Чароўная Лепельшчына. Чым здзівіць радзіма Цмока? Частка 2

Прапануем рушыць у чароўны запаведны край азёраў, лясоў, балотаў ды цмокаў — у Лепельскі раён Віцебскай вобласці. Тут нас чакаюць архітэктурныя ды прыродныя помнікі, магілы славутых месцічаў, смачныя традыцыйныя стравы, легенды, паданні і іншыя мясцовыя цікавосткі. Сёння наведаем вёску Губіна з маляўнічымі руінамі некалі велічнага касцёла, галоўную прыродную перліну Лепельшчыны Бярэзінскі біясферны запаведнік, пакаштуем мясцовых клёцак «з душамі» і азнаёмімся з іншымі турыстычнымі цікавосткамі раёна.


1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Чытайце яшчэ: Чароўная Лепельшчына. Чым здзівіць радзіма Цмока? Частка1

Губіна

Далей на Лепельшчыне прапануем рушыць у вёску Губіна. Турысты трапляюць сюды, калі едуць да бясконцых азёраў, на якія багатае наваколле. На жаль, у вёсцы захаваліся толькі крушні некалі велічнага храма Святога Антонія, але ж выглядаюць яны дастаткова ўражліва, каб настойліва раіць туды завітаць.

2.jpg
Фота: planetabelarus.by

Напачатку XVIII стагоддзя вёска Губіна згадваецца як уладанні Пакашаў, прадстаўнік якога, стольнік віцебскі Ян Пакаш у 1714 годзе распачаў тут узвядзенне мураванага каталіцкага храма. Касцёл быў збудаваны ў стылі барока ў выглядзе крыжа з дзвюма высокімі вежамі, меў тры алтарныя часткі, галоўным з алтароў і найбольш шанаваным вернікамі быў алтар у гонар Маці Божай Вастрабрамскай.

3.jpg Фота: planetabelarus.by

У 1759 годзе фундатар касцёла Ян Пакаш запрасіў у Губіна ордэн францішканаў і пабудаваў пад іх патрэбы двухпавярховы мураваны кляштар. Вядома, што сюды ладзілася вялікая колькасць пілігрымак. Айцы-францішкане сабралі ў кляштары вялікую бібліятэку са старажытнымі выданнямі ды архіў.

 4.jpg
Кляштар і касцёл францішканаў у вёсцы Губіна, 1913

Пасля таго як тэрыторыя сучаснай Беларусі патрапіла пад уладу Расійскай імперыі, тут уздымалася вялікая колькасць паўстанняў. У 1831 годзе падчас Лістападаўскага паўстання айцы-францішкане актыўна дапамагалі інсургентам, апекаваліся параненымі, якія ратаваліся ад пераследу новых уладаў, у некаторых францішканскіх касцёлах захоўвалася зброя. На гэтай падставе царскія ўлады пасля паразы паўстання скасавалі дзейнасць ордэна. З таго часу касцёл у Губіна стаў парафіяльным.

5.jpg
Касцёл, Губіна, 1913

Тагачасныя ўладальнікі Губіна род Сяляваў і Шырынаў працягвалі ўтрымліваць касцёл і кляштар на свае сродкі. Напачатку ХХ стагоддзя губінская парафія налічвала каля двух тысячаў вернікаў. У кляштары працягвала захоўвацца старажытная францішканская бібліятэка, сабраная яшчэ напрыканцы ХVIII стагоддзя.

6.jpg
Губіна, у касцёле, 1913

Губінскі касцёл перажыў перыяд Сусветных войнаў, але перажыць савецкае панаванне не даў рады. Пасля затрымання і высылкі ксяндза ў 1929 годзе храм быў зачынены, а з вежаў знятыя крыжы. Памяшканні касцёла і кляштара былі перададзеныя мясцоваму калгасу, храм быў спачатку прыстасаваны пад клуб, пасля пад свіран.

