Калі стопяццоты раз чуеш нейкую дурасьць, першая здаровая рэакцыя — махнуць рукою й не зьвяртаць на яе ўвагі. Між тым часам рэагаваць на бязглузьдзіцу варта ўсё-ткі інакш — каб ігнараваны трындзёж не ператварыўся аднойчы ў бомбы і акупацыю. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік эмацыйна адгукаецца на чарговае выказваньне высокапастаўленага расейскага чыноўніка ў дачыненьні да нашае краіны.
Валера Руселік на мітынгу супраць расейскага ўварваньня ўва Ўкраіну (Варшава, люты-2022). Фота з архіву аўтара
У сваім чарговым інтэрвію пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў ужо каторы раз паўтарыў дурную казаную казку пра тое, што беларусы і расейцы — адзіннарот:
«Лічу, што пра расейцаў і беларусаў нельга гаварыць паасобку, у адрыве адзін ад аднаго. У гэтым сэнсе мы і ёсьць адзіны народ — аднолькава думаем, марым, спадзяёмся, жывём падобныя жыцьці, вядзём падобны лад жыцьця. Не лічу, што паміж нашымі народамі карэктна праводзіць водападзел і гаварыць пра адрозненьні як такія.
Расея — гэта шматнацыянальная краіна, гэта дом, у тым ліку і для беларусаў, соцень іншых народаў. У сваю чаргу, у Беларусі [у арыгінале — «Белоруссии» — заўв. аўт.] пражывае даволі шмат расейцаў.
Таму як можна гаварыць, што мы чымсьці адрозьніваемся? Тэзыс «Дзьве краіны — адна Айчына» як мага лепш фармуе разуменьне нашага адзінства, заснаванага на агульных гістарычных каранях, памяці, рэлігіі і працяглым сумесным пражываньні ў агульных межах».
Здавалася б, падумаеш, нейкі чарговы масковец паўтарыў даўно абрыдлую дурноту. Але ж гэта ўсё-ткі не шараговы абываталь з ватай у галаве, а цэлы замежны пасол у нашай краіне.
Як на цьвярозы клёк, дык пасьля падобных заяваў дыплямата варта было б выклікаць на дыван у міністэрства замежных справаў, выказаць ноту пратэсту й затым выгнаць паганай мятлой у кірунку парэбрыка.
Шыльда на браме пасольства Расеі ў няіснай «Республике Белоруссия». Фота Віктара Драчова
Ну, гэта калі нашая краіна — незалежная і самастойная, праўда? А калі не?
А калі не, то ўсялякія спробы адмовіць беларусам у самабытнасьці ня толькі не асуджаюцца, але й наадварот вітаюцца і ўсяляк падтрымліваюцца. Па ўсёй краіне як паганкі пасьля радыеактыўнага дажджу растуць дамы расеі й помнікі катам беларускага народу. Па інтэрнэт-палетках гойсае ашалелая беларусафобка-даносчыца Бондарава. Губазікаўцы і іншыя адбітыя вешаюць у сваіх кабінэтах партрэты Пуціна і расейскія сьцягі. І ўся гэтая хеўра паўтарае за сваім гаспадаром пра «белорусский язык — бедный язык», «Могилёв — больше русский город, чем белорусский» і «беларусы — это те же русские, только со знаком качества».
Урэшце, забараняюць словы «Жыве Беларусь!» і называюць экстрэмісцкім фармаваньнем арганізацыю, адзіная дзейнасьць якой — пашырэньне беларускае культуры і гісторыі.
Безнадзейныя.
Акцыя нацыянал-бальшавікоў у Менску (2008 г). На расьцяжцы сучасных расейскіх фашыстаў — надпіс «Два государства — один народ», які пасол РФ у нашай краіне Грызлоў называе найлепшым разуменьнем адзінства беларусаў і расейцаў. Фота: by-politics.livejournal.com
Вядома ж, тлумачыць гэткім усю розьніцу паміж беларусамі і расейцамі (ды пра што гаварыць — няхай паспрабуюць прачытаць хаця б гэты тэкст у арыгінале і ўцяміць, пра што тут вядзецца гаворка!) — бессэнсоўна. Не дапаможа ані пералік бясконцых войнаў паміж нашымі народамі, у якіх мы нязьменна адбіваліся ад іх нападаў і спробаў акупацыі, ані статыстыка пра розьніцу ў поглядах на самыя розныя пытаньні (ну камон, «ніколі зноў!» і «можем повторить!» — здагадайцеся з аднаго разу, што абіраюць беларусы, а што — расейцы), ані экскурсы ў культуру, традыцыі і г.д.
Урэшце, калі мы гэткія ачмурэнна братэрскія браты, то чаму ў Расеі няма аніводнае беларускамоўнае школы? А як жа ж братэрская роўнасьць і братэрская ўзаемапавага?Урэшце, калі мы гэткія ачмурэнна братэрскія браты, то чаму ў Расеі няма аніводнае беларускамоўнае школы? А як жа ж братэрская роўнасьць і братэрская ўзаемапавага?
Вунь, нават у далёкім Кітаі вывучаюць беларускую мову — без усялякага пры гэтым трызьненьня пра супольную гісторыю, агульныя каштоўнасьці і адзіннарот.
Зрэшты, можа таму і вывучаюць, бо ўважаюць нас за асобную краіну, за асобную нацыю?
Гэта ж толькі ў расейцаў — быць братамі, быць разам азначае быць... расейцамі. Жыць у гэткімсама гаўне, без каналізацыі і гарачай вады, бязь веданьня і замежных моваў, і сваёй уласнай, у адвечным коле ворагаў, якія нібыта нават у сьне мрояць пра тое, як бы гэта захапіць сьвятую Расею-матухну — з усімі яе абасцанымі пад’ездамі, іржавымі ядравымі боегалоўкамі, атручанымі рэкамі, здэградаваным і вечна п’яным і абдзяўбаным насельніцтвам. І, сьціскаючы брудны кулак з абгрызенымі пазногцямі, пагражаць усяму астатняму сьвету: маўляў, хто вам дазволіў жыць лепш, мы-та вам пакажам кузькіну маці!
Не, да гэтых у мяне пытаньняў дакладна няма. Марнаваць сваё жыцьцё, каб ачалавечыць запарэбрыкавых оркаў, я не зьбіраюся: часу на гэта шкада — лепш заняцца ўладкаваньнем свайго дому, сваёй сям’і, сваёй краіны (вось вам, дарэчы, яшчэ адна розьніца паміж беларусамі і расейцамі).
У мяне пытаньне да тых з вас, сябры, хто дагэтуль не перайшоў на родную мову. Як вы думаеце, шаноўныя, калі розныя грызловы цьвердзяць пра адзіннарот, каго яны маюць на ўвазе — мяне ці вас? І калі яны задумаюць чарговую вайнушку ў Беларусі, каго яны пойдуць «освобождать» — мяне ці вас?
Як вызначыць, што выпадковы мінак на вуліцы ёсьць беларусам? Гэта калі чуеш ад яго родную мову, праўда? Гэтак і з гэтымі грызловымі і іх трызьненьнем пра адзіннарот. Калі ты не расеец, дык і размаўляй не па-расейску.
Дык будзьма сабою, сябры. Будзьма беларусамі!
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org