Журы літаратурнай прэміі «Дэбют» назвала імёны намінантаў. У шорт-ліст увайшло 10 аўтараў

Мінуў месяц, як скончыўся прыём заявак на літаратурную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Журы пачало працу і ўжо зацвердзіла поўны спіс намінантаў.


У сёлетнім конкурсе ўдзельнічаюць дэбютныя мастацкія кнігі, напісаныя ці перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным варыянце ў 2021 і 2022 гадах ці ў 2020 годзе, калі яны не бралі ўдзелу ў прэміі ў 2021 годзе.

052cf0d2955-833x400.jpg

У 2023 годзе прэмія будзе ўручана найлепшым дэбютным кнігам, якія былі выдадзены ў папярэднія два гады ў трох намінацыях:

Намінацыя «Паэзія»

1. Аксана Гаджыў. «Канец цытаты». − Выдавецтва «Логвінаў», Вільня, 2022.

2. Зміцер Крэс «Вялесава племя». − Выдавецтва «Логвінаў», Вільня, 2021.

Намінацыя «Проза»

1. Канстанцін Касяк. «Самаізаляцыя». − Выдавецтва «Камунікат» (электроннае выданне), 2022.

2. Цімур Кудзеліч. «Як». Выдавецтва «Логвінаў», Вільня, 2022.

3. Таццяна Карытка. «Чаму ўсё так?». − Выдавецтва «Кнігазбор», 2020

4. Антось Уласенка. «Новая зямля: Куканія». − «Издательские решения», 2021.

5. Аляксандр Хацкевіч. «Замак на ўзгорку». − Выдавецтва «Галіяфы», Мінск, 2021.

Намінацыя «Мастацкі пераклад»

1. Алена Карп. Пераклад з французскай мовы кнігі Маржан Сатрапі «Персеполіс». − Выдавецтва «Янушкевіч» («Пфляўмбаўм»), Мінск, 2022.

2. Яўген Папакуль. Пераклад са старажытнаісландскай мовы «Эды Сноры Стурлусана». − Выдавецтва «Галіяфы», Мінск, 2021.

3. Андрэй Строцаў. Пераклад з англійскай мовы кнігі Клайва Стэйплза Льюіса.«Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян». − Выдавецтва «Пазітыў-цэнтр», Мінск, 2022.

Debiut.jpg

А суддзі хто?

Сёлета ў журы прэміі ўвайшлі: літаратуразнаўца Ульяна Верына; пісьменніца Святлана Курс; паэт і перакладчык Уладзімір Лянкевіч; паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры Андрэй Хадановіч; паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева.

З гісторыі

Прэмія «Дэбют» мае цікавую і даволі доўгую гісторыю. Яна была заснаваная ў 2010 годзе пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза беларускіх пісьменнікаў і дабрачыннага Фонду «Вяртанне». У розныя гады гэтую ўзнагароду атрымлівалі Віткар Марціновіч, Ганна Янкута, Андрусь Горват, Юля Цімафеева, Віталь Рыжкоў і іншыя беларускія аўтары.

У гэтым годзе суарганізатарамі прэміі выступаюць Bellvory Stiftung (Switzerland), Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Чытаць яшчэ: Кніга беларускай паэткі Юлі Цімафеевай трапіла ў шорт-ліст амерыканскай паэтычнай прэміі Дэрэка Уолката