«Лірнік — гэта чалавек паміж тым і гэтым светамі»: музыка Сяргей Доўгушаў — пра старадаўні беларускі інструмент і старэцкія песні

Сяргей Доўгушаў падрыхтаваў кнігу, прысвечаную старажытнай і ўнікальнай з’яве нашай культуры — лірніцтву. Кніга заснаваная на магістарскай працы, напісанай у Акадэміі навук Беларусі. Але пасля вымушанай эміграцыі ў 2021 годзе даследчык не змог яе абараніць. Цяпер аўтар збірае сродкі на выданне.


Siarhiej Doŭhušaŭ hraje na liry
Сяргей Доўгушаў грае на ліры. Фота: Віктар Лом

Сяргей Доўгушаў шмат гадоў вывучае тэму лірніцтва, сам грае на гэтым музычным інструменце.

Reform.news паразмаўляў з музыкам пра старадаўні інструмент і загадкавую касту лірнікаў.

Siarhiej Doŭhušaŭ
Сяргей Доўгушаў. Фота: з архіва Доўгушава

— У чым адметнасць ліры як музычнага інструмента?

— Ліра фіксуецца ў Еўропе яшчэ ў Х стагоддзі. Спачатку гэта быў вельмі вялікі інструмент, на ім гралі два чалавекі, адзін на клавішах, нібы на піяніна, а другі круціў ручку.

Пры сярэднявечных дварах на лірах гралі менестрэлі.

У Беларусь ліра трапляе ў часы ВКЛ ці то з Польшчы, ці ад вікінгаў. Тут яна пасля ХVІ-ХVІІ стагоддзяў змяняе форму, становіцца больш падобнай да скрыпкі, толькі ролю смыка выконвае кола, якое круціцца. Нашыя ліры часта называлі старэцкімі скрыпкамі.

Ліру прымацоўвалі пад пояс ці на плячы, але часцей гралі седзячы. Музыка правай рукой круціў кола, а правай рукой націскаў на клавішы. У нашай ліры чатыры струны, магло быць і тры. З іх дзве — бурдонныя, якія заўсёды трымаюць пастаянны гук, а адна-дзве — сольныя. Рабіліся струны звычайна з кішкі баранаў.

Ліры заўсёды выраблялася майстрамі, у нас была не фабрычная вытворчасць. Існавалі нават адмысловыя лірніцкія цэхі ў гарадах.

У Беларусі, Украіне і часам у Польшчы ліра была распаўсюджана ў вясковым соцыуме, на ёй гралі звычайна старцы, сляпцы, дзяды. Аднак не толькі гралі, але і спявалі, у гэтым наша беларуская адметнасць.

Bielaruskija liry
Беларускія ліры. Фота з архіва Сяргея Доўгушава

— Хто граў на лірах? Дзе яны вучыліся? Што гэта былі за людзі?

— Лірнік быў цесна звязаны менавіта з вясковым соцыўмам. Гэта людзі, якія хадзілі і спявалі старэцкія песні, так іх называлі. Не кожны мог быць лірнікам. Да Першай сусветнай вайны гэта былі адукаваныя і духоўна багатыя людзі. Часам яны мелі нейкія калецтвы, напрыклад, былі сляпыя, бо ў вёсцы, калі ты не можаш працаваць на зямлі, мусіш зарабляць грошы.

Калі дзеці нараджаліся з нейкімі калецтвамі, то бацькі імкнуліся аддаць іх у лірніцкую школу, да майстра. Гэта былі старыя людзі, якія вучылі і асаблівым паводзінам, і адмысловай мове. Існуе нават слоўнік гэтай мовы, складзены этнографам Яўдакімам Раманавым, якая называлася любецкі лемент. Лірнікі меркавалі, што прыдумана гэта мова была яшчэ пры Саламоне. Разумелі яе толькі беларускія і ўкраінскія музыкі. Як пішуць даследчыкі, каб пачаць яе вучыць, трэба было патрапіць у гэтае асяроддзе. Але потым яна паступова стала выцясняцца беларускай.

Старцамі не абавязкова называлі старых людзей. На маладога лірніка таксама маглі сказаць старац, дзед.

— Якія песні яны спявалі?

— Сакральныя, абрадавыя і свецкія.

