Прапануем рушыць у чароўны запаведны край азёраў, лясоў, балотаў ды цмокаў — у Лепельскі раён Віцебскай вобласці. Тут нас чакаюць архітэктурныя ды прыродныя помнікі, магілы славутых месцічаў, смачныя традыцыйныя стравы, легенды, паданні і іншыя мясцовыя цікавосткі. Сёння наведаем непасрэдна раённы цэнтр Лепель і вёску Макараўшчына, дзе варта наведаць старадаўнюю царкву на маляўнічым узгорку, з якога адкрываюцца непаўторныя краявіды.
Фота: planetabelarus.by
Лепель
Спачатку рушым у старажытны Лепель, які ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1439 годзе як паселішча Стары Лепель, якое было падаравана Міхалам Жыгімонтавічам, сынам князя ВКЛ, віленскаму касцёлу. Вядома, што ў 1563 годзе Лепель быў спалены маскоўскім войскам, а на папялішчы былі ўзведзены вайсковыя ўмацаванні, якія ў той жа год былі ўзятыя гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым зноў пад уладу ВКЛ. У 1568 годзе на адной з сямі выспаў Лепельскага возера, заселенай ажно з XII стагоддзя, быў пабудаваны замак. Будаўніцтва яго было даручана полацкаму кашталяну, старасту лепельскаму Юр’ю Зяновічу.
Побач са Старым Лепелем на беразе возера пашыралася вёска Белая, якая з цягам часу атрымала назву Новага Лепеля, або Белага Лепеля. У 1586 годзе маёнтак Стары Лепель набыў уладальнік Белага Лепеля Леў Сапега. Так напрыканцы XVI стагоддзя ўтварыўся новы гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр Лепель. У 1609 годзе Леў Сапега прадаў Лепель віленскаму кляштару бернардзінак.
У 1805 годзе Лепель перайшоў ад бернардзінак да дзяржавы і атрымаў статус мастэчка. Падчас вайны 1812 года горад быў ушчэнт спалены. Вядома, што ў адбудаваным пасля шматлікіх пажараў Лепелі пасля ссылкі з 1937 па 1841 год жыў паэт, фалькларыст, паплечнік Адама Міцкевіча і іншых выбітных дзеячаў, чый шлях пачаўся з гурткоў Віленскага ўніверсітэта, Ян Чачот.
Ян Чачот
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
У 1841–1844 гадах у Лепелі на месцы старога храма, які будаваў яшчэ канцлер ВКЛ Леў Сапега ў 1586 годзе, была ўзведзена мураваная царква Святой Параскевы Пятніцы. На пачатку ХХ стагоддзя царква была перабудаваная з дрэва, у такім выглядзе мы можам пабачыць яе сёння. Зараз у інтэр’еры царквы захоўваюцца дзве старажытныя іконы Маці Божай Смаленскай XVIII стагоддзя і Апосталаў Пятра і Паўла першай паловы ХІХ стагоддзя, што прыцягвае ў Лепель вялікую колькасць пілігрымаў.
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ адной славутасцю, на якую варта звярнуць увагу ў Лепелі, з’яўляецца касцёл Святога Казіміра, які будаваўся амаль дваццаць год: з 1857 па 1876 гады. Першапачаткова лепельская парафія ўзнікла ў 1602 годзе, калі Леў Сапега фундаваў тут узвядзенне каталіцкага храма, які адначасова з’яўляўся адным з першых каталіцкіх храмаў на Полаччыне. Царква некалькі разоў гарэла, з 1833 года набажэнствы ў Лепелі адбываліся ў невялікай драўлянай капліцы, пакуль сродкі на ўзвядзенне новага мураванага касцёла не ахвяраваў месціч, калежскі асэсар з прозвішчам Мальчэўскі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Храм быў узведзены ў стылі позняга класіцызму паводле праекта архітэктара Мачулевіча. Аздабленне храма аформлена ў стылі барока. У 1935, за савецкім часам, храм быў зачынены, а святар арыштаваны. Будынак спачатку занепадаў, а ў 1970-я ў ім зрабілі гараж і трансфарматарную падстанцыю. Храм вярнуўся да вернікаў у 1990-я.
