«Мае жонка і дзеці апынуцца на вуліцы». Што сказаў лідэр Gods Tower у апошнім слове на судзе за камэнтар у адрас чыноўніка

Сёння, 21 чэрвеня, у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбылося другое паседжаньне па крымінальнай справе фронтмэна гурта Gods Tower Уладзіслава Наважылава, вядомага прыхільнікам як Леслі Найф. Яго судзяць за каментар на YouTube у адрас старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя.


2-3.jpg

Сёння музыка выступіў з апошнім словам. У ім ён сказаў:

— Я ўпершыню ў такой сітуацыі, таму не ведаю, што прынята казаць у такіх выпадках. Ад вашага рашэння залежыць лёс маёй сям’і, дзе я — адзіны карміцель. Жывём мы на здымнай кватэры. У выпадку пазбаўлення мяне волі жонка і дзеці апынуцца на вуліцы. Я не ведаю, наколькі карысна для дзяржавы, калі я перастану працаваць і плаціць падаткі. Калі камусьці цікава, што я хачу, — хачу застацца на волі.

Нагадаем, Уладзіслава абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Уся справа ў эмацыйным каментары на YouTube яшчэ за 16 жніўня 2020. Тады Наважылаў паглядзеў відэа, дзе Салавей выходзіў да гараджан і адказваў на іх пытанні, і выказаў пад ролікам сваё меркаванне.

Чытайце таксама: «Lesley Knife: Мы ўсе цяпер Гаральды, якія хаваюць боль»

На першым пасяджэнні музыкант прызнаў віну часткова. Растлумачыў суду, што слова «Салавей» ў яго каментары — гэта не імя ўласнае: прозвішчы гомельскага губернатара толкам і не ведаў. А ў каментары выкарыстаў мастацкі прыём, стварыў абагульнены вобраз прадстаўніка сістэмы, чыноўніка, які не адказвае на канкрэтныя пытанні народа, а, як салавей, спявае песні. Акрамя таго, Наважылаў падкрэсліў, што быў на эмоцыях з-за таго, што адбываецца ў краіне і ў яго родным Гомелі.

Уладзіслаў сказаў, што гатовы папрасіць прабачэння перад старшынёй аблвыканкама Генадзем Салаўём і збіраўся гэта зрабіць на судзе. Але губернатар на яго не прыйшоў: суддзя задаволіў хадайніцтва правесці пасяджэнне без яго ўдзелу.

Пракурор палічыла, што віна Уладзіслава цалкам даказаная, і запрасіла для яго пакаранне ў тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

У судзе абвешчаны перапынак да 15.40 гадзін, калі будзе абвешчаны прысуд.

Паводле Моцных Навінаў