Лявону Юрэвічу – 55!

30.06.2020 Асоба

30 чэрвеня 55-гадовы юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Лявон Юрэвіч (ЗША).


Лявон Юрэвіч — вядомы беларускі архівіст, гісторык літаратуры, бібліёграф, крытык каментатар і публікатар шматлікіх дакументаў і мастацкіх тэкстаў беларускай эміграцыі, якія дзякуючы яго нястомнай дзейнасці рэгулярна ўваходзяць у навуковы ўжытак.

Ахвяруючы ўвесь свой час па-за працай у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы на даследаванні беларускай эміграцыйнай спадчыны, спадар Лявон сёння з’яўляецца таксама адным з найгалоўных рухавікоў навуковай дзейнасці Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Яго заслуга — многія тысячы старонак уплывовага навуковага альманаха «Запісы БІНіМ».

Лявон Юрэвіч: «Сітуацыя з заробкамі ў бібліятэках ва ўсім свеце аднолькавая»

Плён Лявона Юрэвіча — дзясяткі ўнікальных па-майстэрску напісаных кніг, часта ў суаўтарстве з даследчыцай Наталляй Гардзіенка, сярод якіх ладная частка серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Манаграфіі, падрыхтаваныя з удзелам спадара Лявона, запаўняюць культурныя і гістарычнія прабелы, спалучаюць захапляльны аўтарскі стыль з глыбокім аналізам матэрыялу, скіраваным на праблематызацыю гісторыі, разбурэнне догмаў і падштурхоўванне літаратура- і эміграцыязнаўчай навукі да развіцця. Кожная з іх доўгачаканая, выхад кожнай робіцца буйной падзеяй у навуковым асяродку.

Ад усяго сэрца віншуем дарагога юбіляра са святам і зычым яму нязгаснай энергіі і творчага натхнення, заўсёднага добрага настрою, дабрабыту, новых адкрыццяў і дасягненняў.

Управа МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»