Крыжа Гасподняга. Пасля паўстання 1830–1831 гадоў мошчы і часткі крыжа былі перанесены і захаваны на могілках. На гэтым месцы ўзвялі чатырохгранную калону з чырвонай цэглы. Наверсе паставілі драўляную скульптуру святога Сымпліцыяна. Калона і рэшткі скульптуры захаваліся да нашых дзён. Касцёл быў падарваны 24 снежня 1967 года. Напрыканцы 1980-х гадоў на месцы, дзе стаяў касцёл, паставілі крыж.
Калону ў Фашчаўцы называюць Фашчаўская Калона, Фашчаўскі Ёлуп, Помнік Святому Сымпліцыяну. У народзе помнік карыстаецца вялікай пашанай. Па павер’ях, як мошчы Сымпліцыяна, так і часткі Святога Крыжа, якія ляжаць пад калонай, дапамагаюць пазбыцца хвароб.