У Беларусі не хапае вальнадумства і дыялогу. Мы прывыклі жыць у стане хранічнага супрацьстаяння «дзяржаўнага» і «грамадскага», «афіцыйнага» і «незалежнага». Як зняць гэтыя шоры і навучыцца канструктыўнаму дыялогу і адкрытай дыскусіі? Сваё меркаванне для budzma.by выказалі эксперты «Ліберальнага клуба» Антон Болтачка і Вадзім Мажэйка.
— «Ліберальны клуб» стаў шырокавядомай медыйнай пляцоўкай дзякуючы таму, што на вашыя панэльныя дыскусіі і круглыя сталы пачалі прыходзіць прадстаўнікі дзяржсектара і незалежнай грамадскасці, людзі з рознымі поглядамі. Як вам удалося наладзіць гэты дыялог?
Антон Болтачка: Нам не адразу ўдалося пасадзіць за адзін стол людзей з рознымі пунктамі гледжання. Спачатку прыходзілі толькі тыя, хто гатовы быў гаварыць. Адначасова мы заваёўвалі аўтарытэт, вучыліся ствараць атмасферу цывілізаванага дыялогу і неміласэрна закідвалі запрашэннямі чыноўнікаў. Часам мы праводзілі некалькі гадзін на тэлефоне, каб прасачыць бюракратычны шлях нашага запрашэння ў якое-небудзь міністэрства, але затое дамагаліся выніку. Да таго як выйсці да нас на трыбуну, многія чыноўнікі наведвалі нашыя мерапрыемствы як звычайныя госці і бачылі, што «Ліберальны клуб» — неангажаваная пляцоўка, што намі рухае шчырае жаданне чуць розныя пункты гледжання для эфектыўнага вырашэння праблем.
Мы надавалі вялікую ўвагу мадэрацыі дыскусій, разумеючы, што дыялог не атрымацца, калі ўсё будзе ў адны вароты або звядзецца да ўзаемных абвінавачванняў.
Некаторыя лічаць, што «Ліберальны клуб» — праўладная арганізацыя, і таму да нас прыходзяць высокапастаўленыя чыноўнікі. Гэта не так. Наш сакрэт поспеху — у адкрытасці і шчырасці. Мы — прагматычныя рамантыкі, якіх аб’ядноўвае ідэалогія свабоды і руху наперад.
У цэлым мы адзначаем, што сёння сітуацыя змянілася — чыноўнікі сталі больш адкрытымі. Гатоўнасць дзяржслужбоўцаў да размовы прывяла да больш глыбокага абмеркавання праблемных тэм. Але застаюцца яшчэ закрытыя ўстановы, напрыклад, Міністэрства аховы здароўя і Мінадукацыі. Апошняе, здаецца, больш закрытае за Міністэрства ўнутраных спраў.
Гамафобія — не каштоўнасць
— Самы востра неабходны дыялог цяпер унутры краіны, на вашую думку?
Вадзім Мажэйка: Курапаты. Пакуль стэйкхолдары праяўляюць не найлепшыя рысы. Закрыць рэстаран і аддаць усіх пад суд — гэта зразумелая маральная пазіцыя, але яна не перамоўная. Праблема ў тым, што ў апазіцыйных палітыкаў няма вопыту канструктыўнага дыялогу і не хапае ведаў тэорыі перамоваў, затое ёсць амбіцыі і самаабвешчаны тытул. А калі табе няма чаго губляць, лёгка займаць бескампрамісную пазіцыю. Бізнес сёння больш гатовы да перамоваў, і трэба знайсці тое, што задаволіць усіх. У гэтым канфлікце ёсць важны пазітыўны момант — нацыянальная згода па тэме. І палітыкі, і дэпутаты, і блогеры, і айцішнікі, і прадстаўнікі шоу-бізнесу сыходзяцца на тым, што там рэстарану не месца. Гэтую аднадушнасць важна выкарыстаць для стварэння, а не для новага тупіка.