Насупраць касцёла ў 2010-м быў усталяваны помнік першаму фундатару каталіцкага храма ў Лепелі Льву Сапегу.
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Мёрскім раёне. Частка шостая
Ёсць яшчэ адна вартая ўвагі праваслаўная царква ў Лепелі, асвечаная ў гонар Святога Георгія. Храм узведзены напачатку ХХ стагоддзя з чырвонай цэглы і з’яўляецца помнікам рэтраспектыўна-рускага стылю. Знаходзіцца царква на мясцовых праваслаўных могілках.
Фота: wikimedia.org
Сёння сімвалам Лепеля з’яўляецца міфалагічная істота — цмок. На беразе возера, у гарадскім парку, у 2013 годзе быў усталяваны помнік Лепельскаму цмоку. Выраз твару ў цмока настолькі добры і ласкавы, што цяжка паверыць, што ён, паводле легендаў, мог кагосьці пакрыўдзіць. Лічыць менавіта Лепель радзімай Цмока прынята паводле гістарычнага рамана Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні (Евангелле ад Юды)», дзе аўтар падрабязна апісвае знешні выгляд міфалагічнага персанажа ды распавядае, як у Сярэднявеччы ў Лепельскім возеры за адну ноч загінула каля сарака цмокаў. Увасобіў у жыццё легенду майстар Леў Аганаў, аўтар шматлікіх гістарычных гарадскіх скульптураў, якія можна пабачыць у розных гарадах Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Месцічы распавядаюць, што з даўнішніх часоў тут існуе апісаны этнографамі звычай, згодна з якім кожная пара пасля шлюбу мусіць ахвяраваць Цмоку, які, паводле легенды, жыве ў мясцовым возеры і па сённяшні дзень, выпіўку ды закуску. Інакш нічога добрага па выніках шлюбу чакаць не варта.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Макараўшчына
Далей прапануем рушыць у вёску Макараўшчына, дзе варта звярнуць увагу на царкву Святога Мікалая Цудатворца 1880-х гадоў пабудовы. Яна стылёва не асабліва вылучаецца сярод шматлікіх праваслаўных бажніцаў, узведзеных у другой палове ХІХ стагоддзя па тыповым праекце. Але размяшчаецца дадзены храм у вельмі прыгожым месцы, адкуль можна паназіраць маляўнічых краявідаў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Царква была ўзведзена на месцы колішняга грэка-каталіцкага храма ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Астатнім святаром храма быў Філагры Костка, якога месцічы ўзгадваюць як працавітага, шчырага, набожнага чалавека. Апошняе набажэнства ў царкве адбылося ў 1928 годзе. Пасля закрыцця савецкай уладай царквы і забароны рэлігійнай дзейнасці Філагры Костка пачаў праводзіць набажэнствы дома. Тут адбываліся таемныя хрышчэнні, споведзі, святар часта асабіста наведваўся да мясцовых вернікаў.
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Лунінецкім раёне. Частка першая
Калі пачалася калектывізацыя, айцец Філагры сумесна з аднавяскоўцамі Георгіем і Ціханам Армонікамі, Пятром Ялугам, каб не апынуцца ў савецкім калгасе, вырашылі арганізаваць асобны калгас у вёсцы Макараўшчына. Яны думалі, што такім чынам пазбегнуць бальшавіцкай калектывізацыі. У 1930 годзе за стварэнне кулацкага фармавання ўсе чатыры ўдзельнікі былі арыштаваныя «за антысавецкую агітацыю і ўдзел у патаемных кулацкіх сходах». Святар апынуўся ў Полацкай вязніцы. Адтуль не вярнуўся, бо быў расстраляны разам з іншымі святарамі.
Падчас Другой сусветнай вайны царква ў Макараўшчыне была часткова зруйнаваная. Будынак вярнуўся да вернікаў у 1991 годзе. Напрыканцы мінулага стагоддзя пачаліся працы па аднаўленні храма, якія працягваюцца па сённяшні дзень. Царква месціцца на ўзгорку, адкуль адкрываюцца маляўнічыя краявіды на калісьці велічны касцёл у вёсцы Губіна, куды мы скіруемся ў наступнай частцы нашай вандроўкі па Лепельшчыне.
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе
ПЖ, budzma.org