Да чаго давялі лібэралізацыя зь беларусызацыяй, альбо Зьмена дэкарацыяў па-беларуску

04.10.2023

Неабыякавыя грамадзяне напісалі куды трэба, і вось ужо ў Мінску мяняюць шыльды з лацінкай на кірылічныя. А што будзе, калі аднойчы гэтыя самыя неабыякавыя грамадзяне гэтаксама напішуць куды трэба, «што ўрокі беларускай мовы і літаратуры ня маюць для дзяцей аніякае практычнае карысьці, адно прышчапляюць (страшна сказаць!) нацыяналізм». Такім пытаннем задаецца Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на budzma.org


 З лацінкавымі шыльдамі сыходзіць эпоха «тыпу-лібэралізацыі» і «тыпу-беларусызацыі», дыктатуры з чалавечым абліччам.

«Тыпу-беларусызацыя» – адкуль растуць ногі

Яна, гэтая «тыпу-беларусызацыя» пачалася ў 2014-м, калі Расея захапіла Крым, і РБшнае начальства перапалохалася: дык гэтак жа можа стацца й з намі! Зойдуць ветлівыя зялёненькія чалавечкі, правядуць рэфэрэндум і – voila! – ты ўжо не прэзыдэнт, а намесьнік губэрнатара Паўночна-Заходняга краю. Намесьнік, бо губэрнатара паставяць «зьверху».


Фота: budzma.org

Наогул, беларускім начальствам часьцяком кіруе страх. Страх перад уплывовымі канкурэнтамі, якія мелі рэальны ўплыў і ўвесь час «расхіствалі лодку». Вынікі таго даўняга страху – зьнікненьні людзей, праўда пра якія дагэтуль (мінула болей за 20 гадоў), як яе ні хавай, упарта выплывае на паверхню.

Страх перад масавымі пратэстамі і народнай нелюбоўю. Вынікі гэтага нядаўняга страху – беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, калецтвы і забойствы, закручваньне гаек, эміграцыя, русіфікацыя.

Тады ж, у 2014-м, страх, наадварот, быў перад гэтай самай русіфікацыяй, празь якую Беларусь можна было акуратненька, бяз шуму і пылу, пад’яднаць да «старэйшай сястры». Вось і пачалі (асьцярожненька, паціху) дазваляць вышыванкі-вышымайкі, symbal.by, Дні беларускай мовы, арт-прасторы, а праз тры гады – нават дазволілі выступаць (не паўсюль, але хоць дзе-нідзе) фігурантам чорнага сьпісу, музыкам, якіх забаранялі з 2004 па 2007 і з 2010 па 2017. Урэшце дазволілі нават сьвяткаваньне «БНР-100»!



Канцэрт 25 сакавіка 2018 г. Фота: Belsat

У цэнтры горада, са сьцягамі, канцэртам і патрыятычнымі прамовамі. У Менску амаль легальна працаваў офіс «Белсату», журналісты «Свабоды» й «Нашай нівы» бесьперашкодна праводзілі апытаньні на вуліцах беларускіх гарадоў, на гэтых жа цэнтральных вуліцах паадчыняліся крамы зь беларускай атрыбутыкай – Пагоняй, бел-чырвона-белымі сьцягамі і ўсім тым, за захоўваньне чаго сёньня можна атрымаць пару годзікаў зьняволеньня.

Адчынілі дзьверы сучасныя кавярні, бары й рэстарацыі, бо палагаднела заканадаўства, і за пару годзікаў колькасьць гэтых харчовых установаў неверагодна ўзрасла.

Што схавана за прыгожай карцінкай

Гэта ўсё, натуральна, была прыгожая дэкарацыя – па-сутнасьці, нічога асабліва не зьмянілася: колькасьць беларускіх школаў ня вырасла, ва ўнівэрсытэтах працягвалі весьці заняткі па-расейску, чыноўнікі спрэс (апроч асобных лічаных выпадкаў) карысталіся трасянкаватай расейскай мовай, тое ж самае было ў дзяржаўнай прэсе і ўсіх уладных інстытуцыях.