— Яшчэ адзін свежы прыклад канфрантацыі ў краіне — паміж МУС і ЛГБТ-супольнасцю. Ці здольны «Ліберальны клуб» пасадзіць іх за стол перамоваў і дасягнуць паразумення?
Вадзім: Не ўсе праблемы можна вырашыць праз дыялог. Дыялог звычайна грунтуецца на каштоўнасцях бакоў. Па-мойму, гамафобія — гэта не каштоўнасць. У чым экспертная пазіцыя МУС? Што яны гамафобы і «хтосьці не пройдзе»? Не думаю, дарэчы, што меркаванне кіраўніцтва ведамства — гэта пазіцыя ўсіх службоўцаў, таму што сярод дзясяткаў тысяч міліцыянтаў ёсць людзі з рознымі поглядамі і, не пабаюся выказаць здагадку, з рознымі гендарнымі ідэнтычнасцямі. У пытаннях, якія закранаюць культурныя пласты і коды, больш працуе сістэмная асвета, а не разавыя дыялогі. Праз асвету з часам людзі зразумеюць, што такія заявы некарэктныя.
«Крывавы рэжым» і «амерыканскія агенты»
— Нядаўна былі прынятыя законы аб сацыяльнай замове, дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Але, як адзначаюць грамадскія дзеячы, дзяржава па-ранейшаму неахвотна давярае рашэнне сацыяльных праблем грамадскім арганізацыям, няма на практыцы і партнёрства паміж прыватным і дзяржаўным сектарам. У чым прычына, на вашую думку?
Вадзім: Праблема камунікацыі НДА і дзяржавы сапраўды ёсць, але не варта яе драматызаваць. Нашыя дыскусіі паказваюць, што дыялогу перашкаджаюць стэрэатыпы і ўзаемнае непрызнанне. Грамадскія дзеячы кажуць, што ў «гэтым крывавым рэжыме» немагчыма працаваць, а чыноўнікі думаюць пра грамадзянскіх актывістаў, што яны «спрабуюць на амерыканскія грошы разваліць сінявокую Беларусь». З такім падыходам дыялог не атрымаецца.
Таму і патрэбныя такія пляцоўкі, як нашая, — каб людзі чулі адно аднаго. З чыноўнікамі можна размаўляць. Проста трэба знаходзіць пункты агульных інтарэсаў. Мне здаецца, што многім гэта ўдаецца. Іншая рэч, што ёсць праблема нізкай медыяпісьменнасці, калі чыноўнікі баяцца публічнасці, што пра іх супрацоўніцтва «не так напішуць», і праз гэта мы можам не ведаць пра паспяховыя сумесныя праекты і практыкі.
У цэлым для паляпшэння дыялогу грамадства і дзяржавы патрэбныя сістэмныя рэчы. Напрыклад, развіццё мецэнацтва, карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, сацыяльнага прадпрымальніцтва. Мы правялі даследаванні на гэтыя тэмы і выпрацавалі рэкамендацыі, як гэта развіваць у нашых умовах з улікам інтарэсаў усіх бакоў, у тым ліку дзяржавы.
Праблема «ўцечкі мазгоў» — анахранізм
— Адна з вострых праблем у краіне — састарэлая сістэма адукацыі. Хто і як павінен пагаварыць паміж сабой, каб яна пачала нарэшце развівацца?
Вадзім: Праблема адукацыі — вельмі шматпланавая. Мае сэнс канкрэтызаваць напрамкі для рэформаў, вылучаць перспектыўныя тэмы для перамоваў і шукаць пункты агульных інтарэсаў. Напрыклад, тэма даступнасці вышэйшай адукацыі для людзей з інваліднасцю або асуджаных. Добрая тэма для дыялогу — адукацыя для замежных студэнтаў. Сёння дзяржава, ВНУ зацікаўленыя ў прыцягненні валюты ў краіну. Адначасова гэта можа прывесці да сістэмных зменаў у нашай адукацыі, бо таго будуць патрабаваць замежныя студэнты, якія прывыклі да іншых стандартаў. Тое ж з Балонскім працэсам. Трэба больш гаварыць пра ўзаемныя інтарэсы. Для грамадзянскай супольнасці гэта прыўнясенне ў нашу сістэму еўрапейскіх акадэмічных свабодаў, для дзяржавы — прызнанне беларускіх дыпломаў і прыцягненне тых самых замежных студэнтаў у нашыя ВНУ.
