Уладзімір Арлоў выступіў перад школьнікамі і педагогамі сярэдняй школы № 3 ў Івацэвічах Брэсцкай вобласці, наведаў Косава і Ружаны, памаліўся разам з івацэвіцкімі грэка-католікамі 22 кастрычніка.
Сустрэча ў сярэдняй школе № 3 атрымалася вельмі шчырай. Пісьменнік расказаў пра сябе, вучні і настаўнікі змаглі задаць яму пытанні, набыць кніжку. Дарэчы, на сустрэчы прэзентаваліся тры яго кнігі, сярод якіх і апошняя – кніга вершаў “Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся”. Акрамя таго, многія кнігі Уладзіміра Арлова выйшлі і на дысках у фармаце аўдыёкніг. На сустрэчу пісьменнік прывёз чатыры такія аўдыёкнігі, сярод якіх і славутая “Адкуль наш род” для школьнікаў.
Падчас сустрэчы пісьменнік арганізаваў нават імправізаваны конкурс на найлепшае пытанне, за які пераможцы, вучаніцы 9 класа сярэдняй школы № 3, была ўручаная кніга на яе выбар. Яе пытанне сапраўды ўразіла пісьменніка сваёй філасофскай глыбінёй. Дзяўчына запыталася, ці змяніліся, на думку пісьменніка, людзі за апошнія 100, 500, 1000 гадоў. Уладзімір Арлоў падкрэсліў, што гэта сапраўды вельмі цікавае пытанне. Пісьменнік сказаў, што сутнасць чалавечая не мяняецца тысячагоддзямі, толькі асяроддзе яго змяняецца пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Пыталіся дзеці ў Арлова і пра яго творы, і пра кур’ёзныя сітуацыі ў час вандровак і проста гутарылі пра жыццё.
Пры канцы сустрэчы Уладзімір Арлоў падзякаваў за цёплы прыём вучням, настаўнікам, адміністрацыі школы і пажадаў жыць сапраўднымі Беларусамі, любіць родную мову, шанаваць культуру і гісторыю.
Пасля сустрэчы пісьменнік наведаў славутасць нашай зямлі – Марачоўшчыну, заехаў у Ружаны да палаца Сапегаў, пасля чаго завітаў і да нашага выбітнага краязнаўца Аляксандра Зайкі ў в. Заполле, якому падараваў сваю кнігу.
Ужо ўвечары сустрэўся і памаліўся з вернікамі Івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі іконы Маці Божай Жыровіцкай, якой таксама падараваў свае кнігі.
– Я нарадзіўся ў найстаражытнейшым беларускім горадзе Полацку ў год Змяі паводле ўсходняга календара і ў год смерці Сталіна паводле календара савецкага (1953 г.) – апавядае пра сябе Уладзімір Арлоў.
Дэбютны празаічны зборнік “Добры дзень, мая шыпшына” выдаў у 1986 годзе, пасля выйшлі яшчэ “Таямніцы полацкай гісторыі”, “Адкуль наш род”, “Ордэн Белай Мышы”, “Час чумы”, “Каханак яе вялікасці”, “Сланы Ганібала”, “Краіна Беларусь”…
Уладзімір Арлоў – лаўрэат некалькіх літаратурных прэміяў, у тым ліку выдавецкай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру, прэміі “Гліняны Вялес” Таварыства вольных літаратараў. У 1990 годзе ўзнагароджаны медалём імя Францішка Скарыны.
Яго творчасць прасякнутая духам велічнасці, еўрапейскасці беларускай гісторыі. Многія яго творы (можна сказаць, большасць) – апавяданні на гістарычную тэматыку. Гэта менавіта яго кнігі адкрылі беларусам многіх вялікіх дзеячаў беларускай гісторыі. Уладзімір Арлоў апавядаў, што калі ён вучыўся на гістарычным факультэце ў савецкія часы, то Ефрасінню Полацкую ўзгадвалі толькі як “мракобеску, которая курила опиум для народа”… Сёння ж Святая Ефрасіння – заступніца Беларусі на нябёсах, Асветніца нашай краіны, і ні ў кога язык не павернецца назваць яе так, як называлі яе калісьці камуністычныя гісторыкі-прапагандысты.
У гісторыі, як сцвярджае Арлоў, дзейнічалі не толькі безаблічныя шэрыя масы, але вялікія дзяржаўныя дзеячы, авантурысты, мецэнаты, паўстанцы. І гісторыя кожнага народа павінна паказваць людзям сапраўдны прыклад нацыянальнай годнасці і быць важным фактарам умацавання самасвядомасці.
Творчая сустрэча адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”