Людзей працягвалі саджаць за грамадзкую актыўнасьць і так званыя «эканамічныя злачынствы», то бок, ні за што. Але карцінка была прыгожая: на чыстай-чыстай вуліцы ў чыстай-чыстай кавярні сядзіць чысты-чысты хіпстэр і спажывае мафін, утаропіўшыся ў экран свайго MacBook.

Новы страх і зьмена дэкарацыяў

Такія былі вынікі страху перад ветлівымі зялёнымі чалавечкамі. Але ўсе старыя ястрахі перакрэсьліў новы.

Страх перад шматтысячнымі, ледзьве не мільённымі, пратэстамі. Перад тым, што вось яны, гэтыя «пацукі», гэтыя «наркаманы й прастытуткі» ўварвуцца ў сьвятая сьвятых – палац незалежнасьці, ахова пакідае свае аўтамацікі ды кінецца наўцёкі, а то й (такога таксама нельга выключаць, бо нікому давяраць не выпадае!) пры’яднаецца да пратэстоўцаў, і вось ты ўжо не прэзыдэнт і нават не намесьнік губэрнатара, а падсудны, і судзіць цябе будзе той самы хлопчык-суддзя, якога ты прызначыў на гэтую высокую пасаду пяць гадоў таму.

Страх! Жахлівае пачуцьцё, ад якога трасуцца рукі, кроў кідаецца ў твар і падвышаецца ціск. Дык вось да чаго давялі лібэралізацыя зь беларусызацыяй! Спыніць усё гэта!

І спынілі. І ня тое, што спынілі, а адкацілі назад. Усіх пасадзілі, усё пазачынялі, усё забаранілі. Дайшла чарга й да беларускіх лацінкавых шыльдаў.


Шыльда у метро. Фота: svadoda.org

Неабыякавыя грамадзяне напісалі куды трэба, іх пачулі – і вось ужо замест лацінкі – расейская мова, і мы ўпэўнена ляцім у абдымкі «старэйшае сястры». Зрэшты, мы туды з гэтай нязьменнай уладай і раней ляцелі, проста дэкарацыі былі іншыя. Такія… з нацыянальным калярытам. Цяпер іх прыбралі, і ўсё па-сумленнаму. Ёсьць як ёсьць. Зьмена дэкарацыяў.

Хлопчык, якога «не учілі белорусскому», і неабыякавыя грамадзяне

Хлопчык у Варшаве грае на вуліцы міхалкоўскіх «Воінаў сьвету». Па-расейску. Хаця Сяргей цяпер выконвае гэты твор па-ўкраінску. Да хлопчыка-музыкі падыходзіць усхваляваная ўкраінка (відаць, перажыла траўму, зьвязаную з вайной) і просіць не сьпяваць у цэнтры Варшавы на мове тэрарыстаў.

Хлопчык адказвае, што ён зь Беларусі і спрабуе прывесьці аргумэнты на карысьць свайго расейскамоўнага выкананьня. Украінка просіць размаўляць зь ёй па-беларуску, бо «гарна мова», але хлопчык гаворыць у адказ, што па-беларуску ня можа, бо «нас не учілі белоруусскому языку в школе». Гэтае відэа трапляе ў сацсеткі. І пачынаецца масавая абарона хлопчыка-музыкі і напады на ўкраінскую дзяўчыну.

Гэтыя допісы дасылаюць беларусы. Неабыякавыя людзі. Маўляў, тут, у Варшаве, дэмакратыя, хто што хоча, тое й сьпявае, на той мове, на якой хоча, якое яна мае права перарываць ягонае выкананьне, хочаш слухаць песьні па-ўкраінску, едзь ва Ўкраіну, раскамандаваліся тут!

А хлопчык, якога «не учілі белорусскому», натуральна, крыху апярэдзіў падзеі, але, калі тэрмінова не ўмяшаецца вышэйшая сіла, хутка ўсё скаціцца да гэтага.

Неабыякавыя людзі напішуць куды трэба, што урокі беларускай мовы і літаратуры ня маюць для дзяцей аніякае практычнае карысьці, адно прышчапляюць (страшна сказаць!) нацыяналізм. А дзе нацыяналізм, там і незадаволенасьць, там і абурэньне, там і (яшчэ страшней!) пратэсты. І ўлады адрэагуюць. Яны ж мусяць рэагаваць на прозьбы неабыякавых грамадзянаў, праўда?