15 снежня беларускаму «Дому творцаў» у Варшаве спаўняецца тры гады. «Падводзім нейкія вынікі, сапраўды зроблена шмат, але хочацца яшчэ больш. І робім», — кажа заснавальнік «Дома творцаў» Сяргей Доўгушаў.
Сяргей Доўгушаў
У жніўні Дом творцаў неспадзявана патрапіў у жорсткі крызіс, апынуўшыся пад пагрозай закрыцця. Каманда Дома творцаў звярнулася па дапамогу беларусаў — і салідарнасць дапамагла. Сёння Сяргей Доўгушаў з калегамі працуе над рэалізацыяй двух вялікіх праектаў ды плануе аднавіць ініцыятыву «Спеўны сход», запачаткаваную ў Беларусі ў 2014-м годзе. Тады «Спеўныя сходы» збіралі дзясяткі і нават сотні людзей. Пачаць вяртанне беларускай спеўнай культуры Сяргей плануе з Вільні, а далей, магчыма, далучацца і іншыя гарады.
Падрабязнасці Сяргей Доўгушаў распавёў у інтэрв’ю Budzma.org.
Сяргей Доўгушаў — беларускі спявак, музыкант-мультыінструменталіст, этнограф, выкладчык, арт-менеджар, заснавальнік культурнага руху «Спеўны Сход», Установы развіцця традыцыйнай беларускай культуры «ЭтнаТрадыцыя» (Tradycyja), Варшаўскага Вольнага аркестра, сольны выканаўца і ўдзельнік гуртоў Fratrez, Vuraj, Five-storey ensamble, TryNići (Беларусь), Isna Trio (Польшча), Slavalachia (ЗША).
Стыпендыі для беларускіх творцаў
«Мабыць, хопіць ужо сумных навін, крызісны момант прайшлі, дзякуючы сваім намаганням і дапамозе беларусаў, — кажа кіраўнік Дома творцаў. — А вось добрых навін дадалося.
Адна з нашых заявак на падтрымку ўхвалена German Marshall Fund of the United States, плануем рэалізаваць два вялікіх праекты. Першы ўвогуле ўнікальны для нас, гэта — стыпендыі для беларускіх творцаў: можна запоўніць заяўку і будуць адабраныя 10 творцаў, якіх мы запросім, якім будзе выплачаная стыпендыя і ў іх будзе магчымасць рэалізаваць свой праект. Яны могуць рэалізаваць яго або ў Беларусі, або, калі эмігравалі, у іншай краіне.
Акрамя таго, можна будзе жыць у нас у Доме творцаў, мы будзем максімальна дапамагаць, пакрыем выдаткі на транспарт, на ежу, ну і, канечне, будзем аказваць інфармацыйную падтрымку, дапамогу ў рэалізацыі праекта. Гэта стыпендыі для цікавых праектаў ад людзей-творцаў самых розных накірункаў, гэта і акторы, і музыканты, і мастакі, хто заўгодна», — кажа Сяргей Доўгушаў.
Паводле кіраўніка Дома творцаў, прыём заявак на стыпендыі скончаны, «няма столькі сродкаў, каб усе праекты падтрымаць, але мы праглядаем усё, і, магчыма, некаторыя праекты, якія зараз не будуць падтрыманыя, будуць рэалізаваныя ў будучыні, калі знойдзем партнёраў, што зацікавяцца».
Дзесяць творцаў, якія будуць адабраныя на стыпендыі, «могуць цягам снежня, студзеня, лютага, можа, яшчэ і сакавіка завітаць да нас у Дом творцаў, пажыць там, у іх будзе да месяца, каб рэалізаваць свой праект». «Ці хаця б аснову пачаць, бываюць жа такія мастацкія праекты, якія за месяц немагчыма рэалізаваць. Вось гэтая стыпендыя паспрыяе хаця б таму, што чалавек пачне, зробіць тое, што ў яго не атрымоўвалася, напрыклад, яму трэба месяц, каб сапраўды штосьці запланаванае пачаць рабіць. Пачаць пісаць, маляваць, ствараць музыку. Канчатковы вынік гэтых прац, праектаў можа быць і пазней паказаны, а вось менавіта падчас удзелу ў стыпендыі хацелася б, каб творцы змаглі максімальна пачаць рабіць тое, што ўжо даўно запланавана», — зазначыў Сяргей Доўгушаў.
