Лідскія літаратурна-музычныя зазімкі

Сёлета ў Лідзе ў рамках кампаніі “Будзьма!” ўдалося аднавіць даўні праект “Лідскія  літаратурна-музычныя зазімкі”. Зазімкі – гэта ці конкурс, ці фестываль, ці канцэрт, як калі атрымаецца. Сёння галоўным арганізатарам зазімак выступала Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. І прымеркавалі імпрэзу да 215 угодкаў з дня нараджэння Адама Міцкевіча, які будзе адзначацца на Каляды. Але перад Калядамі заўсёды пост, таму зазімкі праводзяцца ў канцы лістапада.

DSCN832120 лістапада ў Ліду прыехаў выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова кандыдат філалагічных навук, паланіст Віталь Еўмянкоў і капэля Алеся Лася з-пад Ракава. Узначальвала літаратурна-музычны дэсант харэограф Алена Прохарава.

Адбыліся дзве творчыя сустрэчы. Днём – са студэнтамі Лідскага каледжа, а вечарам сабраліся лідзяне больш сталага веку, але і там, і там былі поўныя залы.

Віталь Еўмянкоў распавядаў пра Адама Міцкевіча: днём – пра маладога, пра філамата, а вечарам – пра сталага, пра ліцвіна-патрыёта. Які націск быў на Міцкевіча, каб ён у “Пане Тадэвушы” замяніў “Litwo! Ojczyznо moja!..” на “Polsko! Ojczyznо moja!..”. Не замяніў. Дарэчы сп. Еўмянкоў прывёз з сабой кнігу “Пан Тадэвуш” 1834 года выдання, г.зн. прыжыццёвае выданне, у якім якраз і змешчана знакамітае тлумачэнне для палякаў беларускага слова “свірэпа” (“bursztynowy swierzop”).

Тэму Міцкевіча і філаматаў працягнула капэля Алеся Лася. Акрамя кіраўніка ў Ліду прыехалі скрыпачка Алена Мялешка, дарэчы, родам з г. Бярозаўка Лідскага раёна і Алеся Сівохіна, рэжысёр народнага тэатра “Жывое слова”. Выступ музыкаў пачынаўся з песень філаматаў і расповедаў Алеся Лася пра гэтыя песні. Песні філаматаў гучалі па-польску і па-беларуску.

DSCN8348Затым справа пераходзіла да народнай музыкі і народных інструментаў. Скрыпкі, дуда, бубен, басэтля і цымбалы гучалі ў невялікай зале бібліятэкі ўжывую, без мікрафонаў. Выдатная акустыка і захопленыя слухачы.Алесь Лось па ходу распавядаў пра гісторыю народных інструментаў, пра тое, як у 30-х гадах мінулага стагоддзя загадалі кожнай рэспубліцы мець сімвалічны народны інструмент, і ў беларусаў мела быць такім інструментам менавіта дуда, але ўзніклі пэўныя складанасці, і Шырма з Жыдовічам спыніліся на цымбалах, хоць цымбалы ведаў яшчэ Піфагор, але цымбалы сталі такі сімвалам беларускай музыкі.

Днём не хапіла часу, а вечарам справа дайшла да танцаў. Да гасцей далучыўся мясцовы гурт “Скудрынка”. Полькі тыпу “Полька-паспалітка” – то не дзіва, але людзі выйшлі і на літоўскую “Ойру”.

Зазімкі адгулялі, зіма можа прыходзіць.

Яраслаў Грынкевіч.

2013-11-20 14.47.02

2013-11-20 18.00.50

Тэгі: ,