“Лістапад”, прыходзь! – галоўныя прэм’еры фестывалю

06.11.2014 Кіно

Неўзабаве пачнецца ХХІ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Сёлета ён пройдзе з 7 па 14 лістапада і забяспечыць сталіцу нашай сінявокай самымі рознымі, але бясспрэчна цікавымі, фільмамі. Усяго ў рамках фэсту іх пакажуць 163, між іншым. І за некаторыя з іх дырэкцыі кінафестывалю давялося добра пазмагацца з дыстрыб’ютарамі.

Дарэчы, Мінскі кінапракат абяцае паказаць некаторыя фільмы з праграмы “Лістапада” пасля фестывалю. Так што ў кінаманаў, якія не пабачаць, будзе магчымасць такі пабачыць, а ў астатніх – замацаваць поспех.

З усёй разнастайнасці праграмы “Лістапада-2014” (“What a variety of movies”, дарэчы, – дэвіз сёлетняга фестывалю) мы пастараліся выбраць тое, што проста злачынствам будзе прапусціць. Так што ідзіце сюды па квіткі ў кіно і вызваляйце свае вечары для прыўкраснага.

Гульнявое кіно

carousel 3

“Я не вярнуся” (Эстонія, рэж. Ільмар Рааг). Фільм адкрыцця кінафестывалю, па-за конкурсам. Папярэдняя стужка Раага “Клас” у 2007 годзе ад Эстоніі намінавалася на “Оскара” як “Найлепшы замежны фільм”. Цікава, што рэжысёр маленькай, але прагрэсіўнай прыбалтыйскай краіны зняў гэтым разам.

carousel 1

“Племя” (Украіна, рэж. Міраслаў Слабашпіцкі). Згодна з апошнімі звесткамі, на паказе гэтага фільма ў Мінску ўжо мяркуецца перааншлаг. Яшчэ б! У святле апошніх падзей да Украіны асаблівая ўвага. Тым больш што ў фільме “Племя” крытыкі знайшлі шмат алюзій і паралеляў з сучаснасцю. Хаця, як сказаў сам рэжысёр пасля атрымання ўзнагароды на Лонданскім кінафестывалі, калі ён пісаў сцэнар, то зусім не думаў пра палітыку, а рабіў фільм-амаж нямому кіно. Вось мы і пабачым.

carousel 1

“Дурань” (Расія, рэж. Юрый Быкаў). Фільм, які адны люта аблаялі, іншыя – захвалілі. “Дурань” – першы расійскі фільм, які трапіў у асноўны конкурс кінафестывалю ў Лакарна пачынаючы з 2009 года, калі за “Залатога леапарда” змагаўся “Бубен, барабан” Аляксея Мізгірова. Юрый Быкаў – аўтар вельмі неадназначны. Калі фільм аднаго з рэжысёраў серыяла “Ранеткі” (гэта я пра Юрыя Быкава) трапляе ў Лакарна, то яго варта пабачыць. Хаця б дзеля таго, каб вызначыцца, ці гэта не проста выклік фестывальных адборшчыкаў.
carousel 1

“Чорны вугаль, тонкі лёд” (КітайГанконг, рэж. Дзяа Ін’янь Чэм). Трылеры вытворчасці азіяцкіх краін заўжды славіліся сваёй атмасфернасцю. Гэты фільм, у дадатак да ўсяго, яшчэ і скарыў Берлін: “Залаты мядзведзь” за найлепшы фільм і “Срэбраны мядзведзь” за найлепшую мужчынскую ролю. Гэты фільм пра серыйныя забойствы варта паглядзець яшчэ і дзеля таго, каб быць у курсе апошніх трэндаў сацыяльнага кіно – Берлінскі фестываль іх акурат і вызначае.

carousel 1

“Камбінат “Надзея” (Расія, рэж. Наталля Мяшчанінава). Дэбютны фільм расійскай рэжысёркі быў адзначаны на Ратэрдамскім фестывалі яшчэ да таго, як атрымаў шырокі розгалас на радзіме. Заблытаныя стасункі герояў фільма выглядаюць крыху серыяльнымі. Магчыма, гэта адбітак таго, што Наталля працавала сурэжысёрам Валерыі Гай Германікі на серыяле “Школа”. Нарыльск, камбінат па апрацоўцы каштоўных металаў, надзея – тое, што трэба кожнай восенню. Больш за тое, 12 лістапада ў Акадэміі мастацтваў адбудзецца майстар-клас рэжысёркі. Не прапусціце!

carousel 1

“Апантанасць” (ЗША, рэж. Дам’ен Шазэл). Адзін з галоўных прэтэндэнтаў на “Оскар”, уладальнік Гран-пры славутага кінафестывалю незалежнага кіно “Сандэнс” мы маем магчымасць паглядзець у мінскім кінатэатры. Нізкі паклон табе, “Лістапад”! Галоўны герой Эндру апантаны ідэяй стаць вялікім. А для гэтага, аказваецца (многія мае сучаснікі і людзі маладзейшых генерацый могуць моцна здзівіцца), трэба многа і цяжка працаваць. Эндру ў прынцыпе не супраць. Галоўнае вытрываць.