Сакральныя — гэта духоўныя вершы, асабліва папулярнай у беларускіх лірнікаў была песня пра Лазара — пра багатага і беднага братоў. Гэта адметны духоўны верш беларускіх лірнікаў, вядомы ў самых розных рэгіёнах. Песня пра канфлікт паміж імі, калі бедны Лазар прыходзіць да свайго багатага брата і кажа: «Табе, браця, Бог даў сільне багацство, / А мне Бог даў, браця, калецство, убоство, / Ня прашу, браця, срэбра ні злота, / Столько прашу трох рачэй — зямлі, / Першай — зямлі, хлеба і солі, / Альбо хаця, браця, зімнае вады». Аднак багаты брат выганяе яго, і толькі яго сабакі прыносяць яму ежу і залізваюць яго раны. У выніку Лазар просіць дапамогі ў Бога і той забірае яго ў рай, а яго брат адпаведна трапляе ў пекла.

Лірнік мог спяваць песню, якая мела 120 куплетаў ці 290 куплетаў, такі доўгі расповед весці.

Лірнікі хадзілі на Дзяды, на Вялікдзень і на Каляды і спявалі абрадавыя песні. Хадзілі па хатах і дварах на важныя царкоўныя святы.

А свецкія песні маглі быць вельмі рознымі, напрыклад, жартоўнымі, у тыя часы, калі лірнікі пачалі часцей з‘яўляцца на кірмашах. Гэта адбывалася ў пачатку ХХ стагоддзя. Аднак менавіта ў гэты перыяд адбываецца пераломны момант: пасля Першай сусветнай вайны ў гарадской прасторы з’яўляецца шмат жабракоў — у тым ліку інвалідаў вайны, напрыклад, салдат без ног, — якія навучыліся механічна круціць ручку інструмента і прайграваць некалькі простых гукаў, імітуючы сапраўдную гульню на ліры. Яна выпадаюць з гэтай філасофіі лірніцтва.

Lirniki padčas kirmašu ŭ Slucku. 1909 hod
Лірнікі падчас кірмашу ў Слуцку. 1909 год. Фота С.Юхніна

— Якія былі ўзаемаадносіны лірнікаў і прадстаўнікоў улады? Згадаю Караткевіча, які ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» падымае гэтае пытанне: «Кніг пазбавілі — хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля». Таксама згадаю ўкраінскіх бандурыстаў, знішчаных савецкай уладай у 1930-х...

— Па-першае, вобраз лірніка быў сам па сабе небяспечны для тых уладаў, бо гэтыя людзі неслі нейкую праўду. Маглі заспяваць праўдзівую гістарычную песню, баладу. Іх заўсёды слухалі і вельмі паважалі, бо гэта былі людзі паміж тым і гэтым светамі.

Па-другое, ва Украіне і Беларусі лірнікі збіраліся ў свае арцелі. Закрытыя супольнасці ўладам ніколі не падабалася.

І трэцяе — яны спявалі духоўныя вершы, што кепска ўспрымалася, напрыклад, у савецкай Беларусі.

Ёсць запіс 1934 года з архіваў у Санкт-Пецярбургу. На ім грае лірнік, але не спявае, што для Беларусі нехарактэрна. Адразу напрошваецца думка, што ён асцерагаўся спяваць словы той песні.

— Традыцыя лірніцтва ў савецкія часы перапыняецца, якім чынам гэты інструмент пачаў адраджацца?

— У 1990-х гадах беларускі майстар і музыка Алесь Лось зрабіў першую сваю ліру па прыкладу слуцкай традыцыйнай ліры. У 1960-70 гадах майстры Крайко і Жукоўскі спрабавалі аднавіць традыцыю вырабу колавай ліры. Але яны ставілі перад сабой задачу зрабіць інструмент больш сучасным, так з’явіліся акардыённыя клавішы, якія дазвалялі граць акордамі. Такую ліру можна пабачыць у «Песняроў».

Kniha
Падрыхтаваная кніга Сяргея Даўгушава пра лірніцтва. Фота: zrzutka.pl

— Вы таксама граеце на ліры. Як і дзе навучыліся?

— Я адкрыў ліру ў 2014, замовіў яе ў нашага майстра. Вучыўся граць па запісах, аднак самае складанае — настроіць інструмент. Я быў на трохдзённым майстар-класе ў Польшчы, але мне яшчэ вельмі далёка да таго вучня лірніка, які мусіў 2-3 гады правучыцца ў старца.

— Хто такі лірнік для беларускай культуры — філосаф, носьбіт сакральных ведаў?

— Чалавек паміж небам і зямлёй, праваднік духоўных ведаў. Лірнікам больш давяралі, чым прадстаўнікам касцёла і царквы.

— Бо касцёл быў польскі, а царква — руская?

— А ёсць лірнік, ён свой, бо з‘яўляецца часткай грамадства.

— Можа, ён перакладчык?

— Праваднік, так.