— Але тут можна натыкнуцца на глыбінны канфлікт інтарэсаў. Многія кажуць, што дзяржаве не патрэбныя вальнадумныя студэнты, што палітычная эліта мэтанакіравана хоча спыніць паток беларусаў, якія з’язджаюць за мяжу, праз нізкі ўзровень адукацыі. Ці ёсць такі канфлікт, на вашую думку?
— Я не веру ў канспіралагічны падыход, што дзяржава дрэнна выкладае матэматыку, каб зрабіць беларусаў дурнымі і кіруемымі. Што да «ўцечкі мазгоў», то гэта, як на мяне, састарэлае спалучэнне. Ці гэта дрэнна, што хтосьці з’едзе і атрымае добрую практыку за мяжой? Трэба думаць, як зрабіць, каб беларусы з сусветнымі дыпломамі вярталіся ў Беларусь. Але нават калі яны і застаюцца за мяжой, у гэтым няма нічога страшнага. Калі нашыя праграмісты папаўняюць Крамянёвую даліну і пры гэтым памятаюць пра сваю нацыянальную ідэнтычнасць, гэта нармальны інструмент прасоўвання беларускай мяккай сілы. Можна сказаць, што Дзягілеў і яго «рускія сезоны» ў Парыжы былі «ўцечкай талентаў», а можна ацаніць гэта як дальнабачныя інвестыцыі ў імідж Расіі, якую дагэтуль во ўсім свеце ведаюць праз балет.
Дэбаты — са школы
— Што трэба рабіць на сістэмным узроўні, каб людзі вучыліся весці цывілізаваны дыялог, разумець і паважаць інтарэсы і пазіцыі адно аднаго?
Антон Болтачка: Культура дыскусій павінная развіваецца з дзяцінства. Сярод нашай каманды шмат тых, хто пачынаў свой шлях са школьных дэбатаў. Чым больш у краіне будзе «ліберальных клубаў», тым лепш. Мы ездзім па рэгіянальных школах са сваімі напрацоўкамі і бачым, што школьнікам як паветра не хапае адкрытых дыялогаў, дэбатаў, дыскусій.
Вось ужо пяць гадоў сярод вучняў 10-11 класаў і студэнтаў першых курсаў ВНУ мы праводзім конкурс эсэ «Беларускае Lego: пабудуй краіну, у якой будзеш жыць!». Агульная тэма конкурсу ў 2018 годзе, да прыкладу, — «Глабалізацыя vs беларусізацыя: што выбірае беларуская моладзь?». Гэты конкурс — свайго кшталту адукацыйны ліфт для тых, хто мае цікавыя думкі і хоча нешта мяняць. Пераможцаў вызначае кампетэнтнае журы з вядомых беларускіх і замежных навукоўцаў і экспертаў. У першы год нам даслалі каля 20 эсэ, сёлета — больш за 200. І якасць работ расце. Прызёры робяцца ўдзельнікамі школы «Ліберальнага клуба». У мінулым годзе адно з прызавых месцаў заняў хлопец з маленькай вёскі. Трэба было бачыць яго вочы! Чалавек раней ніколі не ўдзельнічаў у такіх мерапрыемствах. Потым такія вось неабыякавыя людзі робяцца членамі каманды «Ліберальнага клуба». І таму мы працягваем існаваць і развівацца.
Ганна Кручкова
Фота з архіва «Ліберальнага клуба»