Асноўны конкурс дакументальнага кіно

carousel 1

“Мяжа Нарвілішак” (БеларусьФранцыя, рэж. Дзмітрый Махамет). Фільм расказвае пра мяжу – геаграфічную і ментальную. Пра тое, як мястэчка Нарвілішкі ў 1939 годзе адышло да Літвы. Як жа шмат беларускіх земляў і гарадоў некуды адыходзіла! Фільм зроблены ў супрадукцыі з Францыяй, напэўна, невыпадкова. Рэжысёр скончыў у Парыжы Нацыянальную студыю Ле Фрэнуа, у якой выкладае часты у Беларусі госць Ален Флэшэр.

carousel 1

“Глыбокая любоў” (Польшча, рэж. Ян Матушынскі). Фільм атрымаў “Срэбранага Георгія” за найлепшы негульнявы фільм на 36-м Маскоўскім кінафестывалі. Карціна пачыналася як невялічкі праект, але завяршылася маштабнай кінапрадукцыяй. Падводныя здымкі, дайвінг, галоўны герой, які займаўся падводным плаваннем больш за 30 гадоў, пасля траўмы павінен кінуць сваю справу. Але ён знаходзіць шлях пераадолець усе перашкоды. Вось перадусім пра гэтае пераадоленне, прагу жыцця, змаганне з самім сабой і глыбокую любоў апавядае гэты фільм.

carousel 1

“Кроў” (Расія, рэж. Аліна Рудніцкая). Скандальны расійскі фільм, пераможца фестывалю “Артдакфэст” Віталя Манскага расказвае пра працу дактароў на станцыі пералівання крыві. Гэта фільм-назіранне.

Нацыянальны конкурс

carousel 3

“Хард рэбут” (Hard Reboot) (Беларусь, рэж. Андрэй Кудзіненка). Нягледзячы на тое, што апошні фільм беларускага рэжысёра ўжо неаднакроць паказваўся ў Мінску, у рамках кінафестывалю “Лістапад” на яго варта звярнуць асаблівую ўвагу. Па сутнасці, гэта нарэшце афіцыйнае вяртанне Андрэя Кудзіненкі на радзіму пасля розгаласу, якія выклікаў яго фільм “Акупацыя. Містэрыі” і няўдалай (на думку самога рэжысёра) супрацы з кінастудыяй “Беларусьфільм” над фільмам “Масакра”. “Хард рэбут” – такі сабе indi-праект пра расійскага музыканта Noize MC з  нечаканымі сюжэтнымі кульбітамі. Зрэшты, я асабіста ўжо нават паспела паспрачацца з рэжысёрам наконт фільма пасля вось гэтага артыкула.

carousel 1

“Дождж” (Беларусь, рэж. Віктар Аслюк). Тут і нейкія каментары будуць лішнімі. Заўжды цікава пабачыць, што зняў і ў якім кірунку рухаецца адзін з самых выдатных беларускіх кінематаграфістаў сучаснасці. Фільм зняты на студыі “Летапіс” і апавядае пра жыццё героя ранейшага фільма Аслюка “Драўляны народ” – разьбяра па дрэве Мікалая Тарасюка – і яго сяброўства з суседкай. Нечакана выявілася, што фільмы пра састарэлых людзей, іх жыццё, паводзіны і праблемы сталі своеасаблівым трэндам у дакументальным кіно. Не думаю, што Віктар Аслюк кіраваўся гэтым пры выбары тэмы, але тым не менш цікава паглядзець, што з гэтага атрымалася.

carousel 1

“Зіма пройдзе” (Беларусь, рэж. Таццяна Кіракозава). Фільм з назвай, якая (як і загаловак гэтага артыкула) выклікае пэўныя кінематаграфічна-палітычныя асацыяцыі, атрымаў шмат узнагарод на кінафестывалі “Магніфікат”. Гэта фільм-назіранне, які апавядае пра жыццё сястры міласэрнасці, якая, сама ўжо ва ўзросце, дапамагае даглядаць пажылых людзей. Міласэрнасць і любоў да бліжняга тут – філасофскія катэгорыі, што даследуюцца і прэпаруюцца рэжысёрам з далікатнай кранальнасцю. І зноў згадайма пра трэнд, пазначаны ў папярэднім абзацы.