7.jpg
Макараўскае возера, Губіна, 1941

З 1960-х помнік архітэктуры барока разабралі на цэглу для новай стайні. Сёння ад велічнага архітэктурнага комплексу францішканаў застаўся фрагмент вежы і сцяна колішняга прэсвітэрыя. Тым не менш касцёл унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

 8.jpg
Фота: planetabelarus.by

8-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Бярэзінскі біясферны запаведнік

Вандруючы па Лепельшчыне, немагчыма не наведаць асноўны прыродны помнік раёна — Бярэзінскі біясферны запаведнік. Ён з’яўляецца адзіным у Беларусі запаведнікам — ахоўнай прыроднай тэрыторыяй найвышэйшага чыну. Гэты ўнікальны прыродны комплекс уяўляе з сябе выключную размаітасць разнастайнага кшталту лясоў, лугоў, балотаў — асабліва каштоўнымі лічацца тыя, што парослыя чорнай вольхай, флоры і фаўны абалоння Бярэзіны, мноства вялікіх ды малых рэкаў, непаўторных азёраў.

 9.jpg
Фота: planetabelarus.by

9-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Плошча запаведніка каля васьмідзесяці пяці гектараў, месціцца ён у паўночнай частцы Беларусі, на мяжы Віцебскай і Мінскай абласцей. Праз усю тэрыторыю Бярэзінскага біясфернага запаведніка працякае рака Бярэзіна, у абалонні якой можна сустрэць рэдкія віды раслінаў і жывёлаў, частка з якіх занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.

10.jpg
Фота: planetabelarus.by

10-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

Запаведныя лясы насяляюць бобр, язвец, парашэня, скапа, чорны бусел, шэры жораў, беркут, арлан-белахвост і іншыя шматлікія прадстаўнікі мясцовай фаўны. Тут у прыродных умовах можна сустрэць разам усе пяць прадстаўнікоў самых буйных сысуноў (млекакормячых) — лася, зубра, ваўка, рысь і бурага мядзведзя. Амаль траціна ўсёй папуляцыі апошняга насяляе Бярэзінскі біясферны запаведнік, мядзведзікаў тут каля сарака асобінаў.

11.jpg
Фота: planetabelarus.by

11-1.jpgФота: planetabelarus.by

Па тэрыторыі запаведніка распрацавана вялікая колькасць пешых, роварных, конных, камбінаваных маршрутаў і цікавыя вандроўкі па Бярэзінскай воднай сістэме, якая лічыцца часткай шляху «з варагаў у грэкі».

12.jpg
Фота: planetabelarus.by

12-1.jpg
Фота: planetabelarus.by

У турыстычным цэнтры Бярэзінскага біясфернага запаведніка, у вёсцы Домжэрыцы, штогод праводзіцца фестываль «Шлях цмока». Тут можна наведаць і цікавыя экскурсіі, і паслухаць мясцовых легендаў пра галоўны сімвал Лепельшчыны — цмокаў, пакаштаваць традыцыйных страваў і паслухаць разнастайнай музыкі. Тут жа функцыянуе Цэнтр міфалагічнага турызму — адзіны ў Беларусі, ён уключае ў сябе Музей міфалогіі і экалагічную сцежку «У краі міфаў».

13.jpg
Фота: planetabelarus.by

З турыстычнай інфраструктурай у вазёрным краі ўсё ў парадку, на Лепельшчыне не бракуе месцаў, дзе можна падсілкавацца. Тут працуе комплекс «Гасцінны двор», бар «У Мацешы», міні-кафэ «Сем вятроў», ёсць закусачная «Віраж» у вёсцы Бароўка, у Домжэрыцах ёсць кафэ «Лясны тракцір».

14.jpg
Фота: belta.by

Гастранамічнай фішкай Лепельшчыны, паводле меркавання месцічаў, лічацца так званыя клёцкі «з душамі». Гэта традыцыйная страва для ўсёй Паўночнай Беларусі. Клёцкі — гэта правільнай формы бульбяныя камячкі, куды ў якасці начынення закладаюць «душу». «Душа» можа складацца са шкваркаў, мяса, цыбулі з грыбамі. Клёцкі абварваюць каля гадзіны, падаюць гарачымі з маслам ці смятанай.

15.jpg
Фота: zviazda.by

З тым, дзе заночыць, на Лепельшчыне таксама не будзе праблемаў. У самім Лепелі працуе аднайменная гасцініца, ля аўтадарогі Мінск — Віцебск ёсць невялікі гатэль «Гасцінны двор». Да таго ж на тэрыторыі раёна адчынены для турыстаў дзверы каля дваццаці аграсядзібаў, можна заночыць у гасцявых будынках непасрэдна на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

16.jpg
Фота: planetabelarus.by

Вандруйце разам з «Будзьма!».

ПЖ, budzma.org