Новая мастацкая рэзідэнцыя
З васьмі праведзеных Домам творцаў рэзідэнцый, тры было мастацкіх, больш за ўсё.
«І вось ужо ў снежні пачынаем прыём заявак на новую мастацкую рэзідэнцыю. Могуць удзельнічаць усе мастакі любых накірункаў. І, калі ўсё добра атрымаецца, у лютым мы плануем зноў пачаць мастацкую рэзідэнцыю. Апошняя ў нас адбывалася напрыканцы сёлетняй вясны. Вельмі так актыўна прайшла менавіта з інтэграцыяй і са знаёмствам з цікавымі польскімі мастакамі. Працавалі ў Акадэміі мастацтваў з прафесарам Віктарам Гутам і доктарам Цэзарыем Качварскім.
Лічу вельмі важным менавіта інтэграваць наша мастацтва ў еўрапейскую школу, еўрапейскую культуру», — распавёў Сяргей Доўгушаў.
Аднаўленне «Спеўнага сходу» пачнецца з Вільні
Грамадская ініцыятыва «Спеўны сход» была заснавана Сяргеем Доўгушавым у Беларусі ў 2014 годзе. «Спеўныя сходы» аб’ядноўвалі дзясяткі і сотні людзей, якія збіраліся разам, каб паспяваць беларускія песні на розныя тэмы. Адбылося мноства тэматычных сходаў: песні з «Полацкага сшытка», рамансы Міхала Клеафаса Агінскага і Станіслава Манюшкі, песні першай і другой паловы XX стагоддзя, каляндарна-абрадавыя песні і іншыя.
Акрамя гэтага, былі арганізаваны спеўныя сходы, прысвечаныя творчасці «The Beatles», польскім, шведскім і габрэйскім песням. У 2018 годзе дзякуючы «Спеўнаму сходу» некалькі тысяч чалавек адначасова праспявалі «Купалінку». Ад пачатку заснавання «Спеўныя сходы» праводзіліся не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі — Брэсце, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Вілейцы і Маладзечне.
«Неяк будучы ў Вільні, я сустракаўся з суполкай беларусаў, у тым ліку сустракаўся, з кіраўніцтвам «Карчмы 1863». Вырашылі запусціць «Спеўны сход» тут. Ёсць у гэтым патрэба, бачу, што людзі хочуць спяваць. І ўзгадваючы, як гэта праходзіла актыўна, файна ў Беларусі, яднала людзей і знаёміла са спеўнай культурай, то менавіта з Вільні захацелася пачаць. У Варшаве ў мяне пакуль не атрымоўвалася гэта пачаць, але, спадзяюся, усё-ткі будзе штуршок добры пачаць у Вільні, на сталай аснове, цалкам добра было б, каб раз на месяц праходзіў розны тэматычны «Спеўны сход». Магчыма, будзе раз на тыдзень праходзіць, у залежнасці ад месца, ад каманды. Але далей таксама, калі будуць зацікаўленыя і мы вырашым з месцам, то хацелася б і ў Варшаве запусціць, і ў Беластоку вельмі добра было б», — расказаў кіраўнік Дому творцаў.
Першы Спеўны сход у Вільні пройдзе 12 снежня.
А 18 снежня Сяргей Доўгушаў едзе ў Данію. Там будзе ягоны першы калядны выступ, далей жа чакае вялікі калядны тур па Еўропе і ЗША.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org