carousel 1

“Перакрыжаванне” (Беларусь, рэж. Анастасія Мірашнічэнка). Нашумелы беларускі дакументальны фільм пра бяздомнага гомельскага мастака Валерыя Ляшкевіча. Фільм атрымаў шмат узнагарод на розных міжнародных кінафестывалях, у тым ліку на Варшаўскім кінафестывалі літаральна ў кастрычніку. Зняты на ўласныя грошы здымачнай групы, фільм стаў па сутнасці не проста выдатным творам у мастацкім сэнсе, але і сацыяльным праектам па дапамозе бяздомнаму мастаку. Фільм выклікаў вялікі рэзананс і інтарэс да асобы Валерыя Ляшкевіча, паспрыяў павышэнню попыту на яго карціны і рэпрадукцыі. Словам, стваральнікі фільма збіраюць грошы, каб набыць Валерыю ўласны дом, ёсць ужо 8000 еўра. Перамога ў Варшаве дала новы штуршок справе. Магчыма, пытанне з жытлом атрымаецца вырашыць яшчэ да зімы.

Плюс

Акрамя конкурсных фільмаў у рамках “Лістапада” традыцыйна шмат цікавых пазаконкурсных праграм. Сёлета раю звярнуць увагу на рэтраспектыву Ксаўе Далана “Уяўнае каханне”. Здаецца, што з такім непадробным інтарэсам стваральнікаў праграмы фестывалю да творчасці Далана ў наступным годзе яны павінныя запрасіць рэжысёра прыехаць асабіста. Галоўнае, каб у арганізатараў “Лістапада” былі на гэта грошы. Бюджэт фестывалю таксама традыцыйна штогод уразаецца.

Ёсць яшчэ некалькі фільмаў, на якія трэба ісці хаця б выключна праз прозвішчы аўтараў. Такіх фільмаў я налічыла як мінімум чатыры:

“Два дні, адна ноч” (рэж. Жан-П’ер і Люк Дардэны). Які новы экзістэнцыялізм прадэманструюць уладальнікі Залатой пальмавай галіны Канскага кінафестывалю?

“Бывай, мова” (рэж. Жан-Люк Гадар). Зняты адначасова ў фарматах 2D і 3D новы фільм нагадвае маніфест і выклікае асацыяцыі з фільмамі Жана Както. Гавораць, што падчас прагляду давядзецца то надзяваць, то здымаць 3D-акуляры. Цікавы досвед. Па сюжэце – зноў тэма маўчання і паразумення/непаразумення паміж людзьмі без выкарыстання мовы. Калі прыгадаць фільм з асноўнага конкурсу “Племя” Міраслава Слабашпіцкага пра глуханямых, то выглядае на тое, што маўчанне ў кіно таксама робіцца своеасаблівай тэндэнцыяй. Ну і наогул, Гадар і 3D! Толькі падумайце!

“Каралеўства прыгажосці” (рэж. Дэні Аркан). Гэта першы фільм аўтара “Нашэсця варвараў” і “Ісуса з Манрэаля” пасля сямігадовага перапынку. Не ведаю, як вам, а мне вельмі цікава паглядзець, што ж зняў культавы канадскі рэжысёр.

“Галгофа” (рэж. Джон Майкл Макдонах). Дасціпны ірландзец, брат не менш дасціпнага іншага ірландца, драматурга Марціна Макдонаха, зняў свой новы фільм з ударнай дозай чорнага гумару, іроніі і сарказму. Жартачкі кшталту “Зброя? Хіба ў гэтай краіне калі-небудзь былі праблемы з нястачай зброі!” вам забяспечаныя. А таксама крыху пра іншы бок жыцця святара. Словам, аўтар “Аднойчы ў Ірландыі” не падвёў сваіх прыхільнікаў.

Асобнай увагі заслугоўваюць адмысловыя пазаконкурсныя паказы беларускіх фільмаў. У праграме “Рарытэт” пакажуць “Пана Тадэвуша” Рышарда Ардынскага – нямы фільм 1928 года паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча. А Дзяржфільмафонд Расіі прывязе “У вялікім горадзе” (1927, рэж. Міхаіл Авербах, Марк Данскі) і “Саша” (1930, рэж. Аляксандра Хахлова). Усім Сашам, якія жывуць у вялікіх гарадах, глядзець абавязкова.

 

Воля Чайкоўская